Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт усьмешлівага Хрыста


Ня ведаю, як хто, а я кніжныя рэйтынгі мінулага году праглядаў з засмучэньнем. Сярод дзясяткаў самых разнастайных і, безумоўна, вартасных выданьняў практычна адчутнічалі кнігі паэзіі. Як быццам паэты ў нас зьвяліся ці зьехалі ў краі, больш шчодра заселеныя музамі, а пазасталыя самахоць узялі зарок маўчаньня. Але ж гэта ня так — няма і ня будзе нашым творцам зводу, нямногіх звабіла чужына, а маўчаньне для іх саміх невыноснае.

У 2012 годзе дзьве беларускія паэткі — Данута Бічэль і Хрысьціна Лялько — перастварылі і выдалі па-беларуску кнігу польскага паэта Яна Твардоўскага (1915 —2006) «Разам з Табою», якая ў маім асабістым рэйтынгу ўпэўнена заняла першае месца. Твардоўскі — адзін з самых чытаных і насамрэч вядомых паэтаў у Польшчы, яго паэзія асобнымі выданьнямі выходзіла ў сьвет па-ангельску, па-нямецку, па-вугорску, па-чэску, па-славацку, па-флямандзку, па-македонску, па-баўгарску, па-расейску, па-ўкраінску. І вось, дзякуючы айчыннаму выдавецтву «Про Хрысто», гэты знакаміты паэт-мысьляр стаў даступны і беларускаму чытачу.

І мне ўспамінаецца, як аднойчы, будучы ў Варшаве, я зайшоў у кнігарню паблізу Тэатральнай плошчы. Заўважыўшы маё зацікаўленьне польскай паэзіяй, ветлівая пані параіла зьвярнуць увагу на адну кніжную паліцу. На ёй стаяла кніг трыццаць — рознага фармату і формы. Былі там кнігі-мініятуры і падарункавыя фаліянты, кнігі ў бліскучых супэрвокладках і факсымільныя перавыданьні. Была нават кніга, зробленая ў форме сэрца!

Ва ўсіх гэтых кніг быў адзін аўтар — невядомы мне тады Ян Твардоўскі. Я ўзяў у рукі прыемны на дотык томік, разгарнуў і прачытаў: «Kiedy Bóg drzwi zamyka — to otwiera okno». Гэты радок настолькі ўразіў мяне сваёй глыбінёй, што я згроб усю тую паліцу ў абярэмак і пад зьдзіўленым позіркам прыязнай прадавачкі прыладкаваўся за нізенькім столікам у куце кнігарні...

Праз гадзіну я выйшаў на вуліцу трошкі іншым чалавекам. Лепшым за таго, які нядаўна от так сабе, ад няма чаго рабіць тузянуў дзьверы тае кнігарні. Ці шмат увогуле на сьвеце кніг, якія вокамгненна нас паляпшаюць? Яшчэ пару гадзінаў таму я бязмэтна блукаў па Варшаве, недзе глыбока ў памяці трымаючы двух Твардоўскіх. Адзін зь іх, беларус з паходжаньня, стаў выдатным расейскім паэтам, рэдактарам найлепшага ў СССР літаратурнага часопіса. У часы камуністычных ганеньняў на Васіля Быкава ён насуперак усім загадам зьверху друкаваў яго, а аднойчы з Масквы ў Горадню, дзе жыў тады апальны пісьменьнік, прыслаў паштоўку з памятнымі зь юнацтва словамі — усё мінецца, а праўда застанецца. Ні характарам, ні абліччам ён ня вельмі ўпісваўся ў маскоўскія літаратурныя прэзыдыюмы, дзе яго за вочы пагардліва называлі мянушкай з этнічным прыцэлам — чудь белоглазая.

Звалі таго паэта і рэдактара Аляксандар Твардоўскі. Другі Твардоўскі быў зь ліку маіх улюбёных літаратурных герояў — гэта ён у вядомай балядзе Адама Міцкевіча перадасьціпнічаў нячысьціка ў наваградзкай карчме пад назвай «Рым». І вось у маім жыцьці зьявіўся трэці Твардоўскі Ян — і засланіў сабою ўсіх астатніх.

У той варшаўскай вандроўцы я ўсё ж схітрыўся заашчадзіць колькі дзясяткаў злотых і дамоў вярнуўся з кніжкай паэта-ксяндза «Budzić nadzieję». А неўзабаве ў нейкай менскай кнігарні трапіліся мне вершы Яна Твардоўскага ў перакладзе на расейскую мову. Таксама набыў. Яшчэ і па той прычыне, што адным зь перакладчыкаў значыўся там масквіч Андрэй Базілеўскі — мой даўні знаёмец. Неяк на адным зь міжнародных паэтычных фэстываляў, зьдзіўлены яго бездакорнай польскай мовай (для масквічоў зьява даволі рэдкая) і западозрыўшы ў ім тую самую «чудь белоглазую», я напаўжартам пацікавіўся ў Андрэя — зь якіх базілеўсаў ён выводзіць свой радавод? І пачуў у адказ прадказальнае — бацька зь Беларусі, зь Віцебскай вобласьці...

Помніцца, сваім прыпозьненым адкрыцьцём вялікага паэта я дзяліўся з кім толькі мог. І як жа быў усьцешаны, калі аднойчы пачуў, што рыхтуецца кніга Яна Твардоўскага па-беларуску. І вось яна выйшла летась у Менску — на паспалітае чытаньне і добрае навучаньне, калі пакарыстацца слаўным Скарынаўскім дабраславеньнем.

Кніга «Разам з Табою», як спрыктыкаваны лекар, робіць чытачу небалючыя прышчэпкі веры ў несьмяротнасьць чалавечай душы. Я ўпэўнены — нават зацятага матэрыяліста прымусіць задумацца ну хоць бы такі радок: «Сьмерць — хвіліна найбольшай надзеі».

Кніга «Разам з Табою» — гэта паэтычны ружанец, які кліча да роздуму і да малітвы; перабіраеш вершы-пацеркі — і змрочны сьвет робіцца ясьнейшым, а нам сёньня гэтак бракуе яснасьці сьвету!

У кнізе «Разам з Табою» з усьмешкай гаворыцца пра рэчы сакральныя, але гэта не дэсакралізуе і не прыніжае іх. Ці гэта просьба да Крыжа, каб не прыходзіў у наш сьвет без Укрыжаванага. Ці гэта іранічны пасаж наконт фіранак у стаенцы, дзе нарадзіўся Ісус. А як вам такая замалёўка, напісаная (аж ня верыцца) паэтам-ксяндзом?

Мой Бог галодны
худое цела і рэбры
ня мае грошай
высокіх катэдраў са срэбра
Не памагаюць яму
доўгія песьні і сьвечкі
упалыя грудзі
лекаў ня хоча з аптэчкі...

Неяк аўтару гэтых радкоў давялося выступаць з чытаньнем вершаў у касьцёле (цяпер літаратурныя сустрэчы ў храмах — ня рэдкасьць). Прагучалі тады і радкі пра тое, як «ня можа ніяк — увесьчасна занята — дазваніцца да Бога адноўлены храм». Пасьля сустрэчы да мяне падышла сур’ёзная кабета і наківала пальцам — больш так, малады чалавек, не багахульствуйце. Пачытала б яна Яна Твардоўскага, у яго падобнага «багахульства» — тры корабы з каптуром.

Ён быў мудрацом і любіў паглыбіцца ў одум на лавачцы пад лістоўніцай, што расла паблізу яго сьціплай, як манаская кельля, кватэркі пры касьцёле сясьцёр-візытантак у Варшаве. У той кватэрцы ён жыў разам з парцалянавымі анёламі і драўлянымі пеўнікамі, што скакалі па падваконьні, а ў шыбах зіхацелі каляровыя батлеечныя вітражы.

Ён любіў усё жывое, у сваіх паэтычных казанях ён размаўляў з кветкамі, птушкамі і дрэвамі, а яго ўлюбёным лірычным героем была... божая кароўка якая павольна перапаўзала зь верша ў верш ды так і засталася на вокладцы адной зь ягоных кніг.

Ён ведаў, што самая вялікая каштоўнасьць у сьвеце — любоў, і перад няспынным гадзіньнікам вечнасьці заклікаў сваіх чытачоў: «Сьпяшаймася любіць людзей!».

Яна Твардоўскага называлі паэтам Хрыста, які ўсьміхаецца, паэтам усьмешлівага Хрыста, і гэта вельмі трапнае і дакладнае вызначэньне.

Ягоным імем у Польшчы названыя больш за 200 (!) школаў і бібліятэкаў, ён быў доктарам honoris causa Люблінскага ўнівэрсытэту, атрымаў вельмі шмат розных прэміяў і ўзнагародаў, у ліку якіх і найганаровейшы Камандорскі крыж Ордэну адраджэньня Польшчы. Але, як мне падаецца, знакі дзяржаўнай увагі не асабліва цікавілі паэта. Праўда, быў ва ўзнагародным сьпісе Яна Твардоўскага незвычайны ордэн — польскія дзеці ўганаравалі яго Ордэнам усьмешкі! Паэт атрымаў узнагароду з будучыні, і гэта найлепшае прызнаньне для творцы.

Сам Ян Твардоўскі пра сваё служэньне Богу і паэзіі сказаў так: «У сьвеце бязьвер’я спрабую гаварыць пра веру, у сьвеце без надзеі — пра надзею, у сьвеце без любові — пра любоў». І яго творчасьць, што грунтуецца на веры, надзеі і любові, — гэта паэтычнае кварцаваньне прасторы, пасьля чаго зьнікаюць бацылы бязьвер’я, адчаю і нянавісьці.

Калісьці ўжо прыгаданы ў гэтых нататках другі Твардоўскі (ня той, які перахітрыў нячысьціка ў карчме «Рым») параўнаў паэтычны пераклад з высушаным сенам, а арыгінал — з пахучай сакавітай канюшынай.

Перакладчыцы кнігі «Разам з Табою» — Данута Бічэль і Хрысьціна Лялько — аспрэчылі гэтыя словы. Паэзія Яна Твардоўскага ў іхным перакладзе ня страціла ні каліва сваёй першароднай вобразнай красы і філязофскай сілы. Думаю, што гэта была нялёгкая праца, параўнальная, хіба, зь перакладам багаслужбовых тэкстаў.

На жаль (і гэта адзіны выпадак, калі, загарнуўшы кнігу «Разам з Табою», хочацца прамовіць — на жаль), у беларускі зборнік Яна Твардоўскага не патрапіў адзін верш, які запыніў маю ўвагу яшчэ ў той, шчасьлівай для мяне, варшаўскай кнігарні. Я яго проста перакажу сваімі словамі. Верш мае назву «Больш нічога».

«Бог мой» — напісаў ён. І закрэсьліў, падумаўшы: настолькі ж мой, наколькі я эгаіст. Напісаў «Бог людзей» і — прыкусіў язык, згадаўшы, што ёсьць яшчэ анёлы і камяні, падобныя ў сьнезе на зайцоў. Нарэшце напісаў проста «Бог». Больш нічога. Бо і так напісаў занадта шмат".

Ян Твардоўскі працаваў, як Агюст Радэн. Скульптар прызнаваўся, што бярэ мармуровую глыбу і проста адсякае ўсё непатрэбнае. Паэт зь безьлічы словаў таксама пакідаў у вершы мінімум, гаворачы пры гэтым пра многае. І той, хто пачуе і зразумее гэтага нешматслоўнага паэта ўсьмешлівага Хрыста, перажыве непаўторныя хвіліны чытацкай радасьці.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG