Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка пачаў прэзыдэнцкую кампанію з апраўданьняў”


1 верасьня беларускія тэлеканалы паўгадзіны трансьлявалі адказы Аляксандра Лукашэнкі на пытаньні журналістаў. Ці можна назваць гэты выступ пачаткам перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі? Ці ўдалося кіраўніку Беларусі адказаць на ўсе тыя нападкі, што прагучалі за апошнія месяцы інфармацыйнай вайны? Як Лукашэнка ставіцца да таго, што хтосьці з чыноўнікаў можа балятавацца ў прэзыдэнты?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксей Кароль
Віталь Цыганкоў


«Лукашэнка ўзору 2010 па сутнасьці выступае супраць Лукашэнкі ўзору 2006 году»


Цыганкоў: 1 верасьня Аляксандар Лукашэнка, наведваючы школу, адказаў на шматлікія пытаньні журналістаў. Паўгадзіны гэтых адказваў былі паказаны па асноўных беларускіх тэлеканалах? Такія пашыраныя камэнтары Лукашэнка дае фактычна ўпершыню за апошнія два месяцы, менавіта столькі часу працягвалася ягонае маўчаньне па прынцыповых пытаньнях. Ці можна назваць гэты выступ дастаткова прынцыповым, ці можна яго назваць фактычна пачаткам перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі?

Кароль: Гэта, безумоўна, даволі знакавая адмеціна, бо сваю кампанію Лукашэнка пачаў ужо даўно. Кола тых пытаньняў, што яму задавалі, я думаю, былі дакладна прадуманыя атачэньнем і самім Лукашэнкам. І яны сьведчаць пра тое, што гэта амаль афіцыйны старт выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Цыганкоў: Аднак ці можна ўжо цяпер рабіць першыя высновы пра тое, як будзе выглядаць гэта кампанія, якія тэзісы будуць асноўнымі?

Кароль: Безумоўна. І тэзісы тыя ж самыя — гэта абяцаньне стабільнасьці і паляпшэньня жыцьця па ўсіх накірунках, пацьвярджэньне таго сацыяльнага кантракту, які ён прапанаваў насельніцтву.

У мяне, аднак, ёсьць яшчэ адно важнае ўражаньне ад гэтага інтэрвію ды і ўсіх апошніх падзеяў. Лукашэнка ўзору 2010 па сутнасьці выступае супраць Лукашэнкі ўзору 2006 году па галоўным пытаньні — на чым грунтаваць дабрабыт. Я маю на ўвазе стаўленьне да Расеі, бо цяпер Расея ці не галоўны апанэнт, інфармацыйная атака якога прымусіла нашага аўтарытарнага кіраўніка апраўдвацца, а не расстаўляць свае акцэнты і наступаць, як гэта было раней.

«Крэмль ужо не ўтойвае, што ў якасьці партнэра Лукашэнка яго не задавальняе»


Цыганкоў: Сапраўды, мізансцэна была сплянавана, і пытаньні дапушчаных журналістаў былі загадзя разьмеркаваныя. Цікава, што Лукашэнка адказваў на тыя нападкі на яго, якія прагучалі ў расейскіх СМІ падчас гэтай інфармацыйнай вайны. Фактычна кожны ягоны адказ быў накіраваны на тое, каб зьняць нейкую нэгатыўную інфармацыю, замяніць яе сваім пасылам. Ці ўдалося гэта кіраўніку Беларусі?

Класкоўскі: Вельмі складаная задача ў гэтым сэнсе стаіць перад ім. Бо цяпер ня проста спарадычнае пагаршэньне дачыненьняў з Масквой, а інфармацыйная вайна і сыстэмны крызіс двухбаковых дачыненьняў. Як вядома, Крэмль ужо ня ўтойвае, што ў якасьці партнэра Лукашэнка яго не задавальняе. Усё больш выразна гучаць з падачы блізкіх да Крамля палітолягаў і аналітыкаў («рупараў Крамля», як учора выказаўся Лукашэнка) думкі, што, маўляў, трэба разьбірацца зь беларускім пытаньнем.

Вядома, гэта напружвае Лукашэнку і ён адчувае сур’ёзнасьць сытуацыі. Таму ён доўга вытрымліваў паўзу і нават заяўляў, што ня будзе на ўвесь гэты «бруд» адказваць. Тым ня менш учора па пунктах фактычна на ўсё адказаў. Ёсьць такі піяраўскі прыём, калі чалавек сам прагаворвае нейкія нэгатыўныя рэчы і тым самым здымае іх вастрыню сваім іранічным стаўленьнем. Маўляў, вось яны мяне «фашыстам, злодзеем зрабілі, што я па сем мільярдаў даляраў краду штогод, хіба можна ў Беларусі ўкрасьці столькі грошай?»

Іранічны кантэкст закліканы зьняць сур’ёзнасьць гэтага пытаньня. Іншая справа, што калі размова ішла пра інцыдэнт у расейскай амбасадзе, то тут Лукашэнка ужо не выбіраў выразаў, і вядома, гэта толькі падліе алею ў агонь інфармацыйнай вайны.

«Ён мусіць апраўдвацца, бо інфармацыйная прастора прарваная, і ў Лукашэнкі няма магчымасьці яе перакрыць.»


Цыганкоў: Такім чынам, Лукашэнка абараняўся. А калі выбарнікам будзе прадстаўленая станоўчая праграма кандыдата Лукашэнкі? Ня толькі «я не такі, як пра мяне кажуць», але і нейкія прапановы для народу Беларусі. Ці Лукашэнка будзе чакаць Усебеларускага сходу?

Кароль: Я думаю, што некаторыя тэзісы Лукашэнка ўжо агучыў: заробкі, наагул дабрабыт, стабільнасьць. І гэта было падмацавана падвышэньнем заробкаў з 1 верасьня. Я думаю, гэта будзе асновай ягонай «пазытыўнай» праграмы — пераканаць насельніцтва, што толькі зь ім ня будзе ніякіх стратаў.

Сапраўды, абвяшчэньне станоўчай праграмы меркавалася адбыцца на Ўсебеларускім сходзе. Але затрымка з гэтым сходам паказвае, што пайшлі ўжо пэўныя хістаньні ўнутры намэнклятуры, і гэта праява слабасьці Лукашэнкі, пазыцыя апраўданьня. Ён мусіць апраўдвацца, бо інфармацыйная прастора прарваная і ў Лукашэнкі няма магчымасьці яе перакрыць, як гэта ён робіць са СМІ ў Беларусі.

Думаю, галоўнае пытаньне для Лукашэнкі зараз — гэта прызнаньне легітымнасьці выбараў. Ёсьць падстава меркаваць, што Расея ўпершыню можа не прызнаць гэтыя выбары — тады Лукашэнка застаецца без саюзьнікаў.

«У падманліва-мяккай форме прагучала пагроза патэнцыйнаму „перабежчыку“ з намэнклятуры».


Цыганкоў: Наконт хістаньняў унутры намэнклятуры. «Сёньня кажуць, што ўрад разгоняць, урад у адстаўку, і што ўсе, хто ва ўрадзе, пойдуць у прэзыдэнты. Што тычыцца прэзыдэнцтва — сардэчна запрашаем», — заявіў Лукашэнка. Цытата паказвае, што Лукашэнка рэагуе на тыя спэкуляцыі, што Сідорскі можа пайсьці ў прэзыдэнты. Але ці можна з гэтых словаў зразумець, ці сапраўды Лукашэнка разглядае верагоднасьць такога сцэнару, ці ён яго мала непакоіць?

Класкоўскі: Пытаньне пра зьяўленьне нейкага прарасейскага кандыдата, натуральна, напружвае кіраўніка Беларусі. І ў гэтым пасажы пра ўрад у такой падманліва-мяккай форме прагучала пагроза ці Сідорскаму (у таго, напэўна, унутры мусіла пахаладзець) ці любому іншаму патэнцыйнаму «перабежчыку» з намэнклятуры. Маўляў, калі ласка, любы з вас можа. Але падтэкст быў такі — «толькі паспрабуйце, мала не падасца».

Ведаючы досьвед Чыгіра, Марыніча, Казуліна, якія ўсе пераседзелі ў турме, намэнклятура лішні раз зразумела, што лепей у такія гульні не гуляць. Аднак відавочна, што гэтае пытаньне вельмі напружвае Лукашэнку.

Калі казаць пра ягоныя перадвыбарчыя тэзы, то ўся прамова прасякнутая канфрантацыяй з Масквой. І для ўдумлівага слухача ўзьнікае пытаньне — калі мы столькі гадоў увесь дабрабыт трымалі на сяброўстве з Расеяй, то як зараз? Калі мы ваюем з Масквой, адкуль возьмуцца заробкі і ўсё астатняе?

Але самае небясьпечнае для ўлады (вядома, калі яна застанецца) можа пачацца пасьля выбараў. Трэба будзе дамаўляцца пра новыя кошты на газ, на нафту. Таму, я мяркую, улады будуць сьпяшацца правесьці выбары да Новага году.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG