Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шматпавярховік у гістарычным цэнтры – узор нецывілізаванасьці”


Цягам тыдня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Уладзімерам Папругам пра тое, як і што губляе беларуская сталіца.


Папруга: “У гістарычным цэнтры Менску практычна немагчыма вылучыць найбольш небясьпечныя пэрыяды і аб’екты, калі ацэньваць сытуацыю ад 1944 году. Але найбольш агрэсіўныя і небясьпечныя працэсы разгарнуліся менавіта пасьля 2000-га году. Пра першы аб’ект, пасаджаны на Нямізе і будаўніцтва якога яшчэ працягваецца мы гаварылі ў мінулай перадачы”.

Уліцёнак: “Нагадаю нашым слухачам – гэта так званая транспартная паркоўка насупраць Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. Ну а што сталася працягам той нібыта рэканструкцыі?”
Гэта парушэньне ўсяго таго, што ва ўсіх іншых краінах называецца цывілізаваным абыходжаньнем з гісторыка-культурнай спадчынай

Папруга: “Усьлед ідзе падобны ж рынкавы комплекс, які плянуецца збудаваць паміж вуліцамі Камсамольскай і Гарадзкі вал. Ён падамне пад сабой ўсю гістарычную пляніровачную структуру гэтага кварталу і неверагодна ўскладніць у будучым рэгенэрацыю гэтай часткі гістарычнага цэнтру”.

Уліцёнак: “Прайшла інфармацыя, што прыблізна ў тым самым раёне пачнецца яшчэ больш “цікавейшае” будаўніцтва…”

Папруга: “Трэці аб’ект, які таксама ідзе на стык зь першым, зьяўляецца плянаванае будаўніцтва бізнэс-цэнтру ўнутры дваравой прасторы на рагу вуліц Інтэрнацыянальная і Гарадзкі вал”.

Уліцёнак: “А ў чым канкрэтна небясьпека гэтага навабуду?”

Папруга: “Там плянуецца шматпавярховае офіснае збудаваньне на 9-13 паверхаў, якое практычна закрые ўсе відавыя кропкі, што на сёньняшні дзень яшчэ існуюць вось з гэтай вядомай горкі ад Пішчалаўскага замку на гістарычны цэнтар Менску, ад помніка Міцкевічу, ад гэтага сквэру, які спантанна ўтварыўся па другі бок вуліцы Гарадзкі вал – усе відавыя кропкі будуць папросту замкнутыя.

Да таго ж гэта стане першым узорам шматпавярховага будаўніцтва не ў непасрэднай блізасьці да гістарычнага цэнтру, а непасрэдна ў ім. А гэта ўжо ня проста неадпаведнасьць, а – парушэньне ўсяго таго, што ва ўсіх іншых краінах называецца цывілізаваным абыходжаньнем з гісторыка-культурнай спадчынай”.

Уладзімер Папруга – архітэктар. З 1983 па 1996 год працаваў у “Белдзяржпраекце”. Навучаўся ў Рымскім міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Пазьней стажыраваўся ў Вэнэцыі. Выступаў запрошаны лектарам на тэму гісторыка-культурнай спадчыны Менску на міжнародным кангрэсе ICOMOS (Канада). Чатыры гады займаўся рэстаўрацыяй шэрагу аб’ектаў Польшчы.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG