Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка спрабуе аддзячыць”


Ігар Лялькоў
Ігар Лялькоў

Найбліжэйшым часам кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка плянуе наведаць Рым і Ватыкан зь візытам, падчас якога сустрэнецца з папам рымскім Бэнэдыктам XVI. Дэталі візыту ўзгадняюцца.


Нагадаем, у чэрвені мінулага году падчас знаходжаньня ў Менску дзяржсакратара Ватыкану, кардынала Тарчызіё Бэртонэ А.Лукашэнка запрасіў папу Бэнэдыкта XVI наведаць зь візытам Беларусь. Таксама было дамоўлена падрыхтаваць да падпісаньня пагадненьне пра супрацоўніцтва каталіцкай царквы зь Беларусьсю. Чым абумоўленая плянаваная сустрэча А.Лукашэнкі з папам рымскім? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Ігарам Ляльковым.

Дашчынскі: Чаму пасьля падаўжэньня мараторыя на візавыя санкцыі Лукашэнка абраў менавіта Рым і Ватыкан для свайго першага значнага візыту ў Эўропу? Гэта ўсё ж такі не гарналыжны курорт...Чаму ён плянуе сустрэцца з папам?

Лялькоў: Лукашэнка шукае для сябе пэўнае новае месца ў сьвеце і, здаецца, у яго гэта не кепска атрымліваецца менавіта на глебе такога міжканфэсійнага дыялёгу, дзе ён спрабуе быць пасярэднікам паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. У прынцыпе, для кіраўніка Беларусі, краіны, дзе гістарычна каталіцызм і праваслаўе былі рэлігіямі, якія суіснавалі разам, гэта выглядае нармальна. Крыху камічна, канечне, выглядае фігура менавіта Аляксандра Лукашэнкі ў гэтай ролі. Але, здаецца, што нешта ў яго ў гэтым кірунку атрымліваецца. Калі згадаць, што пасьля сустрэчы з патрыярхам маскоўскім, практычна, праз некалькі дзён адбываецца сустрэча ў Менску з арцыбіскупам Кандрусевічам, і зараз гэты меркаваны візыт у Ватыкан – я думаю, што нешта адбываецца менавіта на гэтай глебе. Лукашэнка спрабуе іграць ролю пасярэдніка паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.

Калі вынікам стане сустрэча папы з патрыярхам маскоўскім, то гэта якраз будзе дэманстрацыя таго. што дыялёг з Эўропай ідзе як бы з улікам пазыцый Масквы і тое, што гэта ня ёсьць крок у бок ад Масквы. Прынамсі вонкава гэта будзе так выглядаць”.

Дашчынскі: Нагадаю, што гадоў дзесяць таму была фактычна дасягнутая дамоўленасьць пра візыт папы Яна Паўла ІІ у Беларусь. Кажуць, што нават быў зроблены спэцыяльны ліфт у рэзыдэнцыі кіраўніка каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. І цяпер папа Бэнэдыкт XVI прыняў запрашэньне, але дата візыту пакуль невядомая. Хаця вядома, што ў верасьні Беларусь наведае маскоўскі патрыярх Кірыл.

Лялькоў: Я думаю, што тут ёсьць больш глябальная ідэя – арганізаваць менавіта сустрэчу папы з патрыярхам менавіта ў Беларусі, каб пазначыць Беларусь як цэнтар гэтага экумэнічнага дыялёгу. Таму частка апошняй размовы Лукашэнкі з патрыярхам Кірылам была прысьвечана таму, каб арганізаваць такую сустрэчу.

Але папа можа прыехаць і без гэтай магчымай сустрэчы з патрыярхам. Гэта абсалютна магчыма ўлічваючы вялікую колькасьць каталікоў у Беларусі, і тое, што ніводзін папа тут яшчэ ніколі не быў. І яшчэ адзін нюанс, наколькі Ватыкан важны для Беларусі, гэта тое, што адзіны амбасадар, які мае статус намесьніка міністра замежных спраў – гэта менавіта амбасадар у Ватыкане”.

Дашчынскі: Нарэшце, на 15-м годзе свайго прэзыдэнцтва А.Лукашэнка мае намер даехаць да Ватыкану, каб сустрэцца з папам. Магчыма, адбываюцца ў ім нейкія перамены, бо раней ён называў сябе “праваслаўным атэістам”...

Лялькоў: А цяпер ён будзе экумэнічным атэістам?! Для Лукашэнкі ўсё гэта – палітыка. Я думаю, пэўныя зрухі ў бок лепшых стасункаў з каталіцкай царквой былі зьвязаныя з тым, што, магчыма, каталіцкі касьцёл аказваў Лукашэнку пэўныя паслугі ў тым, каб наладзіць дыялёг з Эўропай. Мы памятаем, што першы візыт эўрапейскага чыноўніка высокага рангу ў Беларусь гэта быў візыт дзяржаўнага сакратара Ватыкану. У прынцыпе, з гэтага ўсё пачалося. Таму тут ёсьць пэўныя інтарэсы каталіцкай царквы ў Беларусі, то бок далейшага яе пашырэньня. І ёсьць пэўныя інтарэсы Лукашэнкі ў дыялёгу з Эўропай. І не выключана, што менавіта Ватыкан быў такім першым пасярэднікам у дыялёгу паміж Лукашэнкам і Эўропай. І зараз Лукашэнка спрабуе аддзячыць, як бы згуляць ролю пасярэдніка ў дыялёгу Ватыкана з Маскоўскім патрыярхатам. Гэта абсалютна палітычныя мэты: паказаць, што Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі мае сваё пэўнае вельмі сур’ёзнае месца ў сьвеце і да яе адпаведна трэба і ставіцца. Калі гэта атрымаецца, калі сустрэча папы і патрыярха ў Беларусі адбудзецца, то гэта высуне Беларусь на пэўны час на першыя старонкі ўсясьветнай прэсы. Будзе абазначана пэўная роля Беларусі ў сьвеце і яна тут будзе пазытыўная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG