Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня, ужо другі дзень запар расейская авіяцыя бамбавала ваколіцы Грознага. Масква цьвердзіць, што гэта працяг апэрацыі супраць базаў ісьлямістаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Чачэніі, аднак афіцыйны Грозны й заходнія аглядальнікі бачаць ў дзеяньнях Расеі прыкметы новае вайны з Чачэніяй…

Улады Чачэніі паведамілі, што ў выніку сёньняшняга налёту загінулі дзевяць чалавек. Згодна агэнцыі "Интерфакс", атакі ў ваколіцах сталіцы засяродзіліся на складах паліва й тэлевізыйных аб'ектах. Восем чалавек загінулі ў часе атакі на аўтакалёну ў 50-ці кілямэтрах ад сталіцы.

Між тым Расея заявіла, што Чачэнія дае прытулак ісьлямскім баевікам, якія двойчы ўварваліся ў Дагэстан і якія адказныя за бамбовыя замахі ў Расеі. У нядзелю прэм'ер Уладзімер Пуцін заявіў, што "бандыты будуць перасьледвацца – дзе б не апынуліся, у тым ліку і ў аэрапорце".

Прэзыдэнт Чачэніі Аслан Масхадаў у сваю чаргу заявіў, што ён не кантралюе ісьлямскіх баевікоў, аднак перасьцярог Расею, што ў выпадку далейшых атакаў чачэнскія сілы прадпрыймуць адпаведныя крокі ў адказ.

Згодна агенцтву "ИТАР-ТАСС", жыхары Чачэніі пачалі пакідаць раёны, якія сталі аб'ектамі артылерыйскага і ракетна-бамбовага абстрэлу.

Агулам, паводле дадзеных міграцыйнае службы рэспублікі, з Шалкоўскага, Нажай-Юртаўскага і Ведзенскага раёнаў у Грозны ды іншыя мяйсцовасьці прыбылі звыш трохсот тысячаў уцекачоў. Міграцыйныя службы актыўна займаюцца іх уладкаваньнем. У адпаведнасьці з рашэньнем ураду, на кожнага ўцекача вылучаецца па 400 грамаў хлеба.

Дзьве тысячы чачэнскіх уцекачоў апынуліся на тэрыторыі Інгушэціі. Урад рэспублікі вырашыў зьвярнуцца з просьбаю аб дапамозе да міграцыйнай службы Расеі і да міжнародных гуманітарных арганізацыяў. На чачэнска-інгускай мяжы вырашана пабудаваць лягер для ўцекачоў.

"Я патрымоўваю акцыі супраць тэрарызму ды тых, хто нанёс шкоду ня толькі свайму народу, але й зайшоў у Дагэстан, дзе стварыў "адмысловую зону". На працягу двух гадоў гэтыя людзі тэрарызавалі цэлыя раёны, пакуль тыя не зьвярнуліся да фэдэральных ўладаў з просьбаю навесьці парадак", – заявіў старшыня Рады Фэдэрацыі Ягор Строеў. Паводле ягоных словаў, зараз на мяжы йзноў зьбіраюцца наёмнікі. Яны нібыта прапускаюць наперад чачэнскіх дзяцей і затым ўздымаюць вэрхал, што расейскія сілы атакуюць цывільнае насельніцтва. Ягор Строеў заявіў, што праз грозьненскі аэрапорт паступаюць наркотыкі, даляры і таму трэба, каб "бомбы не міналі цэлі".

Падобную пазыцыю выказаў і былы сакратар Рады Бясьпекі, губэрнатар Краснаярскага краю Аляксандар Лебедзь. Ён лічыць, што "абсалютна неразумна" ўздымаць пытаньне аб незалежнасьці Чачэніі. На думку Лебедзя, калі б Чачэнія стала незалежнай, яна ператворыцца ў "гнойнік" і там будуць абвучацца тысячы тэрарыстаў, якія будуць кінутыя супраць Расеі. Гэнэрал лічыць, што на ўсім Паўночным Каўказе трэба ўвесьці надзвычайнае становішча, паколькі там ўжо на самой справе надзвычайная сытуацыя".

Заходнія аглядальнікі бачаць прыкметы разьвязваньня чарговае, буйнамаштабнае вайны. На думку маскоўскага карэспандэнта брытанскае газэты "The Daily Telegraph" Маркуса Ўорэна, выглядае, што Масква плянуе таксама наземную апэрацыю ў Чачэніі. Паводле ягоных словаў, аб гэтым сьведчаць хаця б атакі на грозьненскі аэрапорт, які мае невялікае дачыненьне да актыўнасьці баевікоў у Дагэстане. Затое аэрапорт названы ў гонар барацьбіта за незалежнасьць Чачэніі ад Расеі ў XVIII-м стагодзьдзі шэйха Мансура, скарыстоўваўся расейскімі сіламі ў якасьці сваёй базы чатары гады таму. Паводле "The Daily Telegraph", упершыню за апошнія некалькі гадоў, Расея наблізілася да новай вайны з Чачэніяй.

Пра магчымасьць новай вайны піша таксама амэрыканская газэта "The Wall Street Journal". Хаця ў аўторак прэм'ер Пуцін заявіў, што "Расея не плянуе аніякае буйнамаштабнае апэрацыі ў Чачэніі", аднак ля мяжы на тэрыторыі Дагэстану згуртаваныя 13 тысячаў вайскоўцаў. Амэрыканская газэта адзначае, што цяперашнія атакі супраць Чачэніі, гэтак як і вайна чатыры гады таму, супалі з перадвыбарнай гонкаю і палітычнай напружанасьцю ў Маскве.

Іншая амэрыканская газэта "The New York Times" адзначае цікавую акалічнасьць. У адрозьненьне ад першае вайны з Чачэніяй, цяперашнія атакі расейскіх сілаў на Чачэнію падтрымоўваюць шырокія колы расейскага грамадзтва, перакананага, што за апошнімі тэрактамі ў расейскіх гарадох стаяць чачэнскія баевікі. Зьмянілася таксама й стаўленьне чачэнскага грамадзтва. Атакуючы йзноў Чачэнію, расейскія сілы гэтым разам могуць сутыкнуцца з супрацівам амаль усяго народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG