Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд Партыі БНФ і перафарматаваньне беларускай апазыцыі


Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

Леў Марголін
Ігар Лялькоў
Валер Карбалевіч


Які лёс чакае кааліцыю АДС


Валер Карбалевіч: “Новае кіраўніцтва Партыі БНФ заявіла, што партыя будзе дыстанцыявацца ад кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і хоча стварыць новы саюз з арганізацый, якія блізкія БНФ па ідэалёгіі, якія аб’яднаюцца на глебе нацыянальнай ідэі, эўрапейскіх каштоўнасьцей. Акрамя Партыі БНФ, туды могуць увайсьці рух “За свабоду” на чале зь Мілінкевічам, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, “Малады фронт” і іншыя арганізацыі. Можна сказаць, што фармуецца правы блёк, які пойдзе на выбары, падтрымліваючы ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча.

Такая пазыцыя азначае сур’ёзнае перафарматаваньне апазыцыйных сілаў. Першае пытаньне, якое ўзьнікае: што будзе з кааліцыяй АДС? Яна зьнікне, загінуўшы сьмерцю храбрых? Ці зьменіцца яе фармат? Яна перастане быць палітычнай кааліцыяй, а ператворыцца ў пляцоўку для перамоваў?“

Ігар Лялькоў: “АДС даўно перастаў быць палітычным блёкам ці кааліцыяй у клясычным сэнсе гэтага слова. Дзеля гэтага патрэбна адзіная мэта, стратэгія, каардынацыя дзеяньняў. Элемэнты гэтага можна было назіраць хіба што толькі падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Цяпер адзінай палітычнай мэты няма. Таму АДС уяўляе сабой мэханізм кансультацый. Як дыскусійны і кансультацыйны клюб мы яго і прызнаем. Таму мы не заяўляем пра выхад з АДС, а толькі пра зьніжэньне свайго прадстаўніцтва ў яго органах.

Мы гатовыя ўдзельнічаць у вырашэньні канкрэтных задач. Вось, напрыклад, мы гатовыя браць удзел у кампаніі па зьменах выбарчага заканадаўства”.

Ці можа задача барацьбы з дыктатурай аб’яднаць апазыцыю?


Карбалевіч: “А вось такую мэту, як дэмантаж дыктатарскага рэжыму, вы лічыце неактуальнай для аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў у рамках АДС, сп. Лялькоў?”

Лялькоў: “Гэта дастаткова абстрактная мэта. Пасьля 2006 году АДС разьдзяліўся на фракцыі, загруз у бясконцых бюракратычных працэдурах”.

Леў Марголін: “Думаю, АДС былі, ёсьць і будуць. Калі сп. Лялькоў лічыць, што барацьба з дыктатурай ня ёсьць канкрэтнай мэтай для АДС, то гэта яго асабістая думка. Мы лічым па-іншаму. АДС — гэта і “Антыкрызісная плятформа”, і змаганьне за дэмакратыю, і агульная стратэгія.

Я, можа, няправільна зразумеў пазыцыю новага кіраўніцтва Партыі БНФ, але мне здалося, што яно зьбіраецца да 2015 году пашыраць свой уплыў, і толькі праз шэсьць гадоў змагацца за ўладу.
Я, можа, няправільна зразумеў пазыцыю новага кіраўніцтва Партыі БНФ, але мне здалося, што яно зьбіраецца да 2015 году пашыраць свой уплыў, і толькі праз шэсьць гадоў змагацца за ўладу. Яны хлопцы маладыя. Але мы так доўга чакаць ня можам”.

Карбалевіч: “Сп. Марголін, ці правільна я зразумеў, што вы верыце, што АДС можа працягваць існаваць у ранейшым фармаце і адыграць значную ролю падчас выбарчай кампаніі?”

Марголін: “Так”.

Ці будзе ў апазыцыі адзіны кандыдат?


Карбалевіч: “Вядома, што ў рамках АДС была створаная камісія па выпрацоўцы працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата. Што цяпер будзе з гэтай ідэяй? Яна страціла сваю актуальнасьць? Адзінага кандыдата ня будзе?”

Марголін: “Думаю, што гэтая ідэя ня страціла сваёй актуальнасьці, калі ў гэтай працэдуры пагодзяцца прымаць удзел хаця б два чалавекі, якія не пабаяцца апэляваць да народу. Напрыклад, Калякін і Лябедзька.

Вось Мілінкевіч, выступаючы на зьезьдзе Партыі БНФ, задаў пытаньне: ці падтрымаеце вы адзінага кандыдата, які будзе выступаць за саюз з Расеяй, увядзеньне адзінага рубля? У мяне, у сваю чаргу, узьнікае пытаньне: няўжо ўвесь правы блёк, які стварае рух “За свабоду”, баіцца аднаго Калякіна, не адважваецца сустрэцца зь ім на адной пляцоўцы, прайсьці працэдуру вылучэньня адзінага кандыдата?“

Карбалевіч: “Але ці можна будзе абвясьціць пераможцу ў гэтым конкурсе адзіным кандыдатам ад усіх дэмакратычных сілаў?”

Марголін: “Калі будзе створаны правы блёк пад кіраўніцтвам руху „За свабоду“, які падтрымае Мілінкевіча, то ў апазыцыі напэўна будзе два кандыдаты. Больш чым два кандыдаты сабраць 100 тысяч подпісаў ня змогуць”.

Карбалевіч: “З вашых словаў, сп. Марголін, вынікае, што вы самі ня верыце ў вылучэньне менавіта адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў”.

Марголін: “Якраз веру. Канчатковую выснову можна будзе зрабіць толькі ў канцы гэтага году”.

Ці трэба ўдзельнічаць у выбарах?


Лялькоў: “
На гэтых выбарах адзінага кандыдата ня будзе.
Тэарэтычна вылучэньне адзінага кандыдата ад усіх дэмакратычных сілаў было б ідэальным. Але калі весьці гаворку пра канкрэтную сёньняшнюю сытуацыю, то можна сказаць, што на гэтых выбарах адзінага кандыдата ня будзе. Пра гэта сьведчыць вылучэньне Статкевіча ад Эўрапейскай кааліцыі. У любым выпадку зьбіраецца ісьці на выбары лідэр Партыі камуністаў Беларускай Калякін, нават калі і не пераможа на праймэрыз АДС.

Увогуле, што тычыцца гэтай працэдуры праймэрыз. Да якіх выбарцаў зьбіраюцца апэляваць Калякін і Лябедзька? Гэта паўтор альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году ў выглядзе фарсу. Таму што ніякіх выбарчых камісіяў пад кантролем грамадзтва, да якіх пойдуць людзі галасаваць, ня будзе. Ніякага рэальнага ўплыву на грамадзтва гэта ня зробіць.

Што тычыцца выбараў, то яшчэ ніводная структура, якая можа ўвайсьці ў нацыянальна-дэмакратычную кааліцыю, пакуль не заявіла пра свой удзел у іх. У Партыі БНФ шмат людзей, які лічаць, што пакуль ня будзе дэмакратызавана выбарчае заканадаўства, то ўдзельнічаць у выбарах ня мае сэнсу”.

Карбалевіч: “Вы кажаце, што на гэтых выбарах адзінага кандыдата ня будзе. Усё залежыць ад палітычнай волі. У 2001, 2006 гадах была палітычная воля, і адзіныя кандыдаты зьявіліся.

Што тычыцца ўдзелу ў выбарах. Крызіс — найбольш спрыяльны момант для апазыцыі. Калі не перамагаць падчас крызісу, то калі ж перамагаць? Ці вы разьлічваеце, што Лукашэнка сам створыць для вас спрыяльныя, цяплічныя ўмовы, прыме дэмакратычнае заканадаўства?“

Лялькоў: “Дзеля змаганьня за ўладу трэба атрымаць падтрымку большасьці грамадзян. Толькі ў такім выпадку можна перамагаць пры любым выбарчым заканадаўстве, любым ціску ўлады. Менавіта такую задачу ставіць новае кіраўніцтва Партыі БНФ. Гэтым мы і зьбіраемся займацца, не прывязваючыся да выбарчых цыклаў”.

Якія пэрспэктывы перад новай кааліцыяй нацыянальна-дэмакратычных сілаў?


Карбалевіч: “Вось у працяг гэтай думкі. Давайце пагаворым пра гэтую новую кааліцыю. Якія ў яе пэрспэктывы на выбарах? Ці можа кааліцыя, пабудаваная на глебе нацыянальнай і эўрапейскай ідэі, перамагчы на выбарах, заваяваць большасьць насельніцтва? Або задача перамогі на выбарах увогуле не стаіць?”

Лялькоў: “Гэтая кааліцыя найперш павінна быць пабудаваная на ідэі незалежнасьці і беларускасьці.
Сёньня пад лёзунгам “Беларусь без Лукашэнкі” можна аб’яднаць большасьць насельніцтва.
Апошнім часам у грамадзтве растуць незалежніцкія настроі. Таму ў новай кааліцыі ёсьць патэнцыяльная электаральная база для перамогі”.

Карбалевіч: “Сп. Марголін, можа, і АГП варта далучыцца да гэтай нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі?”

Марголін: “Як я зразумеў з выказваньняў сп. Лялькова, гэтая будучая нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя на гэты крызіс не разьлічвае. Таму нам, хутчэй за ўсё, на гэтых выбарах давядзецца змагацца адным.

Перамагчы дыктатуру можна, толькі аб’ядноўваючы ўсіх незадаволеных людзей. Сёньня пад лёзунгам “Беларусь без Лукашэнкі” можна аб’яднаць большасьць насельніцтва. А для гэтага трэба мець адзінага кандыдата”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG