Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

(эфір 31 ліпеня)
Праца зьезду ў другой палове дня яшчэ раз падцьвердзіла, што найбольш уплывовыя апазыцыйныя сілы Беларусі знаходзяцца на мяжы расколу.

Удзельнікамі спрэчак выступілі нават госьці зьезду. Павал Знавец, які вітаў Фронт ад імя Сацыял-дэмакратычнай партыі, заявіў, маючы на ўвазе Зянона Пазьняка, што культ асобы — зьява згубная і ў дзяржаве, і ў арганізацыі. На думку спадара Знаўца дэмакратызм у арганізацыі вызначаецца зьменнасьцю яе кіраўніцтва. У другой палове дня на зьезьдзе зьявіўся Валеры Шчукін (суд скасаваў яму сем зь пятнаццаці прысуджаных сутак адміністрацыйнага арышту). Спадару Шчукіну было дадзена слова, і ён заклікаў Фронт заставацца адзіным.

Гарачыя спрэчкі працягваліся і ў прамовах кіраўнікоў рэгіянальных радаў Фронту. Адным з найбольш яскравых быў выступ лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. На ягоную думку, апанэнты Пазьняка ў Фронце ўвасабляюць сучасную палітычную тэхналёгію. Сам Пазьняк і ягоныя аднадумцы ўвасабляюць дух. выступоўца заклікаў спалучыць тэхналёгію і дух. Мы просім, мы молім вас аб гэтым, — сказаў ён і дадаў,-- толькі калі мы застаемся адзінымі, нас будзе не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. Павал Севярынец паставіў у прыклад, так бы мовіць, даросламу Фронту Малады Фронт, які ў апошнія гады разьвіў надзвычайную актыўнасьць. На думку Севярынца, у наступным годзе адбудуцца выбары, і Фронт мусіць падрыхтавацца да іх так, каб быць альтэрнатываю і Лукашэнку, і Маскве.

Яшчэ больш жорсткія меркаваньні выказаў кіраўнік гомельскай гарадзкой рады БНФ Уладзімер Старчанка. На ягоную думку, ідзе спроба зачысьціць Беларусь ад нацыянальна-вызвольнага духу, у чым зацікаўленыя некаторыя лідэры "шырокай апазыцыі" ды іхнія расейскія спонсары. Ён адзначыў, што перад Фронтам ёсьць тры варыянты: "дрэнны" — пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў у кіраўніцтве, "вельмі дрэнны" — пакінуць усё, як ёсьць, і "зьнішчальны" — выгнаньне часткі Фронту зь ягоных шэрагаў.

Прадстаўнікі другога меркаваньня не саступалі апанэнтам у жорсткасьці выказваньняў. Мікалай Баўсюк з Горадні зачытаў прапановы гарадзенскай рады. Яны ў прыватнасьці палягалі ў тым, каб старшыню Фронту абіраў Сойм, і каб кіраўнік руху жыў і працаваў у Беларусі. А другі прадстаўнік Гарадзеншчыны, спадар Алейнікаў, заявіў, што, хаця імя Пазьняка ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю барацьбы за незалежнасць Беларусі, але ня можна ствараць сабе куміраў.

Але, відаць, усіх пераўзышоў па рэзкасьці кіраўнік магілеўскай вабласной рады БНФ Анатоль Фёдараў. Ён сказаў, што ў Фронце йснуе сэктанцкі падыход, прыхільнікі якога лічаць усе палітычныя сілы па-за Фронтам здраднікамі й ворагамі Беларусі. Спадар Фёдараў сказаў, што выразьнікам гэтага падыходу зьяўляецца намесьнік старшыні Фронту Сяргей Папкоў і ягоныя прыхільнікі. На думку Фёдарава, яны вельмі падобныя на Лукашэнку сваім папулізмам і нізкай палітычнай культураю. Кіраўнік магілеўскай рады лічыць, што без аб'яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў адстаяць Беларусь намагчыма.

Спадар Фёдараў паведаміў, што ў ліпені адбылася сустрэча кіраўнікоў рэгіянальных філіяў Фронту з Пазьняком у Варшаве. І тады, поводле словаў Фёдарава, лідэр Фронту пагадзіўся на арганізацыйныя рэформы. У прыватнасьці, з тым, што кіраўніцтва рухам з-за мяжы немагчымае. Але,-- распавядаў далей Анатоль Фёдараў,-- за некалькі дзёнаў да зьезду, калі сябры аргкамітэту мелі гутарку з Пазьняком, старшыня руху адмовіўся ад папярэдніх дамоўленасьцяў і абраў шлях расколу.

Амаль напрыканцы сваёй прамовы спадар Фёдараў выказаў у адрас Зянона Пазьняка зьнявагу, што выклікала абурэньне часткі залі й воклічы "ганьба, ганьба!" Але, калі спадар Фёдараў скончыў прамову, другая частка дэлегатаў праводзіла яго на мейсца воплескамі.

Нават гэты эпізод яскрава сьведчыць аб накале эмоцыяў. Меркаваньні ня толькі сутыкаліся на трыбуне і ў залі. У кулуарах зьезду, падчас сьнеданьня дэлегаты працягвалі спрачацца. Спрэчка нават паўстала пад час прыняцьця справаздачы мандатнай камісыі. Яе старшыня Віктар Каролік паведаміў, што камісыя прызнала паўнамоцтвы 325 дэлегатаў, а паўнамоцтвы трох прызнаць адмовілася з прычыны парушэньня працэдуры іхнага вылучэньня. Але Лявон Баршчэўскі паставіў пытаньне аб трох спрэчных дэлегатах на галасаваньне зьезду. Адзін з гэты "спрэчных" дэлегатаў заявіў, што пад час вылучэньня на зьезд у суполку прыйшло ўказаньне ад Сяргея Папкова — тых, хто супраць Пазьняка, на зьезд не вылучаць. Спадар Папкоў катэгарчына абверг гэтыя абвінавачваньні. У выніку, зьезд згадзіўся з мандатнай камісыяй і не зацьвердзіў паўнамоцтвы трох дэлегатаў.

Хутчэй за ўсё, нейкую кропку ў гэтых дыскусыях паставіць галасаваньне за новае кіраўніцтва Фронту, якое адбудзецца заўтра. Хада зьезду сьведчыць аб тым, што бакі настроены вельмі рашуча й ня маюць намеру саступаць. Застаецца суцяшаць сябе філязофскім меркаваньнем, што крызыс — гэта таксама форма разьвіцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG