Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар -- Алесь Астроўскі


Ён вядомы грамадзкі дзеяч, прафэсар. Яму 51 год. Жанаты, мае пяцёра дзяцей. Спадар Астроўскі карэнны гарадзенец.


У 1980 годзе з адзнакай скончыў Гродзенскі мэдыцынскі інстытут і з таго часу працуе там жа на катэдры мэдыцынскай біялёгіі й агульнай генэтыкі. З 1993 – доктар мэдыцынскіх навук.

З 1986 году актыўна займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Удзельнічаў у шэрагу палітычных кампаній. Да 2004 году – сябра БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ. На яе перадапошнім справаздачна-выбарчым сходзе ў канцы 2003 году вылучаўся альтэрнатывай Вінцуку Вячорку на ролю лідэра арганізацыі і набраў 27 працэнтаў галасоў. На знак нязгоды з палітыкай кіраўніцтва партыі неўзабаве пакінуў яе шэрагі.

Прафэсар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадзка-палітычнай сытуацыі.

Вось некалькі ўрыўкаў зь ягонага інтэрвію “Свабодзе”:

“… 27 гадоў працую ва ўнівэрсытэце, і ўвесь час ва ўмовах прэсінгу. Ва ўмовах дыскрымінацыі. Мяркую, што я не адзіны такі беларус.

… Дысыдэнт – гэта чалавек, які нязгодны з пэўным рэжымам, падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, які выказвае нязгоду, але ў адрозьненьне ад палітыкаў, апазыцыянэраў, – у асноўным у пасіўнай форме. Наколькі я ведаю, лёзунг дысыдэнтаў – “Ня браць удзелу ў зле”. Гэта самае мінімальнае, што ты заўсёды можаш зрабіць, калі ў цябе няма іншых магчымасьцяў.

… Да рэфэрэндуму я з расейскамоўнымі гаварыў па-расейску, зь беларускамоўнымі – па-беларуску. Але ў 1995-м падумаў, што калі ня будзем мець пэўнай пазыцыі, нічога ня выйдзе. І стаў весьці заняткі, чытаць лекцыі, весьці навуковую працу па-беларуску. Што цікава – студэнты ня супраць.

… Па мне Бог – сыстэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, якія знаходзяцца ўнутры нашага сьвету, нашай рэчаіснасьці. Вось я веру ў такога Бога – сыстэму аб’ектыўных заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць прагрэсіўнае разьвіцьцё сьвету”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG