Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры Абаму можа замацавацца крыху іншы парадак сьвету”


Барак Абама
Барак Абама
Ці не занадта завышаныя чаканьні мае Эўропа наконт прэзыдэнцтва Барака Абамы? Ці могуць ажыцьцявіцца радыкальныя зьмены ў замежнай палітыцы Злучаных Штатаў? Ці можа зьмяніцца палітыка ЗША ў дачыненьні да Расеі? Ці існуе ў Вашынгтоне кансэнсус наконт стаўленьня да гэтай краіны? На пытаньні адказваюць дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш і галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Шмат хто зараз адзначае, што яшчэ падчас выбарчай кампаніі ў ЗША Эўропу ахапіла “абамаманія”. Эўрапейская грамадзкасьць спадзяецца, што Бараку Абаму ўдасца ўлагодзіць тыя нелады, што назіраліся апошнімі гадамі ў адносінах паміж Эўропай і ЗША. Наколькі слушныя гэтыя досыць высокія чаканьні? Што можа зрабіць Абама, каб вывесьці міжатлянтычныя адносіны на новы ўзровень?”


Найперш Абама будзе думаць пра ўнутрыамэрыканскія праблемы

Кароль: “Традыцыйна кожны прэзыдэнт ЗША мусіць арыентавацца на чаканьні ўласных выбарнікаў, а ня зьнешняга сьвету. Асабліва цяпер, калі ёсьць праблемы, якія балюча стаяць перад амэрыканскім грамадзтвам і якія Абама абяцаў вырашыць. У першую чаргу гэта фінансавы крызіс і вывад войскаў з Іраку. Гэта застанецца прыярытэтам.

Іншая рэч, што новы прэзыдэнт вымушаны будзе зьвярнуць увагу на Эўропу. Але мне падаецца, што на гэтым кірунку радыкальных пераменаў не чакаецца. Пазыцыя ЗША вызначаная ў рамках эўраатлянтычнага альянсу, але з пэўнымі акцэнтамі на свае ўласныя інтарэсы і асаблівасьці.

Адна з гэтых асаблівасьцяў — стаўленьне да Расеі. З аднаго боку, тут больш-менш нармальныя і прыязныя адносіны, зь іншага — імкненьне не дапусьціць, каб Расея заняла месца СССР у геапалітычным раскладзе сілаў.

Цыганкоў: “Ірак і, магчыма, Іран — якраз тыя пытаньні, якія падзялялі ЗША і значную частку Эўропы. Калі зараз Барак Абама пачне выводзіць войскі з Іраку, значыць — можа настаць новы “мядовы месяц” у адносінах ЗША і Эўразьвязу?”

Аляксей Кароль
Кароль: “Па-першае, вельмі складана адкруціць машыну назад і пачаць выводзіць войскі. Тут патрэбна рашэньне ня толькі прэзыдэнта, але і Кангрэсу. Так што ў адну сэкунду гэтую праблему ня вырашыш.

Па-другое, зараз Абама перш за ўсё мусіць даць адказ на пажаданьні амэрыканскіх выбарцаў наконт вырашэньня ўнутраных праблемаў. Ягоная пераканаўчая перамога — гэта адказ на чаканьні амэрыканцаў, каб крызіс спыніўся”.

Цыганкоў: “Які калідор магчымасьцяў мае Барак Абама на эўрапейскім кірунку? Наколькі ў яго тут разьвязаныя рукі?”

Коктыш: “Можна сказаць, што “мядовы месяц” Абамы і Эўропы ўжо пачаўся. Барак Абама прыйшоў пад лёзунгамі абнаўленьня і інавацыяў, і гэта азначае даволі істотныя зьмены ва ўнутраных і зьнешнепалітычных канструкцыях ЗША.

Для самога Абамы міжнародныя адносіны — пакуль нешта новае, ён імі амаль не займаўся. Але, наколькі можна меркаваць, ён мае даволі прафэсійных дарадцаў, якія добра ведаюць і Эўропу, і Расею і зыходзяць з тых канцэпцыяў, якія значна адрозьніваюцца ад таго, з чаго зыходзіў Джордж Буш. Мяркую, што палітыка ЗША будзе нашмат цьверазейшая”.

Цыганкоў: “Аналітыкі звыкла кажуць пра пераемнасьць зьнешняй палітыкі ЗША, але калі паглядзець на зьнешнюю палітыку Вашынгтону, напрыклад, часоў Рэйгана, Клінтана і Буша, то можна адзначыць даволі сур’ёзныя адрозьненьні. Як Абама можа падыйсьці да ірацкай ды іншых міжнародных праблемаў?”


“Пры Абаму Амэрыка пачне дзяліцца паўнамоцтвамі”

Кірыл Коктыш
Коктыш: “Амэрыканскія войскі з Іраку будуць выведзеныя, магчыма, нават за першы тэрмін прэзыдэнцтва Абамы.

Але зараз у міжнародных адносінах найперш будуць вырашацца наступныя праблемы: ЗША пры Абаму зразумеюць, што час аднапалярнасьці мінуў і Амэрыка мусіць дзяліцца паўнамоцтвамі. Гэта азначае, што будзе рэформа ААН і пераўтварэньне гэтай структуры ў больш істотную арганізацыю. Гэта будзе рэформа іншых інстытутаў міжнародных адносінаў. Абама будзе прэзыдэнтам, пры якім можа трывала замацавацца крыху іншы парадак сьвету.

Вядома ж, пытаньні Іраку, Аўганістану будуць істотнымі, але яны будуць другаснымі. Пры новым падыходзе ЗША адказнасьць за рашэньне гэтых пытаньняў, як мне здаецца, з большай гатоўнасьцю будзе браць і Эўропа”.

Цыганкоў: “Я б тут паспрачаўся. Здаецца, Эўропа не жадае плаціць лішнія выдаткі на абарону. Яны з задавальненьнем жывуць у сваім дабрабыце, сацыяльным грамадзтве, а Вашынгтону аддаюць стратэгічныя гарантыі сваёй абароназдольнасьці. Амэрыка мае такія вялікія выдаткі на абарону яшчэ і таму, што Эўропа не жадае браць на сябе такі цяжар, ці ня так?”

Коктыш: “Ня толькі таму. Яшчэ і таму, што Эўропа купляе тэхніку і зброю амэрыканскай вытворчасьці. Набываючы яе, Эўропа датуе амэрыканскую прамысловасьць. Калі будзе разьмежаваньне паўнамоцтваў паміж ЗША, Эўропай, Расеяй, Кітаем, Індыяй, то гэта будзе крыху іншая канструкцыя сьвету і іншы падыход да вырашэньня праблемаў.

Сапраўды, Абама можа стаць сымбалем пераменаў, якія будуць мець глябальны характар. Гэтыя перамены так ці іначай адбыліся б, але пры Маккейну яны адбыліся б праз злом сыстэмы, калі б празь нейкі час высьветлілася б, што ЗША ня могуць кантраляваць усяго, і гэта будзе мець абвальны характар. Калі пры Абаму будзе пэўнае асэнсаваньне неабходнасьці калегіяльнага міжнароднага падыходу, то мы будзем мець на выхадзе больш трывалую сусьветную канструкцыю”.


“Захаваецца канкурэнцыя паміж Расеяй і ЗША за Эўропу”

Цыганкоў: “Чаго можа чакаць Расея ад новага прэзыдэнта ЗША? Магчыма, пры Маккейну расейскаму палітычнаму істэблішмэнту было б даволі проста: “ЗША — супернік, усё зразумела, халодная вайна апошніх гадоў працягваецца”. Магчыма, пры Абаму абодвум бакам давядзецца шукаць нейкія новыя падыходы. У якім рэчышчы могуць быць перамены ў гэтай сфэры?”

Кароль: “Напачатку скажу, што развод паміж ЗША і Эўропай немагчымы. У свой час, калі СССР пайшоў на кантакт з Захадам пры Гарбачову, акурат гэта было вызначана і эканамічнымі меркаваньнямі. Тады савецкую нафту перастала купляць Эўропа, бо такую ўмову вызначыла Амэрыка. І Эўропа выбрала ЗША, а не СССР.

Так што адносіны ЗША і Расеі будуць будавацца, найхутчэй, на эканамічным прагматызьме — гэта раз. А другое — ЗША будуць імкнуцца зрабіць так, каб сьвет зноў не адкаціўся да супрацьстаяньня ў двухпалярным сьвеце, дзе Расея імкнецца заняць месца СССР”.

Коктыш: “У кароткачасовай пэрспэктыве ніякіх кардынальных зьменаў у адносінах Масквы і Вашынгтона не адбудзецца. Захаваецца канкурэнцыя паміж Расеяй і ЗША за Эўропу. Канкурэнцыя будзе ў тым, чый бэнзін, чыё паліва будзе залівацца ў бак эўрапейскай прамысловасьці. Альбо расейскае паліва будзе залівацца ў бэнзабак кітайскай прамысловасьці?

Таму адносіны ЗША і Расеі ня могуць кардынальна палепшыцца альбо пагоршыцца, тут існуе моцная канкурэнцыя і адначасова ўзаемазалежнасьць. Натуральна, для расейскага палітычнага клясу Абама — “цяжэйшы” варыянт, які трэба раскусваць. Бо Маккейн — гэта было б перажоўваньне схемаў часоў халоднай вайны. На шчасьце, гэтага ня здарылася”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG