Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Вера Кандраль (Лазоўская)


Вера Кандраль. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.
Вера Кандраль. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.

30 гадоў назад, калі Вера Лазоўская прыйшла ў Беларускую Майстроўню, усё, што яна там пабачыла й пачула, здалося ёй іншай рэальнасьцю. У адрозьненьне ад школы, інстытуту і ўсяго жыцьця па-за Майстроўняй, тут маладыя людзі, раўналеткі Веры, гаварылі па-беларуску і пра тое, пра што не гаварылася больш нідзе, а галоўнае – яны сьпявалі. І вочы ў іх сьвяціліся натхнёна. Вера яшчэ ня ведала, што “іншая рэальнасьць” на толькі для яе, але і для ўсіх майстроўцаў была цудам, які захоплівае тваю натуру, бо сыходзіць не адкульсьці звонку, а зь цябе самога, зь лёгікі тваіх развагаў, зь дзіцячых успамінаў, зь генэтычнае памяці.



УРОКІ СЬПЕВАЎ


Беларуская мова ў школе была падчаркай і за савецкім часам. Гэта самы відавочны індыкатар дэнацыяналізацыі, ператварэньня народа ў насельніцтва. Няма мовы ў школе – няма й нацыянальнага ўзгадаваньня беларусаў.

Беларуская гісторыя падавалася то так, то гэтак, то ў крыху большым, то ў крыху меншым аб’ёме. У настаўніка прынамсі быў шанец з уласнай ініцыятывы расказаць дзецям пра славу ВКЛ, мэты паўстаньня Каліноўскага і кніжкі Караткевіча. Але сама па сабе праграма гэтага не прадугледжвала. І гэта -- другі індыкатар дэнацыяналізацыі.
Урокі сьпеваў у школе пачалі масава адмяняць толькі ў апошнія гады.

Урокі сьпеваў у школе пачалі масава адмяняць толькі ў апошнія гады. Ніхто быццам нічога й не заўважыў. Бо гэты індыкатар самы невідавочны, ён паказвае, што адбываецца ў генэтычнай памяці людзей. Па вялікім рахунку, тут ня самае істотнае, што менавіта сьпяваюць і на якой мове. Дзеці сьпяваюць разам – вось што галоўнае. Пасьля яны возьмуць іншыя песьні, але ў іх будзе навык, невытлумачальны, мэтафізычны навык сьпяваць разам.

Гэты індыкатар паказвае на самы глыбокі пласт выраджэньня нацыі. Пры тым, што ў беларусаў касьмічна багатая фальклёрная спадчына, у нас ніколі не праводзілася такіх масавых сьвятаў песьні, як у літоўцаў ці латышоў.
Яшчэ трыццаць гадоў таму ў нас масава сьпявалі ў застольлі, чаго ўжо сёньня амаль не чуваць.
І вось апошні ўдар па беларускай тоеснасьці – перасталі сьпяваць у школе.

А можа гэта проста сьвет зьмяніўся і сьпевы перасталі так шмат значыць, як значылі раней? Аднак паглядзеце, чым жывуць і выжываюць беларусы там, дзе пагроза быць паглынутымі іншай паноўнай культурай -- навідавоку. Як многа і амаль адчайна пяе беларуская школа ў Вільні. Якая разьвітая культура супольнага сьпеву ў беларусаў Падляшша... Рыгор Шырма назваў песьню душой народа. Як ні патасна гэта гучыць, але народ, які не пяе, становіцца бяздушным і страчвае тую глыбокую ўнутраную повязь чалавека з чалавекам, якая і робіць гэтых двух адной нацыяй і адной культурай.

Вось і трыццаць гадоў таму, калі студэнты стварылі Беларускую Майстроўню, першае, за што яны ўчапіліся, былі сьпевы. Інтуітыўна ўчапіліся. Ім пашанцавала з Ларысай Сімаковіч – прафэсійнай кампазытаркай і хормайстрам, маладой, амбітнай, незвычайна адоранай.
Майстроўня ніколі не была тым, што называюць самадзейным хорам ці ансамблем.
Праўда, ня ўсё ў іхным супольным посьпеху дасягалася лінейным шляхам. Майстроўня ніколі не была тым, што называюць самадзейным хорам ці ансамблем. Песьня спатрэбвалася майстроўцам, каб ладзіць масавыя сьвяты і ўцягваць у працэс сьпяваньня як мага болей народу. А Ларыса глядзела на самых нясьпеўных “людзей з вуліцы” як на патэнцыйных выканаўцаў і падыходзіла да іх з прафэсійнымі патрабаваньнямі і задачамі. “Матэрыял”, натуральна, супраціўляўся. Але канфлікт інтарэсаў прападаў недзе на самым версе, дзе і Ларыса і майстроўцы ставілі перад сабой самыя неверагодныя задачы: яна кампазытарскія, а яны – публічныя нацыятворчыя. Дзьве амбіцыі дасягалі такога высокага гучаньня, што ўрэшце спалучаліся ў дзіўнай суладнасьці. І гучала гэта прыблізна вось так:



“Іншая рэальнасьць” складалася ня толькі зь іншае мовы ды іншых спосабаў камунікацыі, але і, напрыклад, зь іншага самапрадстаўленьня. Тут Вані і Жэні рабіліся Янкамі ды Яўгенамі, Сашы – Алесямі, Лены -- Аленамі. Вера Кандраль, якую майстроўцы запомнілі як Лазоўскую, стала ў Майстроўні Вэрцяй.

Вэрця: “Мне гэтае імя ў Майстроўні далі, там я ўпершыню яго пачула.

ВЕРКА-ЦУКЕРКА


Як я прыйшла? Напэўна, усё пачыналася яшчэ ад нараджэньня, у сям’і. Я памятаю самыя першыя дотыкі да беларускай мовы. Прыехала да бабулі ў Караліну (вёска маёй маці, Чэрвеньскі раён, 30 км ад Менску), і дзеці там чамусьці дражніліся на мяне. Усе пытаюцца: ты чыя, ты чыя? Дзіўна было, што не “як цябе завуць”, а “ты чыя, адкуль ты, зь якой хаты”? А я ж па-расейску размаўляла, бацькі вучылі па-расейску. І я сказала, што я Вера. А яны давай дражніцца: Верка-цукерка, Верка-цукерка. Я ў сьлёзы, мне гадоў 4-5, у хату лячу: мама, дзеці абзываюцца!.. Як абзываюцца?.. Цукерка какая-та... А ўсе дарослыя сьмяюцца: дурніца, гэта ж канфетка! І вось першае беларускае слова, якое я ўведала – цукерка, і мне так было прыемна, што Верка -- цукерка...

Потым, памятаю, гадоў 7-8 мне было, і я прапанавала ў сям’і: давайце адзін дзень размаўляць па-беларуску. Я ня ведаю, чаму. Ініцыятыва гэтая заглохла, але такі ўспамін застаўся.

Памятаю свае піянэрскія гады. Была такая практыка ў школе -- мы ладзілі дні народаў СССР. І кожны клас быў якім-небудзь народам. Мы абаранялі Эстонскую ССР. Малявалі насьценгазэту, страі малявалі – мужчыну і жанчыну ў народных страях. І мне тады было цікава, а чаму ўсе народы на сваіх мовах, і толькі мы не на сваёй, не на роднай? І гэта таксама было пытаньне, якое правакавалі гэтыя дні народаў СССР...

Потым старэйшыя клясы ў школе. Урокі беларускай мовы былі самыя нешанаваныя. Мы вельмі не любілі выкладчыцу. Яна хадзіла ў падраных панчохах, падраны сарафан... Яна была з вусамі, яна па-беларуску размаўляла на трасянцы, так брыдка, што не было павагі да гэтага чалавека і не было павагі да прадмета.

ПАЧАТАК МАЙСТРОЎНІ


І потым раптоўна... Мы ўжо скончылі школу, я вучуся ў інстытуце і сустракаю ў тралейбусе сваю аднаклясьніцу са школы Ірэнку Крук (якая потым стала Марачкіна), і яна раптам (у менскім тралейбусе!) размаўляе са мной па-беларуску. Я кажу: Ірка, ты што? Я так зьдзівілася. А яна мне адказвае: а мы вось у сябе на філфаку вывучылі калядныя песьні і адсьвяткавалі калядкі. Прыходзь, там такая моладзь, там такія песьні... Мне слова гэтае было невядомае – што за калядкі?.. Ну і, вядома, я пайшла.

Прыйшла. Было няшмат людзей, але што гэта былі за людзі! Там пабачыла Ірыну Крук, Ларысу Сімаковіч, маладых мастакоў... Янка Медзьвядзёў, Гэнік Лойка, Яўген Кот (Валасевіч), Андрэйка Радзівонаў. Усе былі такія незвычайныя. Вучыліся адначасова і сьпяваць і па-беларуску размаўляць. І тое, што Ларыса нам давала, гэта было, як у сьне. Як быццам нешта даўно-даўно забытае і -- настолькі новае. І гэта захапіла, гэтае жыцьцё.



Першыя дні, тыдні, месяцы я ўсмоктвала як сасьмяглая губка. Усё абсалютна. Словы, гукі, ноты, музыку. Гэтых людзей, іхныя размовы. Тое, што яны абмяркоўвалі і што яны чыталі. Тое, дзе мы бывалі, куды мы езьдзілі. Адчыніўся такі пласт культуры і архітэктуры старажытнай! Мы ж колькі езьдзілі па ваколіцах Менска, па ўсёй Беларусі. Колькі глядзелі гэтых разбураных помнікаў. Колькі прыносілася самвыдату, літаратуры. Гэта быў цэлы кантынэнт. І вельмі магутная ішла самаадукацыя. Тое, што было закрыта за савецкім часам у савецкай школе, пра што нідзе не казалася.

Для мяне, ты будзеш сьмяяцца... У савецкай школе мы вывучалі “Новую зямлю” Коласа, там дзе ёсьць разьдзел “Дзядзька ў Вільні”, і толькі прыйшоўшы ў Майстроўню, я даведалася, што Вільнюс – гэта Вільня, наша, беларуская. У школе ніхто не казаў, што Вільня – гэта Вільнюс.

ВЕРА-СЫ, ВЕРА-СЫ


Гэта была моладзь не такая, як уся навакольная. Яна вылучалася менавіта беларускай мовай. Мы ехалі ў транспарце і яны размаўлялі па-беларуску. Я доўга, каля месяца не магла пераадолець у сабе сарамлівасьць. Мне здавалася, што я ўсё ня так кажу. Веды, якія я атрымала ў школе – гэта, можна лічыць, нічога. Не было моўнай практыкі. У мяне па-расейску былі выдатныя сачыненьні. Я графаман, я любіла пісаць, вельмі шмат чытала па-расейску. У мяне была грамата за школу і я была абсалютна рускамоўны чалавек. І пераступіць моўны парог было вельмі цяжка”.

Дубавец: Майстроўцы ня мелі ані кіраваньня, ані мэтодык, але на сваіх факультэтах, нібы па камандзе, рабілі тое самае. Журналісты й матэматыкі, фізыкі й мастакі, географы й архітэктары канспэктавалі чытаныя па-расейску лекцыі -- па-беларуску. І пасьля залікі й іспыты, курсавыя й дыплёмныя пісалі на роднай мове. Звычайна атачэньне вышэйшай савецкай школы пазірала на гэта спакойна або насьцярожана, калі студэнты ламалі базавыя ўстаноўкі русіфікацыі, напрыклад, калі па-беларуску здавалі іспыты па расейскай літаратуры. Да канфлікту не даходзіла. Ці то дзякуючы такту нашых выдатных выкладчыкаў, ці то мы пасягалі на такія сфэры, нават думаць пра дакрананьне да якіх яшчэ са сталінскіх часоў было страшна...
Вэрця пад каляднаю зоркай. Заслаўе, 1982 год.

Вэрця: “Гэта быў трэці курс інстытуту (архітэктурны факультэт БПІ). Лекцыі чытаюцца па-расейску, а я бяру й запісваю іх адразу па-беларуску. Спачатку гэта было неверагодна цяжка – сынхронны пераклад. І я палову словаў пішу адразу па-беларуску, а палову, каб ня страціць думку, запісваю па-расейску, падкрэсьліваю іх, а дахаты прыходжу і ўжо спакойна перакладаю. І такая практыка дала свой плён. Ужо на чацьвёртым курсе ў мяне было не 50 адсоткаў расейскіх словаў запісана на лекцыі, а можа якіх 10. І калі мне нарэшце прысьніўся сон па-беларуску, тут я зразумела, што адбыўся пераход і з гэтага моманту я стала спрабаваць публічна казаць па-беларуску.

У нас вучыліся трое нэграў з Малі, з Гвінеі. У іх родная мова француская і ім падабалася, калі яны ў маёй беларускай мове лавілі лацінскія карані. Яны спрабавалі са мною па-беларуску размаўляць. І былі даволі сьмешныя сытуацыі. Адзін зь іх прыходзіць на лекцыю і кажа: “Вера-сы, Вера-сы. Гы-гы-гы”. Яму падаецца, што гэта такі жарт: я Вера, а ў нас гурт “Верасы”.

Я абараняла дыплём па-беларуску, першая, адна, гэта быў ужо 1983 год, а за мною на наступны год – ужо тры чалавекі, тры хлапцы.
Сёстры Вэрця й Натальля Лазоўскія на сходзе Майстроўні ў менскім Палацы прафсаюзаў, 1983 год.

Я шмат людзей запрашала і за мной шмат людзей прыйшло. Мяне запрасіла Ірэнка Крук, мая аднаклясьніца па школе. Мая мама ў дзявоцтве Крук і мне было цікава, адкуль у нас агульнае. Потым я прывяла сястру. Прывяла аднаклясьніцу Люсю Капітулу, яна зараз жыве ў Піцеры. Потым са сваёй групы я папрыводзіла шмат людзей на фальклёрныя сьвяты, якія ладзіла Майстроўня. Потым трое дзяўчатак маіх, архітэктарак, пабраліся шлюбам з нашымі майстроўскімі, як мы іх звалі, “французамі”, хлопцамі з Інстытуту замежных моваў. Арачка, была Кліманковіч, цяпер Мурашка – зь Сярожкам Мурашкам, Рыта Міклашэвіч, была Гвозьдзік, мы яе звалі Цьвічок, і Тацянка, была Глушакова, зараз Тацяна Істоміна...

“УВА МНЕ 100% МАЙСТРОЎНІ”


Ува мне сто адсоткаў Майстроўні. Я ўся адтуль выйшла. Я працавала доўгі час архітэктарам, рэстаўратарам. Мне было вельмі цікава займацца старажытнай беларускай архітэктурай, культурай. Гэта супала: мая афіцыйная адукацыя ў Беларускім Політэхнічным Інстытуце і мая самаадукацыя ў Майстроўні, і ўсё гэта было пад парасонам беларушчыны.

Потым жыцьцё так склалася, што я захварэла на цукровы дыябэт і праз 15 гадоў мне стала цяжка езьдзіць у камандзіроўкі і паступова ад гэтай працы я адышла.

Ёсьць дачка і сын. Аленка скончыла Эўрапейскі Гуманітарны. Пакуль жыла ў Беларусі, да беларускай мовы -- аніяк. Толькі калі да трох годзікаў яны гадаваліся... Мой былы супруг, беларускі хахол, як я яго называю, ён па-расейску размаўляе... Дык вось дзеці яго прасілі: папа, почітай сказочку, а мяне прасілі: мама, пачытай казку. Калі ім два-тры гады было.

І Аленка мая скончыла 10 клясаў, паступіла ў Вільню на дызайн, паехала туды і праз год яна ўжо вярнулася зусім іншым чалавекам. Яна там настолькі засумавала па беларускай мове, па той, якую чула тут, ад мяне, у першую чаргу, што там яна стала шукаць беларускамоўнае асяродзьдзе. Стала мне электронныя лісты пісаць па-беларуску. Яна там цалкам перайшла на беларускую мову. І мяне гэта шалёна ўсьцешыла.

Сынок у большай меры па-беларуску размаўляў і тут, пакуль вучыўся. Ён скончыў “лясную школку” – Беларускі гуманітарны ліцэй, які зачынілі ў 2003 годзе.



У 1980-м годзе я вучылася на трэцім курсе архітэктуры і прыйшла ў Майстроўню. Скончыла архітэктуру – 1983 год. У нас у Майстроўні адсоткаў 50-70 сканчала ў той год вучобу і ў гэты час мы амаль усе паразьехаліся па разьмеркаваньнях. І на гэтым Майстроўня скончылася.

Безумоўна, з Майстроўні вырасла шмат іншых беларускіх гуртоў. Шмат людзей потым сталі рабіць свае асабістыя праекты. Я перайшла ў гурт “Дзяньніца”, які стварыла ізноў жа Ларыса Сімаковіч. Гэта ўжо быў чыста фальклёрны сьпеўны праект. Пачыналі мы ў клюбе завода Леніна і вельмі глыбока займаліся фальклёрам ужо там.

Ларыса Сімаковіч -- адна з самых яркіх зорак на небасхіле беларушчыны. І вышэйшы маральны аўтарытэт, і веды, і сэрца. І тое, што яна вярнула беларускай культуры... Гэта элітнае мастацтва. Чым вышэй, тым менш птушак там лётае. А яна -- арліца.



Я пяю ў думках практычна ўвесь час. Там столькі мудрасьці, у гэтых песьнях, для любой жыцьцёвай сытуацыі. Гэта ж крыніца мудрасьці.

Колькі разоў на год мы зьбіраемся. Мяняюцца людзі, з кім я пяю, але ўсё адно гэта застаецца са мною. Я й сама сабе мармычу, каля пліты стоячы, пяю. Бывае і ў голас, калі адна ў хаце. Калі чую добры запіс па радыё, падпяваю”.

Дубавец: Сьпевы былі зьместам усіх майстроўскіх сходаў, вечарынаў у школах ды інстытутах, публічных сьвятаў. Сьпявалі ўвесь час і паўсюль, наўмысна прыцягваючы да сябе ўвагу. У сьпеве ядналіся, адкрываліся адны адным, пераказвалі самае патаемнае. Сьпявалі ў падарожжах па Беларусі. Дзе-небудзь у перапоўненым людзьмі вясковым дрыгунку па шляху зь Вішнева ў Гальшаны майстроўскую песьню раптам спыняла старая кабета: А вы тут словы прапусьцілі!.. Якія?.. У адказ мясцовая пяюньня распачынала свой сьпеў, майстроўцы падхоплівалі, а яшчэ праз момант сьпяваў ужо ўвесь аўтобус. Бывала, у электрычках майстроўцы ўчынялі спаборніцтвы – хто болей песень ведае. За тым, каб не было паўтораў, пільна сачылі. Памятаю і пераможны лік – 130. Усяго год-два канцэнтрацыі, і ты сьпяваеш сто і болей народных песень. Калі перакладаць на Вэрціны словы – атрымліваеш сто мудрасьцяў...

Вэрця: “На сьвятах я бачыла вочы, якія сьцякалі сьлязьмі ад шчасьця ад таго, што нехта ім вяртае тое, што яны чулі ў дзяцінстве. Да нас падыходзілі сталыя людзі. Нас, моладзь, яны дзякавалі за руку, абдымалі за тое, што мы пяем тое, што яны чулі ў дзяцінстве”.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com

Вострая брама

Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.

Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG