Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Пасьля ўвядзеньня расейскіх войскаў у Ічкерыю ды ўвядзеньня прэзыдэнтам Масхадавым вайсковага становішча, новая чачэнская вайна стала рэальнасьцю. Ці зрабілі расейскія вайскаводы ды палітыкі высновы зь мінулае вайны, якая скончылася ў 96-м. Адказаць на гэтае пытаньне дапамагае публікацыя ў сёньняшнім нумары "The Washington Post". Сваё меркаваньне на гэты конт выказвае таксама былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

У рэпартажы з Чачні ў сёньняшнім нумары ў "The Washington Post", паведамляецца, што расейскія войскі, якія акупавалі паўночны бераг стратэгічна важнай для Ічкерыі ракі Церак, сустрэлі толькі нязначнае супраціўленьне чачэнскіх атрадаў. Яны пакінулі гэтую тэрыторыю, таксама як і тысячы ўцекачоў. Сорак адзін чалавек загінуў, калі расейская артылерыя абстраляла аўтобус, які перапраўляўся цераз мост на паўднёвы бераг Церака ў раёне паселішча Чарвлёная. Сярод загіблых былі дзесяць байцоў, астатнія – цывільныя асобы, у тым ліку адзін прадстаўнік улады Ічкерыі.

Чачэнцы, са свайго боку, раней зьбілі два расейскія бамбавікі Су-24 і Су-25. Прынамсі адзін зь пілётаў загінуў.

Су-25 быў выстаўлены дзеля агляду жыхароў на цэнтральным пляцы ў Грозным.

Амэрыканская газэта прыводзіць словы жыхаркі Грознага – маладой цырульніцы, які назвалася Фацімой: "Я задаволеная. У нас няма сьвятла, няма вады. Гэтыя зьбітыя самалёты – расплата".

Расейскія атрады знаходзяцца прыблізна ў дваццаці пяці кілямэтрах ад сталіцы Ічкерыі. У выніку бамбаваньня Грознага расейцамі былі зруйнаваны нафтаперапрацоўчы завод і некалькі іншых важных індустрыйных аб'ектаў.

Заняўшы паўночны бераг Церака, расейцы прыступілі да ключавой фазы апэрацыі ў Чачні, – піша "The Washington Post". – Паводле прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна, апэрацыя праводзіцца з мэтаю ўсталяваць "санітарны кардон" вакол Ічкерыі, каб выключыць магчымасьць пранікненьня ў суседні Дагэстан ды іншыя рэгіёны Каўказу ўзброеных ісьлямістаў, як гэта здарылася некалькі тыдняў таму.

Хаця міністар абароны Расеі маршал Сяргееў заявіў, што "ўсё будзе залежыць ад апэратыўнай сытуацыі", – як піша расейская газета "Известия", – больш агрэсіўна настроеныя гэнэралы Гэнштабу й Паўночна-каўказкае вайсковай акругі сьцьвярджаюць, што першы этап апэрацыі набліжаецца да завяршэньня. Даводзіцца канстатаваць, што расейскія вайскаводы ўсё ж засвоілі пэўныя ўрокі з вынікаў ваеннае кампаніі 94-96-га гадоў: больш дэталёва плянуюцца баявыя апэрацыі, больш ашчадна выкарыстоўваюцца сухапутныя войскі – перавага надаецца паветраным сілам, і гэдак далей.

Але ці сапраўды расейскае войска зрабілася больш баяздольным? І галоўнае – ці пралічаныя палітычныя вынікі новае вайны на Каўказе? І чым гэта можа пагражаць бліжэйшым суседзям Расеі – у прыватнасьці, Беларусі?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да былога міністра абароны Рэспублікі Беларусь гэнэрала Паўла Казлоўскага:

(Казлоўскі: ) "Я лічу гэта вялікай памылкаю Расеі, што яны вось ізноў распачынаюць сухапутныя апэрацыі. На маю думку, як спэцыяліста, гэтая вайна будзе без перамогі. Гэта йзноў будзе вялікая колькасьць людзей, загіблых у вайне. Нездарма ўчора Масхадаў заявіў аб тым, што на галоўным напрамку будзе ваяваць Басаеў. Яны йдуць адным фронтам супраць Расеі. Падымуцца й малыя, і старыя. І будуць ваяваць супраць Расеі. На маю думку, ваяваць трэба з тэрарыстамі. А ваяваць з народам – гэта беспэрспэктыўна й гэта будзе трагічна для Расеі.

Калі будзе той хаўрус, які хоча мець Лукашэнка, тады мажліва й нашыя салдаты пойдуць ваяваць хоць у Чачню, хоць на Далёкі Ўсход ці яшчэ куды-небудзь – калі будзе адная хаўрусная дзяржава. Гэтая небясьпека, безумоўна, існуе".

Дарэчы, афіцыйны прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Масхадава Апты Баталаў заявіў, што адступленьне чачэнскіх сілаў мае часовы, тактычны характар.

Газета "Известия" паведамляе, між іншым, што Надцерачны раён – радзіма ня толькі калябаранта Доку Заўгаева, але й Аслана Масхадава. Ягоныя продкі з тэйпу Алірой былі прымусова вывезеныя за савецкім часам на раўніну Церака, у выніку чаго Масхадавы маюць цяпер два родавыя паселішчы: Зандак ля дагэстанскае мяжы і Знаменская ў Надцерачным раёне.

Як бы то ні было, амэрыканская "The Washington Post", публікацыя якой ужо цытавалася, нагадвае, што Барыс Ельцын у свой час прызнаў вайну ў Чачні памылкаю.

Цяпер ён з усяе рашучасьцю робіць новую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG