Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла вечарына памяці Вацлава Гаўла


У 35-ю гадавіну абвяшчэньня чэхаславацкай Хартыі-77 ва ўсім сьвеце адбываецца ўшанаваньне памяці Вацлава Гаўла. Рух «За свабоду» ініцыяваў правядзеньне вечарыны памяці выбітнага палітыка ў Менску.

Грамадзкія дзеячы, журналісты, сваякі палітвязьняў сабраліся разам, каб аддаць даніну павагі вялікаму чэху і выказаць удзячнасьць за падтрымку і салідарнасьць зь Беларусьсю.

Другі сакратар амбасады Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідзенка-Наваградзка: «Хартыя-77 паслужыла прататыпам аналягічных рухаў у краінах усяго сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Хартыя-77 выкрыла крывадушнасьць сыстэмы, якая сьцьвярджала, што гаворыць ад імя народу, правы якога яна ўвесь час парушала. І менавіта Вацлаў Гавэл даў імпульс агіды да гэтай крывадушнасьці».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч шмат разоў сустракаўся з Вацлавам Гаўлам:

«Я добра памятаю, як Гавэл гаварыў, што зь ягонага пункту гледжаньня самае галоўнае — здабыць свабоду без крыві. Запала ў памяць мне яшчэ адна ягоная фраза: „Беларусь без Эўропы ня будзе паўнавартаснай краінай, як і Эўропа бяз вас ня будзе паўнавартасным аб’яднаньнем“. Я думаю, Гаўла можна лічыць амбасадарам Беларусі на Захадзе».
Я думаю, Гаўла можна лічыць амбасадарам Беларусі на Захадзе.
Аляксандар Мілінкевіч.

Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько ў 2003 годзе атрымаў Міжнародную грамадзянскую прэмію імя Гано Эленбоген для падтрымкі выданьня ад самога Вацлава Гаўла:

«Умова прэміі такая: Гавэл мусіў яе перадаць нейкаму маладому чалавеку зь любой сфэры жыцьця. Дарэчы, да гэтага прэмія перадавалася толькі маладым чэхам. А ў Гаўла зьявілася задума перадаць гэтую прэмію ўпершыню ня чэху, а беларусу… Гавэл вельмі высока, вельмі трапна напісаў тады, што „Наша ніва“ — гэта востраў незалежнасьці сярод беларускай дыктатуры».

Паэт Уладзімер Някляеў у 1999 годзе меў запар дзьве сустрэчы — з былым кіраўніком Польшчы Войцехам Ярузэльскім і прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам. І напісаў два вершы. На імпрэзе прачытаў абодва:

«І якія розныя выйшлі вершы! Калі ты працуеш у літаратуры, то вельмі часта энэргію бярэш ад другога літаратара. Гавэл мяне настолькі сваёй энэргіяй падсілкаваў, што я напісаў значна большы верш, чым у дачыненьні да Ярузэльскага».

Імя Вацлава Гаўла цесна зьвязанае з Радыё Свабода. Менавіта дзякуючы Гаўлу офіс радыё пераехаў зь Мюнхэну ў Прагу, у будынак былога парлямэнту. Апошні ў сваім жыцьці тэкст Гавэл напісаў беларускім палітвязьням. Гэта было віншаваньне з Калядамі і Новым годам. Дырэктар менскага бюро беларускай службы Радыё Свабода Валянцін Жданко зачытаў урыўкі з эсэ кіраўніка беларускай службы Аляксандра Лукашука:

«Вацлаў Гавэл напісаў сваё віншаваньне 15 сьнежня, у чацьвер. Яго супрацоўнік Марцін Відлак прыслаў тэкст, мы адразу пераклалі яго на беларускую мову, дадалі адрасы турмаў і калёній… І праз тры дні сэрца першага прэзыдэнта Чэхіі спынілася. У нядзелю, 18 сьнежня, мы прысьвяцілі ўвесь эфір „Свабоды“ памяці Вацлава Гаўла. У эфіры тады я казаў, што віншаваньне, адрасаванае ў Беларусь, — верагодна, апошні ліст, які Гавэл напісаў у жыцьці. Цяпер мы ведаем напэўна, і Марцін Відлак пацьвердзіў, што гэта сапраўды быў самы апошні тэкст, напісаны Гаўлам».

Журналістка Ірына Халіп пажартавала, што яна, бадай, адзіная сярод удзельнікаў імпрэзы, якая не сустракалася з Вацлавам Гаўлам. Затое амаль тры месяцы яна правяла ў камэры турмы КДБ зь лістом Вацлава Гаўла. Ірына распавяла, што ліст быў у кішэні Натальлі Радзінай пры яе затрыманьні, яго не забралі пры ніводным са шматлікіх ператрусаў і канфіскавалі толькі пры вызваленьні Натальлі Радзінай, прыняўшы яго за ліст Андрэя Саньнікава. Ірына Халіп кажа:

«Мне шкада: людзі, якіх я ведаю і якія ведалі Гаўла, яны ўсе ці то ў турмах, ці то ў эміграцыі. Хтосьці страціў свабоду, хтосьці страціў радзіму, але ўсё гэта часова. Я ведаю, што мой муж вернецца, Коля Статкевіч вернецца, Дзіма Бандарэнка вернецца, і Дзіма Дашкевіч таксама, Павал Севярынец хутка прыедзе з „хіміі“ — яны ўсе вернуцца. І Радзіна калісьці зможа вярнуцца. Я думаю, што ўсе тыя, хто зьехаў, яны змогуць вярнуцца. А Гавэл ня вернецца… Ён ужо там, адкуль не вяртаюцца. Магу толькі сказаць, што мне вельмі шкада, што я так і не змагла паціснуць руку гэтаму вялікаму чалавеку».

На вечарыне выступілі праваабаронца Тацяна Равяка, выдавец і літаратар Уладзімер Сіўчыкаў. Яны распавялі, што Гавэл падпісаў зварот, каб вылучыць Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру.

Запіс жывой трансьляцыі імпрэзы



Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня 2010 году ў веку 75 гадоў. Ён атрымаў вядомасьць у шасьцідзясятыя гады як драматург і літаратурны крытык. Пасьля падзей Праскай вясны 1968 году далучыўся да апазыцыі, публікаваўся ў асноўным за мяжой, неаднаразова арыштоўваўся ўладамі.

У 1989 годзе Гавэл быў адным з ініцыятараў стварэньня «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазыцыйнай сілай у Чэхіі.

На сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Фэдэральнага сходу Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі 29 сьнежня 1989 году Гавэл быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG