Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Сьвятлана Слуцкая


Сьвятлана Слуцкая. Здымак Арцёма Канцавога.
Сьвятлана Слуцкая. Здымак Арцёма Канцавога.

Праўдаў, як вядома, шмат. У кожнага свая. Бо на тыя самыя рэчы мы глядзім па-рознаму. Адна на ўсіх толькі ісьціна. Дзень за днём людзі жывуць у сьвеце многіх праўдаў, адмаўляюць адзін аднаго або прыстасоўваюць сваю праўду да праўды іншага ці да праўды большасьці, і расчароўваюцца. “Нашы часы – часы агульнай заблутанасьці,” – пісаў Ігнат Абдзіраловіч. Звычайна ўсе часы – такія, заблытаныя, непразрыстыя. Але аднойчы настае момант, калі ўсіхныя праўды сыходзяцца ў адной кропцы. І такі момант называюць момантам ісьціны.




Здаецца, усе раптам настроіліся на адну хвалю, і ўсё, што адбываецца, разумеюць аднолькава. Момант ісьціны настолькі дзівосны, што нагадвае цуд і перажываецца ў эўфарыі адзінства, прасьвятленьня і шчасьця. У такія моманты, звычайна, гісторыя робіць свой паварот. Для нас гэта была ўспышка сьвятла. На тое яна і ўспышка, каб мы зьмяніліся і ўсё навокал зьмянілася -- імгненна. Калі б успышка не згасала, мы проста вЫгаралі б да тла. Калі б момант ісьціны ператварыўся ў вечнасьць, спынілася б вечнасьць. Калі б цуд стаў рэальнасьцю, жыцьцё б страціла сэнс.

Таму гэта толькі ўспышка. Яна згасае, і зноў надыходзяць часы многіх праўдаў і “агульнай заблутанасьці”. А разам зь тым -- і расчараваньне, і цярпеньне, і многія высілкі. Бо тое, што ў момант ісьціны можа зрабіцца імгненна, іншай парою патрабуе працы доўгіх гадоў, а можа, і ўсяго жыцьця.

АДЧУВАЛАСЯ, ШТО НАМ НЕ ДАГАВОРВАЮЦЬ


Гісторыя мастачкі Сьвятланы Слуцкай пачалася ў такія вось непразрыстыя часы паміж момантамі ісьціны. І было гэта ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, калі Сьвятлана вучылася ў рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.

Нас акружалі людзі, якія многае ведалі і якія баяліся сказаць нам хоць слова.
Сьвятлана
: “Мы прыйшлі ў школу ў 1972 годзе. І гэта быў якраз той час, калі шасьцідзясятніцтва скончылася. І прыйшоў час боязі. Так здарылася, што нас акружалі людзі, якія многае ведалі пра беларушчыну, якія на гэта “хварэлі” -- і якія баяліся сказаць нам хоць слова.

У нас быў цудоўны настаўнік беларускай мовы Атраховіч, які, наколькі я памятаю, быў у нейкім сваяцтве з нашымі беларускімі клясыкамі. Нешта казалася, што ён быў асабіста знаёмы ці то з Купалам, ці то з Коласам. Карацей, ён уваходзіў у тую плыню нацыянальна-сьвядомай інтэлігенцыі. Ён шмат ведаў і шмат мог бы нам перадаць. І казалі нам, што папярэднім вучням ён распавядаў, а калі мы прыйшлі... Гэта быў вельмі добры чалавек, вельмі пакладзісты. Але здавалася, што ён сьпіць сам і дазваляе спаць нам. Настолькі была нейкая такая боязь сказаць нешта жывое.

У нас быў цудоўны настаўнік гісторыі мастацтва Кірыл Уладзімеравіч Зеляной. Усе, хто зь ім сутыкнуўся, яму абавязаныя. Ён ня проста выкладаў гісторыю мастацтва, якую дазваляла міністэрства культуры. Ён абавязкова распавядаў пра значныя падзеі гісторыі мастацтва, пра значных мастакоў, якія не ўваходзілі ў праграму, што было забаронена. Чалавек гэта быў неверагодна цёплы. Але ён быў расейскай культуры. Ён цудоўна выкладаў гісторыю мастацтва, акрамя беларускага. Гэта была не яго тэма.

Вось так мы й жылі”.

Дубавец: Пры тым малодшыя вучні пазіралі на старэйшых, і ім здавалася, што старэйшыя павязаныя таямніцай, якую адкрылі ім настаўнікі, а ім, малым, ужо не адкрылі. І ў гэтым адчувалася перамена часу. Вось старэйшая Ларыса Сімаковіч на калідоры размаўляе ў Барысам Жанчаком. Малыя глядзяць на гэта, і нешта знутры ім падказвае, што яны – іншыя.

Сьвятлана: “З аднаго боку стаяла Ларыса зь яе тады сябрам, нарачоным. А з другога боку другая дзяўчынка, таксама музыкант, са сваім таксама нарачоным, мастаком... Было бачна, што нешта такое адбываецца таямнічае, і яно неяк прайшло над нашымі галовамі.

Я памятаю Ларысу дзяўчынкай з кучаравымі прыгожымі сьветла-залацістымі валасамі, у вытанчаных акулярыках, з ружовым румянцам, белатварую. Вельмі прыгожую... Мы бачылі, малыя, мы не маглі гэтага зразумець, але мы бачылі, што йдзе нейкае такое варушэньне, нешта таямнічае адбываецца. Ідуць нейкія размовы. Нейкія гаворкі пра тое, што было нешта абсалютна неафіцыйнае ў нашай школе. Перад нашым прыходам. Тыя людзі сышлі.

Не прайшло й году, як настаўнік беларускай мовы Барыс Жанчак быў звольнены.
Не прайшло й году, як настаўнік беларускай мовы Барыс Жанчак быў звольнены. Мы пачулі, што ён быў звольнены за беларускасьць. І застаўся ў нас настаўнік Атраховіч, які баяўся. Можа, ён быў проста ўжо вельмі сталы чалавек. Можа, у яго ўжо не было сіл казаць. Можа, ён ня верыў, што можна што-небудзь сказаць. Але нам ніхто не адкрываў, хто мы ёсьць”.

Дубавец: Гэта быў момант стагнацыі. Шмат гадоў пазьней, калі Сьвятлана сама стане выкладчыцай, яна пабывае ў гэтым вобразе настаўніка, якому “не рэкамэндуюць” занадта свавольнічаць, напрыклад, выкладаць па-беларуску. Адбудзецца гэта нібыта ў зусім іншай сытуацыі і нават у фармальна іншай краіне – у незалежнай Беларусі. Мы нават на хвіліну зьдзівімся – як, няўжо нічога не зьмянілася зь сярэдзіны 1970-х, за трыццаць гадоў? Зьмянілася, натуральна. Але зноў прыйшлі – як пэрыядычнае выданьне – “часы агульнай заблутанасьці”. Тое, што на мове ўлады звычайна называецца часамі стабільнасьці.

Сьвятлана: “Я ўвесь час думала пра карані такой зьявы як Майстроўня і адраджэнскі рух. Канечне, у кожнага чалавека ёсьць свае карані, той род, зь якога ён паходзіць, тая мясцовасьць, якая яго ўсьпесьціла. Але -- і тыя людзі, зь якімі ён сустрэўся, і якія далі той імпульс, штуршок.

Мы ведаем, што ў нас былі папярэднікі. З самага пачатку. Мы былі трэцім ці чацьвертым наборам мастакоў у Валянціны Міхайлаўны Сьвентахоўскай. Мая група. І перад намі яна выпусьціла, ня толькі яна, але й яе паплечнікі, людзей, якія на сёньняшні дзень ствараюць гонар нашага мастацтва.

У прынцыпе, нам было цяжка ў тым пляне, што нашыя настаўнікі пры ўсёй любові да нас, пры далікатнасьці, пры тым, як яны стараліся выпеставаць нас... усё роўна нам не хапала нейкага вэктару разьвіцьця.

Я цяпер ведаю, пазьней даведалася, што Пётр Сьвентахоўскі, Валянціна Міхалаўна, Марачкін, Вашчанка, можна назваць яшчэ мастакоў -- тыя людзі, якія заўсёды былі нераўнадушныя да беларускай культуры, нешта намагаліся зрабіць даўней. Шчамялёва таксама трэба дадаць. Хаця гэта ня так проста, што яны аднолькава ўздымалі беларускую ідэю. Нехта больш, нехта менш. Мы, малыя, не маглі знаць усіх тонкасьцяў. Былі людзі, якія ведалі, але чамусьці не казалі нам усёй праўды”.

Дубавец: Нешта павінна было здарыцца з гэтай клясай таленавітых дзетак, якія крыху пазьней, трыццаць гадоў назад, стануць асновай першага нефармальнага аб’яднаньня – Беларускай Майстроўні і фактычнымі пачынальнікамі беларускага адраджэнскага руху. У паветры вісела недапрамоўленасьць, нейкая жаданая разгадка, прадчуваньне моманту ісьціны. Важна было й тое, хто прагнуў тае разгадкі. Бо фэномэн клясы Сьвятланы Слуцкай складаўся з асобаў, тых самых будучых майстроўцаў. Зразумела, што сабраліся тыя асобы ў адной клясе выпадкова з розных куткоў Беларусі, і што іхнае адзінства не было інсьпіраванае нічыйнай, хіба што вышняй, воляй.

ШКОЛА


Сьвятлана: “Я нарадзілася ў Берасьці. Мой бацька вайсковец, маці мэдсястра, таксама працавала ў вайсковым шпіталі. І вось мы жылі ў закрытым на той час горадзе Берасьці на цудоўнай вуліцы імя абаронцаў Брэсцкай крэпасьці. Аднойчы ў нашу школу прыехала мастачка, накіраваная са школы Ахрэмчыка, якая адбірала дзяцей. І настаўніца проста сказала, што ты, ты і ты, вы добра малюеце, ідзіце і здайце экзамэн. Экзамэн быў здадзены, і прыйшоў выклік -- маўляў, прыяжджайце. І тут пачалася гісторыя. Мой бацька сказаў: як гэта я аддам сваё дзіцё немаведама куды? І паехаў глядзець на гэтую школу. Ён усё абгледзеў, паразмаўляў з дырэктарам, з настаўнікамі, прыехаў дадому і сказаў: ну, мне ўсё спадабалася. Узяў білеты. Мамы не было, яна была зьехаўшы ў нейкую санаторыю. А я схавалася (пад ложак, канечне) і сказала, што не паеду нікуды. Тады мой бацька, дзякуй яму, проста зьняў рэмень і сказаў: я набыў білеты і пакуль ня позна, вылазь.

Так мяне прывезьлі ў Менск, які мне страшэнна не спадабаўся. Мяне прывезьлі ў вялікі шэры горад. Бацька йшоў і казаў: як тут прыгожа, паглядзі направа, паглядзі налева. Я йшла і казала: што тут глядзець на гэтыя праспэкты, гэтую прастору пасьля Берасьця, такога ўтульнага, зарослага каштанамі, з маленькімі вулічкамі, з забудовай 19 ст., з крэпасьцю, з таямнічасьцю... Мне Менск проста здаўся монстрам. Пакуль мы не дайшлі да школы. Вось мы дайшлі да школы, пераступілі парог -- і я ўбачыла дзяцей, такіх самых, як я. Дасюль я была белай варонай. І вось я ўбачыла, што я прыйшла дадому. Гэта маё месца.

Мае аднаклясьнікі гэта Алена Каравай, Тацяна Храмянкова, якую мы цяпер ведаем як Козік-Аркуш, Рыта Рыбачок, цяпер Цімохава, Андрэй Радзівонаў, Сяргей Коршун, Сяргей Кныш, Алесь Костка, Генадзь Лойка, Натальля Малаткова, Алена Зуева, цяпер яна Вашчанка, сястрычкі Лазіркі Ірына і Марына, Тося Алянцэвіч, керамістка, Іван Маркаў, чалавек, які разам зь Сяргеем Кнышом пачынаў музычную плынь, а потым заснаваў свой гурт Літл блю бэнд. Гэта наша школка, наша кляса. Нас было 23, а потым 21 чалавек. Канечне, Яўген Валасевіч...

Аднаклясьнікі Сьвятланы. Стаяць Андрэй Радзівонаў, Гэнік Лойка, Алена Зуева. Сядзяць Галіна Кунцэвіч, Яўген Валасевіч, Марына Безбародава, Алік Валько.

Насамрэч у нашай клясе ніводнага чалавека немагчыма прапусьціць. Ні Аліка Валько, ні Марыну Войніч, ні Сьвятлану Мароз. Ні Максімку, як мы яго любоўна называлі. Максімава, нашага хлопчыка, ён сірата. Вучыўся з намі, а цяпер які лёс яго напаткаў, я ня ведаю.

Школьніцы Наташа Малаткова і Сьвятлана Слуцкая.
Я яшчэ не назвала Марыну Безбародаву. Яна дзяўчынка з Расеі, з намі вучылася, потым зноў паехала ў Расею, там жыве, вельмі плённа працуе ў Арэнбургу.

І мы былі вельмі дружныя. Чаму гэта здарылася, такі вось фэномэн здарыўся з нашай клясай. Мы любілі адзін аднаго -- пры тым, што былі вельмі крэпкімі асобамі, не было такога “пусьці-павалюся”, бесхарактарных, у нас такіх не было. Кожны са сваім цудам у душы”.

Дубавец: Ну вось, цяпер мы ведаем тую атмасфэру прадчуваньня і тую фэнамэнальную клясу. Нарэшце, усё гатовае для таго, каб настаў момант ісьціны. Як заўсёды – чакай-не чакай, прадчувай-не прадчувай, а надыходзіць гэты момант раптоўна.

Сьвятлана: “І тут... Канечне, вельмі балючы быў момант, што пайшоў са школы Кірыл Уладзімеравіч Зеляной. І на яго месца прыйшоў чалавек, які нам спачатку ня быў настолькі зразумелы й сымпатычны, таму што ён быў зусім іншы. Ён ня быў, можа быць, такі талерантны. Прыйшоў нам выкладаць тую частку праграмы, якая называецца Гісторыя беларускага мастацтва. Гісторыя, пра якую мы нічога ня ведалі і не лічылі, што яна вартая нейкай увагі, ну, акрамя тых сучасьнікаў, якіх мы ведалі і паважалі, старэйшае пакаленьне. А там, у старажытныя часы проста нічога не было. Што там вывучаць?..

І вось гэты чалавек пачаў з таго, што прымусіў нас даведацца сваю гісторыю. Літаральна прымусіў. Ён казаў: вось табе заданьне. Адкуль ты? Зь Берасьця? Ану давай, намалюй, вось табе часопіс, намалюй мне тыя цэрквы, такая царква, такая царква, такі кляштар. Потым – гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, потым... ён прыносіў нам кніжкі. Нейкае паступова закіпела жыцьцё, узьнік інтарэс. Цікаўнасьць узьнікла да гісторыі. Гэта не было так проста. Гэта было і праз правакацыю, і праз нейкі шкурны інтарэс. Ну, я намалюю яму і ён ад мяне адчэпіцца. І ня буду я вучыць гэтае нецікавае мне абсалютна мастацтва 19 ст. А ён нас прымусіў убачыць гэтую культуру зусім інакш. Ён адкрыў нам Ваньковіча, напрыклад. Гэта быў Генадзь Сокалаў-Кубай.

Генадзь Сакалоў-Кубай. Бюст працы Гэніка Лойкі.
Аднойчы Кубай прыйшоў і сказаў: а вы ведаеце, што ў нас усё было інакшым. Вы думаеце, што беларуская культура – гэта нейкія хусьцінкі, а вы ня ведаеце, вы паглядзіце на партрэты Радзівілаў – вось наша культура. Гарадзкі касьцюм быў такі... Ён нас прымушаў вывучаць і матэрыяльную культуру і архітэктуру. Ён наводзіў на думку, што трэба ўсьвядоміць, хто мы ёсьць і ганарыцца гэтым. Канечне, мы былі ўражаныя ўсе.

Што тычыцца мяне асабіста, мне ўвесь час хацелася “паспрабаваць на зуб”, ці праўду ён кажа. І нават быў такі выпадак, што я пайшла проста ў музэй. Даведацца, ці ёсьць гэта на самой справе. І пераканалася, што ёсьць. Ён ня хлусіць. І паступова разам з гэтай культурай прыйшло разуменьне, што і мова патрэбная”.

Дубавец: Яшчэ да Майстроўні фэнамэнальная кляса пасьпела закончыць сваю школку. Дарэчы, Сьвятлана не прымае прастамоўную назву гэтай навучальнай установы – “парнат”. Маўляў, няхай камусьці тут чуецца “інтэрнат на вуліцы Парніковай”, а камусьці нават Парнас, але гучыць гэтае слоўца для яе вуха абразьлівы дый зьявілася яно шмат пазьней пасьля таго, як фэнамэнальная кляса пакінула сьцены ўлюбёнай школкі.

Сьвятлана: “А потым лёс нас развёў. Шмат маіх аднаклясьнікаў паступілі ў Акадэмію мастацтваў у Менску. Мы з Марынай Безбародавай-Ярылавай паступілі ў Ленінград. У Інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Я ня бачыла сябе ні графікам, ні жывапісцам. Мне хацелася быць удзельніцай нейкіх імпрэзаў, бачылася нешта вялікае і грамадзкае.

Я вытрымала там толькі паўгода. Таму што... Вот. Насеньне Сокалавым-Кубаем было кінутае. І прыехаўшы туды, я яшчэ больш пераканалася – беларуска. Там усё іншае. І нас адразу на слых адчувалі, вызначалі, што ты прыехаў зь Беларусі. Таму што наша вымаўленьне, канечне, адрозьнівалася ад расейскага.

Я перажыла сапраўдную настальгію. Я ня ведала, што савецкая дзяўчынка можа настолькі няўтульна пачувацца па-за межамі сваёй малой радзімы. І вярнуўшыся адтуль, я была абсалютна гатовым прадуктам для Майстроўні”.

У МАЙСТРОЎНІ


Дубавец: Майстроўская гісторыя Сьвятланы – кароткая, але каштоўная, бо тычыцца самых пачаткаў аб’яднаньня.

Сьвятлана: “Дык вось, калі я ў гэтым настроі вярнулася пасьля Новага году ў Менск, гэта быў пачатак 1981 году. Цяпер я ведаю, што гэта практычна пачатак Майстроўні. А тады я прыехала ў Менск да сваіх сяброў, шукала жыльлё, думала адшукаць працу. Мяне прытуліла Тацяна Храмянкова. Ну і неяк так з Тацянай, Аленай Каравай, Галяй Кунцэвіч... Карацей, хлопцы і дзяўчаты, яны ўжо наведвалі Майстроўню. І неяк так натуральна адбылося – а хадзем туды на сьпеўкі разам з намі.

І мы прыйшлі. Мне было вельмі прыемна бачыць Ларысу, таму што мы ж яе ўжо ведалі. Усё было настолькі натуральна і настолькі цёпла, таму што мы былі ўсе свае.

Мы ўсе прыйшлі ў Майстроўню, дакладна ведаючы... Нас запрасілі на сьпеўкі. Нам не казалі, што мэта Майстроўні – ісьці ў народ, абудзіць самасьвядомасьць, пашыраць веданьне мовы, гісторыі. Не. Але мы былі абсалютна гатовыя для таго, каб ісьці ў народ, абуджаць, вывучаць, працаваць над сабой. Авалодваць мовай, якой большая частка з нас, мастакоў, тады не валодала. Таму што прысьпеў такі час.



Я была сьведкай самага пачатку і толькі на працягу некалькіх месяцаў. Бачыла рэпэтыцыі “Цара Максіміляна”, сьпеўкі, Гуканьне вясны першае. Першая вялікая падзея, якая мне запомнілася. Першае Гуканьне, якое адбылося ў мікрараёне Зялёны луг на школьным двары нейкай там школы. Канец лютага, такая была адліга. Быў пахмурны дзень. Сабралося ня так шмат народу. Трошкі мы, калі туды ехалі, сабраўшыся ў Майстроўні пад Ларысіным кіраўніцтвам сьпеліся... Я памятаю, што многа было мастакоў, многа філёлягаў.

Там жа былі ня толькі сьпеўкі. Адчувалася... Я ўжо казала, што мы туды прыйшлі падрыхтаваныя да таго, што гэта ня проста так і ня проста культурная арганізацыя. А гэта нешта палітычнае. Мы сьвядома ішлі перабудоўваць краіну, падымаць народ, будзіць. Мы ўсьведамлялі сваю ў гэтым ролю. І мы ведалі, што ёсьць кіраўніцтва. Гэта ўспрымалася, як арганізацыя”.

Дубавец: За сьпеўкамі адчувалася нешта палітычнае, але аналіз таго, што адбываецца прыйдзе пазьней. Тады ж, трыццаць гадоў таму, майстроўцы кіраваліся пераважна сваімі адчуваньнямі і прадчуваньнямі. І перажывалі эўфарыю адзінства, свой момант ісьціны.

Сьвятлана: “Мы проста адчувалі, што з усімі намі робіцца нешта ня так. Проста атмасфэра нейкай другаснасьці, якая навязвалася. Недзе ў цэнтрах нешта ёсьць, там усё адбываецца. А тут нейкая правінцыя забытая, у якой ніколі не было нічога свайго, нічога вартаснага. Несправядлівасьці, безумоўна, -- вось гэтае пачуцьцё. Мы на той час думалі пра сувэрэнітэт.

ТРАЛЕЙБУС НА КРАЙ МЕНСКУ


На першае Гуканьне прыйшло ня так шмат людзей. І мы былі трошкі зьбянтэжаныя. Прыехалі мы на той школьны двор. Прыйшлі. Доўга йшлі нейкімі закавулкамі. Бачым, там нейкі прадстаўнік школы, нейкая групка школьнікаў, нейкіх мясцовых жыхароў. Топчуцца, ня ведаючы, што рабіць.

А потым пачалі сьпяваць. Набывала моц песьня і неяк распраўляліся і душы і плечы. І ўсьмешкі зьявіліся. І людзі параскрывалі раты, слухалі гэта ўсё. І раптам мы сябе адчулі часткай народа. Ня проста прыйшла там Сьвета, Маша, Янка, Аленка, Сяржук, а... была такая еднасьць, адразу як бы сьвятлей стала.

Першае Гуканьне вясны. 1981 год. Сьвятлана першая справа.

Адсьпявалі мы тыя песьні, адвадзілі карагоды. І потым усе разам ехалі ў тралейбусе, адтуль вярталіся. І сьпявалі. Людзі азіраліся. Я ўяўляю, наколькі было дзіўна ўвогуле пачуць беларускую гаворку і сьпевы. Але людзі азіраліся ня дзіка, а як быццам пазнаючы даўно нешта забытае і вельмі дарагое. Усе нашы дзеяньні ўспрымаліся як дарагі ўспамін. Людзі былі ўдзячныя. Нехта спрабаваў далучыцца да гэтых сьпеваў. Усьмешкі расквітнелі. У гэтым тралейбусе было вельмі здорава”.

Дубавец: Той веснавы тралейбус пасьля ператворыцца ў цэлы тралейбусны парк. А пачыналася гэтае множаньне менавіта ў той дзень, на Загуканьні вясны. Яе гукалі, і яна адгукалася. Ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. У родным Берасьці, куды Сьвятлана неўзабаве вымушана была зьехаць.

Сьвятлана: “Маё спрычыненьне да Майстроўні было вельмі кароткім. Але сьвятло той справы разыходзілася далёка.

Пажыўшы два ці тры месяцы ў Менску і не знайшоўшы тут прытулку – прапіскі, працы, я мусіла зьехаць дахаты, у Берасьце. На той час гэта яшчэ закрыты прыгранічны горад. Але ж і туды дакацілася гэтая хваля народнага абуджэньня. І туды тое сьвятло дайшло. І там людзі пачалі абуджацца, размаўляць, зьбірацца. Пачалі літаратурныя суполкі, мастацкія суполкі.

Я лічу, што па ўсёй краіне на той час жыцьцё ўзрушылася і зьмянілася”.

Дубавец: 24 сакавіка 1983 году газэта “Звязда” паведаміла пра тое, што пры Берасьцейскім палацы культуры ўтварылася сябрына “Дзівасіл”. Прыблізна ў гэты самы час утвараюцца аб’яднаньні майстроўскага кшталту ў Горадні, Віцебску, Гомелі ды іншых гарадах. Вядома, гэта быў знак свайго часу. Многіх з гэтых аб’яднаньняў сёньня няма, многія непазнавальна зьмяніліся. Момант ісьціны прамільгнуў і да наступнага зноў наставалі “часы агульнай заблутанасьці”. Пры гэтым энэргія ўспышкі нікуды ня дзелася, не прапала.

Сьвятлана: “Нікуды нішто ня дзелася. Проста як вада, калі зьнікае рэчышча, яна ўсочваецца ў глебу і недзе выходзіць крыніцамі. Так і справа Майстроўні. Яна пашырылася, але не як мора ці вялікая рака, але прасачыўшыся ў глебу. Як дождж, напітаўшы глебу, недзе вынырнуўшы нейкімі крынічкамі. І я думаю, што можна было б сабраць зьвесткі пра гэты плён. І нейкім фотарэпартажам, можа цыклем рэпартажаў і ў газэтах і на радыё і на тэлебачаньні гэта ўсё паказаць”.

Дубавец: Для таго, каб нагадаць людзям пра Беларускую Майстроўню, а
Беларуская Майстроўня зноў у афіцыйных колах успрымаецца як апазыцыйная арганізацыя.
заадно адзначыць трыццатыя ўгодкі першага аб’яднаньня, зрабіць гэта было б вельмі дарэчы. Іншая справа, што мы зноў трапілі ў паласу многіх праўдаў, і Беларуская Майстроўня зноў у афіцыйных колах успрымаецца як апазыцыйная арганізацыя, а гэта значыць, месца ёй у афіцыйных СМІ няма. У адрозьненьне ад часоў трыццацігадовае даўніны, калі фотарэпартажы пра майстроўскія сьвяты друкавалі ледзьве ня ўсе рэспубліканскія газэты. Але то быў момант ісьціны, калі многія праўды на імгненьне сабраліся ў адну. Сёньняшні час у расповедах Сьвятланы Слуцкай моцна нагадвае той, сярэдзіны 1970-х, калі ў паветры вісела таямніца і прадчуваньне яе адкрыцьця.

Сьвятлана: “У сваёй працы, а мне прыйшлося даволі многа працаваць зь дзецьмі, мне не дазволілі выкладаць па-беларуску. Я толькі час ад часу магла зь дзецьмі прыватна размаўляць. І адзінае, што я магла зрабіць, гэта распавядаць ім пра гісторыю, даваць ім нейкія тэмы для маляваньня гістарычныя, падштурхоўваць. Я проста правакавала – давайце мы пра сваю малую радзіму намалюем. Пра сваю сям’ю, пра свой род. А што вы ведаеце з гісторыі? А давайце мы пачытаем пра гісторыю Менска ці зьвернемся да пэўнага гістарычнага часу, памалюем. Толькі так можна было працаваць пад тым уціскам, які быў, канечне, негалосным.

Патрэбны час, каб вырасьціць чалавека. Яшчэ больш часу патрэбна, каб вырасьціць многа людзей. Гэты працэс, я лічу, толькі ў пачатку. Таму справа Майстроўні яшчэ будзе даваць свой плён”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG