Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

За тэмаю тэндэнцыйнасьці асобных журналістаў ў асьвятленьні вайны ў Чачні можна ўбачыць і праблему стану цяперашняй расейскай інтэлегенцыі. Мы патэлефанавалі ў Маскву вядомай расейскай праваабаронцы Валерыі Навадворскай.

Прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў назваў "недапушчальнай" сытуацыю, якая склалася на чачэна-інгускай мяжы. На прапускных пунктах, якія кантралююць расейскія фэдэральныя
войскі, чакаюць тысячы мірных жыхароў. Ёсьць паведамленьні пра чалавечыя ахвяры.

Спачатку – пра міжнародную рэакцыю на чачэнскія падзеі.
Аглядальнік нямецкага агенцтва ДПА адзначае парадаксальнасьць сытуацыі, пры якой Нямеччына, маючы голас у Радзе Бясьпекі, можа разьлічваць толькі на тое, што ейны голас ў справе Чачэнскай вайны будзе ледзь пачуты.

Тым часам, усё больш гучнымі робяцца крыкі чачэнскіх уцекачоў. У адказ на іх міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр патрабуе ад Расеі неадкладна спыніць ваенную акцыю. Нямецкі урад выглядае амаль бесдапаможна, калі вымушаны ў чарговы раз выслухоўваць расейскіх лідэраў, якія апраўдваюцца неабходнасьцю зьнішчыць тэрарыстаў. У той час як зьнішчаецца цывільнае насельніцтва.

Той жа мэтад выкарыстоўвае Расея і ў адносінах да Эўрапейскага Зьвязу, адзначае аглядальнік ДПА. І нават тое, што Расея пагадзілася на прысутнасьць у Чачні прадстаўнікоў АБСЭ, нічога яшчэ не азначае. І менавіта ў дзень, калі Прэзыдэнт ЗША Клінтан сустрэўся ў Осла з расейскім прэм'ерам Пуціным, каб абмеркаваць праблему Чачні – інтэнсыўнасьць удараў фэдэральных войскаў была як ніколі высокай. Аглядальнік нямецкага інфармацыйнага агенцтва бачыць у гэтым своеасаблівы сымбаль.

Прэм'ер Пуцін разумее, што Чачня – гэта ня Косава і ня Ўсходні Тымор, і сусьветная супольнасьць ня можа ўвесьці ўзброеныя сілы на тэрыторыю Расеі у мэтах усталяваньня міру. Заходнія краіны – і асабліва Нямеччына – мала чаго баяцца болей, чым нестабільнасьці ў Расеі, – заўважае нямецкае інфармацыйнае агенцтва. Прагноз наступны: Захад будзе павялічваць ціск на Расею на словах – але пазьбегне якіх-небудзь сілавых дзеяньняў. Можна чакаць, што на саміце ў Стамбуле Расея пачуе шмат непрыемнага ў сувязі з Чачнёй, аднак асабліва клапацінна Крамлю ня варта: усе сур'ёзныя рашэньні ў межах АБСЭ прымаюцца шляхам кансэнсусу, гэта значыць, пры поўнай згодзе кожнага з бакоў. А Расея таксама мае права голасу.

Адзначаюцца і посьпехі Пуціна ў апраўданьні ваеннай апэрацыі – праўда, посьпехі гэтыя не распаўсюджваюцца на Захад, а тычыцца толькі расейскай грамадзкасьці.І сапраўды – калі яшчэ два месяцы таму заявы пра Пуціна як пра верагоднага пераемніка Ельцына маглі выклікаць ў лепшым выпадку скепсіс, дык сёньня, паводле розных сацыялагічных даследаваньняў, за Пуціна як за прэзыдэнта гатовыя прагаласаваць ад 25 да 39 адсоткаў расейцаў.

І гэта – своеасаблівы фэномен, які нельга вытлумачыць адно толькі посьпехамі баявой апэрацыі. Дарэчы, посьпехі фэдэральных сілаў варта было б лічыць вельмі адноснымі: яшчэ не распачаўся этап партызанскай вайны, якой з боку чачэнцаў не выключае і расейскі Генштаб. Сёньня радыёстанцыя "Эхо Москвы" са сапсылкай на армейскую крыніцу паведаміла, што – цытую – "ў шэрагу населеных пунктаў дарослыя мужчыны пераходзяць на бок баевікоў" – канец цытаты.

Але ў гэтыя дні ўвага сьвету засяроджана ня столькі на баявой апэрацыі, колькі на праблемах уцекачоў. У Інгушэтыі колькасьць тых, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы і сысьці ў суседнюю рэспубліку, наблізілася да 200 тысячаў чалавек. Аднак гэтыя людзі, якім не хапае ежы, адзеньня, мэдычнай дапамогі, могуць лічыць сябе шчасьлівымі ў параўнаньні з тымі, каго расейскія фэдэральныя войскі ўтрымліваюць на фільтрацыйным пункце. Некалькі чалавек ужо загінулі ў цісканіне, і з прычыны сардэчных прыступаў.

Ненармальнасьць становішча відавочная для ваенных уладаў. Аднак у некаторых незалежных назіральнікаў складаецца ўражаньне, што ўсё гэта створана адмыслова, дзеля помсты тым, чые браты ды сыны, магчыма, цяпер змагаюцца з фэдэральнымі войскамі.

Трагедыя чачэнскіх уцекачоў бачная гледачам заходніх, эўрапейскіх і амэрыканскіх тэлеканалаў, – але тыя, хто абмяжоўваецца расейскім тэлебачаньнем, амаль пра яе ня ведаюць.

У чым прычына такога дазаваньня інфармацыі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка Расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксея Сіманава.

(Сіманаў: ) "Новая вайна пачалася на фоне значна больш неспрыяльнага і драматычнага стаўленьня журналістаў да падзеяў. Таму, у асноўным, журналісты адлюстроўваюць падзеі, знаходзячыся ў шэрагах расейскай арміі. І гэта, як Вы разумееце, ўжо стварае ўмовы для відавочна аднабаковага адлюстраваньня гэтай праблемы.

Каненчне, ёсьць прэса, якая сапраўды разглядае сытуацыю ня з пункту погляду глябальнасьці канфлікту, а сыходзячы з пазыцыі асобы, ейных праблемаў. Гэта – бліскучыя матэрыялы Анны Паліткоўскай у "Новой газете", прыстойныя матэрыялы ў "Московских новостях". Але такіх матэрыялаў даволі няшмат. Яны прысьвечаныя праблемам уцекачоў, жаўнераў, яны сыходзяць з індывідуальных асаблівасьцяў кожнага чалавека, які трапіў у бяду, і тады гэтая бяда вельмі акрэсьленая у іхных публікацыях. Астатнія, разам з арміяй, займаюцца праблемамі глабальнымі: прыйшлі, заваявалі, узыйшлі, абстралялі…. Практычна, чалавекам і ягоным лёсам Гэтыя сродкі масавай інфармацыі практычна не займаюцца.

Акрамя таго, зробленае ўсё, каб максымальна адсунуць журналістаў ад гэтага канфлікту і даць ім магчымасьць браць інфармацыю ў асноўным з рук прэсавых службаў тых ведамстаў, якія ваююць у Чачні. І гэта таксама ўплывае на характар асьвятленьня чачэнскіх падзеяў".

Аднак за тэмаю тэндэнцыйнасьці асобных журналістаў можна ўбачыць і праблему стану цяперашняй расейскай інтэлегенцыі. Я патэлефанаваў ў Маскву вядомай расейскай праваабаронцы Валерыі Навадворскай. Вось яе меркаваньне.

(Навадворская: ) "Прырода імпэрыялізму аднолькавая. Абавязкова ў краіне павінна прысутнічаць раўнадушнасьць да гэтай праблематыкі, ксэнафобія. Цяпер, канечне, яе болей, таму што давялося штучна ствараць прычыну дзеля ўвядзеньня войскаў. Тады гэта было ўсё ўпершыню, былі, магчыма, нейкія спадзяваньні ва ўладаў, што яны там зробяць канстытуцыйны парадак. А цяпер для іх гэта не галоўнае. Цяпер для іх галоўнае проста помста, і цяпер для іх галоўнае – страх. Частка інтэлегенцыі сдалася. Яна стамілася быць іншай, не такой, як уся маса народу. І тое, што робяць тэлеканалы, гэта – якраз і паказвае, на што яна здатная. Таму што там ніхто з аўтаматам не стаіць, і можна рызыкнуць звальненьнем з працы. Ну аднаго звольняць, другога звольняць, трэцяга. Што, яны каналы б пачалі ліквідаваць? Лепш тады страйк на канале арганізаваць, і навогул не паказваць навіны з Чачні, калі нехта вымушае даваць хлусьлівую інфармацыю".

Дарэчы, Валерыя Навадворская лічыць, што стаўленьне расейскіх палітыкаў да Чачні ня шмат адрозьніваецца ад іхніх адносінаў і ў дачыненьні да Беларусі.

(Навадворская: ) "Калі Чачня лічыцца зьбеглай з турмы, і яе трэба дагнаць, вярнуць і яшчэ адзін тэрмін зьняволеньня даць – дык з Беларусьсю робяць тое ж самае. Яна таксама зьбегла з вязьніцы у 91 годзе, і таксама трэба дагнаць, і таксама трэба даць яшчэ адзін тэрмін. Ва ўсялякім разе, Беларускаму Народнаму Фронту і Васілю Быкаву. Які, на шчасьце, у Фінляндыі, і спадзяюся, ён ня зьнікне.

А вось Ганчару, напэўна, далі "вышэйшую меру", там пра зьняволеньне гаворкі не ідзе. І – усім, хто будзе супраціўляцца. Словам, беларуская апазыцыя разглядаецца прыблізна гэтак жа, як і чачэнскія тэрарысты, хаця яна ў Дагестан не ўрывалася. Затое яна ўварвалася ў іншае: ў імпэрскі комплекс Расеі. Бо як гэта можна не пажадаць жыць з Расеяй пад адным дахам, як гэта можна грэбваць такой шыкоўнай магчымасьцю?".

І завяршаючы тэму Чачні, адзначым, — сёньня радыёстанцыя "Эхо Москвы" са спасылкай на Генштаб паведаміла колькасьць чачэнскіх узброеных жаўнераў, якія супрацьстаяць фэдэральным войскам. Іх – каля 22 тысячаў. У іх на ўзбраенбні – 28 танкаў, 60 адзінак бронетэхнікі, некалькі ракетных сыстэмаў "Град", і 70 пераносных зенітных комплексаў "Сцінгер". Узброеных людзей і тэхнікі значна больш, чым меркавалася раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG