Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка гатовы мяняць збожжа на газ і нафту


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка плянуе атрымаць «максымум прыбытку» ад экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі, улічваючы складаную сытуацыю ў шэрагу дзяржаў. Пра гэта ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Менскую вобласьць. Стала таксама вядома, што Беларусь атрымае сёлета 7 мільёнаў тон збожжа замест плянаваных дзевяці.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь ня мае нафты і газу, на якія штогод беларусам падымаюць цэны. Таму, маўляў, «мы таксама прадаём і хочам з улікам росту цэнаў на вуглевадародную сыравіну і іншыя складнікі сабекошту атрымаць сваё шчасьце ў цэнах». Лукашэнка адзначыў, што неабходна аказаць дапамогу пацярпелым ад засухі расейскім рэгіёнам. Маўляў, «яны плацяць, у іх дастаткова нафты, газу, і мы гатовыя мяняць».

Ён адзначыў, што «зерне трэба прадаваць у выключных выпадках, камбікорм, муку — у абмежаваных колькасьцях, бо цэны яшчэ вырастуць, таму сёньня прадаваць трэба малако і мяса». Таксама Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што расейцы «будуць браць піваварны ячмень, солад. Гэта добрая крыніца папаўненьня валюты».

Паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіла Русага, ужо паступілі звароты з Варонескай, Разанскай абласьцей Расеі, Татарстану наконт набыцьця ў Беларусі кармоў, камбікармоў, бульбы. Аднак Русы адзначыў, што Беларусь пакуль ня мае намеру прадаваць збожжа.

Камэнтуючы гэтыя заявы, эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што ў самой Беларусі ня так багата збожжа.
Будзе пэўнае падзеньне ўсясьветнага ўраджаю, але няшмат, каб былі такія значныя цэны.

«У самой Беларусі збожжа будзе каля 7 мільёнаў тон. І гэта меней, чым калі атрымлівалі ва ўраджайныя гады. І гэта яшчэ бункерная вага. Гэта ня тое збожжа, якое будзе, калі яго прасушаць і правеюць. Так што ў самой Беларусі ня так шмат гэтага збожжа. Па-другое, цэны на сусьветным рынку вызначаюцца ўзаемадзеяньнем шмат якіх краін-вытворцаў збожжа. Калі, напрыклад, у Расеі малы ўраджай, то сёлета чакаецца вялікі ўраджай у ЗША. Будзе пэўнае падзеньне ўсясьветнага ўраджаю, але няшмат, каб былі такія значныя цэны. І Беларусь ніяк ня зможа прадаваць сваё зерне Расеі па цэнах, якія яна будзе дыктаваць. Бо Расея можа купіць збожжа і па цэнах усясьветнага рынку ў іншых краін. У гэтым годзе ня будзе такога, каб Беларусь магла прадаць шмат збожжа, ды яшчэ па вялікіх цэнах».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што выказваньні Аляксандра Лукашэнкі найперш маюць піяраўскі характар, каб паказаць, што пазыцыі афіцыйнага Менску ня надта слабыя ў цяперашніх жорсткіх варунках супрацьстаяньня з Масквой.

«Аднак экспартныя магчымасьці Беларусі ў гэтай галіне даволі сьціплыя. І наагул, думаць, што за кошт збожжа можна вырашыць стратэгічныя пытаньні бясьпекі і разьвіцьця краіны, — гэта, мякка кажучы, наіўна. Мысьліць такімі катэгорыямі натуральнай гаспадаркі — гэта несучасна. Таму гэта найперш разьлічана на электарат. Гэта хутчэй перадвыбарнага кшталту заявы, чым стратэгічныя лёзунгі разьвіцьця краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG