Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ВЁСКА Ў ЦЭНТРЫ ЎКРАІНЫ


Ганна Сурмач, Прага

Пра беларускую вёску ў цэнтры Ўкраіны мы размаўляем з украінскім пісьменьнікам Міколам Чабаном і Лідзіяй Цярэньцевай, якая да нядаўняга часу ўзначальвала сельскаю Раду Сурска-Літоўскага. Мікола Чабан захапіўся беларускім фальклёрам пад час вучобы ва ўнівэрсытэце.

(Чабан: ) “На маю зацікаўленасьць фальклёрам беларусаў уплывала тое, што мая мама – Лідзія Іванаўна – беларуска, родам з Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Гэта было 20 гадоў таму, я захапіўся запісамі фальклёру гэтай вёскі Сурска-Літоўскае. Браў магнітафон і рушыў у фальклёрную экспэдыцыю.

Вынікам маёй цікавасьці сталася некалькі публікацыяў у тагачасным беларускім друку”.

Гісторыя Сурска-Літоўскага зьвязаная з сумнымі падзеямі, калі напрыканцы 18ст. беларускія землі трапілі ў склад Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады тады адразу па-свойму пачалі распараджацца лёсам новых царскіх падданых.

Мікола Чабан распавядае.

(Чабан: ) “Калі тут Пацёмкін у Кацярынаславе адкрыў суконную фабрыку, сюды ў 1794 годзе перавялі суконную і шоўка-панчошную мануфактуры, якія неўзабаве зьліліся ў адно прадпрыемства. Тады ж у слабадзе Сурскай пасялілі прыпісных сялянаў зь Беларусі.

Жылі гэтыя перасяленцы зь Беларусі ў цяжкіх умовах. Вось вынятка з рапарту дырэктара казённай фабрыкі: “Пабудаваныя 225 хатаў да вясны заставаліся не абмазанымі, а дахі падрадчыкамі былі так пакрыты, што іх трэба было перакрываць. Яравой пшаніцы сялянам адпусьцілі мала і са спазьненьнем, і таму ўсё, што пасеялі, загінула, ураджай не ўрадзіў, а з жыта летась для іх пасеянага і зжатага пасьля разьмеркаваньня дасталося кожнай сям’і толькі па паўтары капы, якога ня толькі на ежу да будучага ўраджая, але і на сяўбу для вялікіх сем’яў не хапала”.

У перасяленцаў было шмат іншых праблемаў. Па-першае, яны ня звыклі карыстацца мясцовай пітной вадой, якая ў летні час пачала цьвісьці. Студняў не было, і людзі змушаныя былі для прыгатаваньня ежы браць ваду з Суры, у выніку нямала беларусаў захварэла на ліхаманку”.

Вядома, што перасяленцы былі вывезеныя зь Віцебшчыны. Сп.Чабан працягвае.

(Чабан: ) “З Дуброўна было тады прывезена 292 майстравых і 205 фабрычных сялянаў.

20 гадоў таму я езьдзіў у тое мястэчка Дуброўна і запісваў фальклёр, каб параўнаць і пераканаўся, што фальклёр аўтэнтычны і супадае”.

Наколькі дасканала беларусы валодалі сваім рамяством сьведчыць факт, пра які распавядае сп.Цярэньцева.

(Цярэньцева: ) “У нас тут ёсьць кніга “На трёх холмах”, там апісваецца гісторыя, што калі Кацярына праязджала поўдзень Украіны, тады будаваліся бутафорныя вёскі, і ёй падаравалі сурска-літоўскія майстры шоўкавыя панчохі, якія памяшчаліся ў напарстку, яна пахваліла іх за гэта майстэрства”.

Хутчэй за ўсё, што сам гэты факт падарунка быў зладжаны тымі, хто ствараў бутафорскія вёскі на пацеху імпэратрыцы. Паднявольныя беларускія майстры, гвалтоўна адарваныя ад родных мясьцінаў, наўрад ці мелі тады замілаванасьць да расейскай самадзержыцы.

Аднак, трэба адзначыць, што становішча жыхароў Літоўска-Сурскага было троху лепшым, чым у суседзяў з навакольных сёлаў. Яны ня зьведалі прыгону на Бацькаўшчыне і на новым месцы пазьбеглі гэтай долі. Ізноў гаворыць сп.Цярэньцева.

(Цярэньцева: ) “Прыгоннага права на тэрыторыі сяла не было, тут былі вольныя людзі. Яны павінны былі працаваць на гэтай мануфактуры”.

Мікола Чабан узгадаў і пра такі факт з гісторыі вёскі.

(Чабан: ) “Там былі перасяленцы таксама з-пад Масквы, але мне здаецца, што беларускі этнас быў больш моцны і асіміляваў расейскі”.

Сп.Мікола гаварыў пра тое, што назва вёскі часам зьвязваецца не з беларусамі, а з сучаснымі літоўцамі.

(Чабан: ) “Нават у паважаных дасьледчыкаў надараюцца кур’ёзы. Напрыклад, Дружыніна – аўтар кнігі “Паўднёвая Украіна ў пэрыяд крызысу фэадалізму”, выдадзенай у Маскве ў 1981 годзе, распавядаючы пра засяленьне Кацярынаслаўшчыны напрыканцы 18ст. піша літаральна такое: “На казённыя мануфактуры перавозілі таксама беларусаў і літоўцаў, адсюль назва вёскі Сурска-Літоўскае, альбо Сурска-Фабрычнае, разьмешчанай на рацэ Вялікая Сура паблізу Кацярынаславу. Спакваля літоўцы зьмяшаліся з жыхарамі іншых народнасьцяў”.

Мы пацікавіліся ў пісьменьніка, наколькі сучасныя жыхары Сурска-Літоўскага памятаюць і захоўваюць свае нацыянальныя традыцыі.

(Чабан: ) “Бясспрэчна, памятаюць. Найбольш захаваліся вясельныя абрады і песьні, прынесеныя з роднай Беларусі 200 гадоў таму. Вясельле суправаджаецца вялікім размахам, сьвяткуе усё сяло. Вось такія словы сказала Соф’я Савітчанка, захавальніца народных традыцыяў: “Вясельныя звычаі маюць у Сурска-Літоўскай даўнія традыцыі, яны ня зьнікнуць. Зараз у нашым сяле нямала прыезжых, але ўсе яны трымаюцца нашага звычаю. На ўсе свае вясельлі яны клічуць карэнных ліцьвінаў, просяць парады, дапамогі ў правядзеньні сьвята”.

Сп.Мікола пад час сваіх вандровак у Сурска-Літоўскае сабраў багаты матэрыял пра звычаі і фальклёр тамтэйшых беларусаў. З дапамогаю абласнога ўпраўленьня культуры яму ўдалося выдаць усё асобнай кніжкаю, частка накладу яе трапіла і ў Беларусь.

(Чабан: ) “Назву маёй кніжкі даў радок з кнігі Ларысы Геніюш “На чабары настоена” – “Засьпявай мне на матчынай мове”.

У 2000 годзе, калі ў сяле праходзіла прэзэнтацыя кнігі пісьменьніка, да урачыстасьці мясцовыя жыхары падрыхтавалі традыцыйны вясельны абрад. Былая старшыня сельскай Рады сп.Цярэньцева прыклала тады і свае намаганьні, каб ўсё атрымалася як найлепш.

(Цярэньцева: ) “Праводзілі вясельле па-беларуску.Жыхары і наш фальклёрны ансамбль сьпявалі песьні беларускія. Мы распрацавалі сцэнар і правялі такое сьвята сяла – “Вясельле па-беларуску”.

Мікола Чабан знайшоў у беларускіх сем’ях і даўнейшыя побытавыя рэчы, якія ўжывалі перасяленцы.

(Чабан: ) “Знайшліся рушнікі, дошчачкі для пернікаў. Я выслаў іх Валяньціне Трыгубовіч у Менск, а яна перадала іх у музэй”.

Беларускія перасяленцы захавалі і некаторыя свае рэлігійныя звычаі.

(Чабан: ) “На могілках ёсьць такія крыжы, на іх расьпяцьце Хрыстовае. Гэта не характэрна для тутэйшых украінскіх вёсак, гэта ўніяцкая традыцыя. Тая тэрыторыя Віцебшчыны, я думаю, была ўніяцкай. Але тут яны мелі царкву праваслаўную, расейскую”.

Дарэчы, гэтую царкву, якую перасяленцы пабудавалі ўласнымі сіламі, распісваў бацька вядомага народнага мастака СССР Хведара Рашэтнікава. У былым Савецкім Саюзе яго ведаў амаль кожны школьнік па карціне з вучнёўскіх падручнікаў “Опять двойка”. Ён родам менавіта з гэтай вёскі.

Царкву ў Сурска-Літоўскім напаткаў такі ж сумны лёс, як і шмат якія храмы ў той бязбожнай дзяржаве.

(Чабан: ) “Гэтая цэрква, якую расьпісваў бацька Хведара Рашэтнікава, прастаяла да 60-х гадоў, і калі пры Хрушчове змагаліся з рэлігіяй, то яе дынамітам узарвалі”.

Мікола Чабан знайшоў зьвесткі пра тое, што пасьля рэвалюцыі ў Сурска –Літоўскім спрабавалі наладзіць для дзяцей перасяленцаў адукацыю па-беларуску.

(Чабан: ) “Былі спробы ў 20-30 гады адкрыць тут беларускую школу, пра гэта мне гаварыў колішні дырэктар школы Іван Іваноў, што яны знаходзілі на гарышчы ў школе пад час рамонту падручнікі на беларускай мове.

Я меў тады размовы з маткаю і дачкою Савітчанкамі. Яны расказвалі, што ў перадваенныя гады некаторы час навучаньне ў школе вялося на беларускай мове”.

Цяпер у сяле ёсьць сярэдняя школа, але яна не беларуская і нават не ўкраінская.

(Цярэньцева: ) “Сярэдняя школа ў нас расейская, украінская мова вывучаецца”.

Лідзія Цярэньцева, якой па свайму старшынёўскаму абавязку даводзілася займацца пабытовымі справамі жыхароў Сурска-Літоўскага, зьвярнула нашу ўвагу і на такую асаблівасьць сяла.

(Цярэньцева: ) “З даўніх часоў тут будавалі лазьні, раней іх палілі па- чорнаму, зараз яны больш цывілізаваныя. У суседніх сёлах такіх лазьняў тут няма. Гэта таксама сьведчыць пра адрозьненьне нашых жыхароў. Лазьні паляць вугалем, дровамі. Гэта чыстыя, белыя лазьні, парылкі там ёсьць. Так што людзі любяць чысьціню і акуратнасьць. І да працы ставяцца добра, народ працалюбны: любяць пагуляць і любяць працаваць”.

Гэтыя рысы вылучаюць жыхароў Літоўска-Сурскага яшчэ і цяпер, хоць прайшло больш за дзьве сотні гадоў, калі іх продкі пакінулі Бацькаўшчыну.

Апошнім часам сюды сталі наязджаць і новыя беларускія перасяленцы, якія знаходзяць тут паратунак ад Чарнобылю ды іншых праблемаў на Радзіме. Маладая эміграцыя хінецца да старэйшых, бо крэўныя сувязі на чужыне звычайна мацнеюць.

Новыя перасяленцы прыязджаюць з пашпартамі Рэспублікі Беларусь, а вось старэйшыя страцілі цяпер магчымасьць афіцыйна захаваць сваю нацыянальнасьць.

(Чабан: ) “Да нядаўняга часу ў большай часткі жыхароў Сурска-Літоўскага ў пашпартах у графе “нацыянальнасьць” было напісана “беларус”. На жаль, у пашпарце незалежнай Украіны такога запісу ўжо няма”.

Гэтая зьява яшчэ больш прысьпешыць страту нацыянальнай адметнасьці насельнікаў Сурска-Літоўскага, якую і без таго паступова зьнішчае час. Беларуская культура ня мае там належнага асяродку для захаваньня і разьвіцьця.

(Чабан: ) “Няма той інфраструктуры, каб нацыянальная культура разьвівалася, няма школы на роднай мове, цэрквы, газэтаў, засталіся толькі абрады народныя. Беларуская мова чутная, але яна такая ўжо памешаная”.

Мікола Чабан лічыць, што справа яшчэ і ў адсутнасьці падтрымкі зь Беларусі, адкуль можна было б чакаць зацікаўленасьці ў тым, каб дасьледаваць культуру сваіх перасяленцаў у іншых краінах.

(Чабан: ) “Добра было б, каб прыехаў спэцыяліст зь Беларусі і даў гэтаму ацэнку”.

Сапраўды, лёс гэтай беларускай вёскі на чужыне павінен быць цікавым для грамадзянаў Беларусі, бо шмат хто зь іх страціў сваю нацыянальную адметнасьць нават жывучы на Бацькаўшчыне. На завяршэньне паслухаем ізноў украінскага пісьменьніка Міколу Чабана, які напісаў кнігу пра беларускую вёску ва Ўкраіне Сурска-Літоўскае. Ён чытае ўрывак з гэтай кнігі.

(Чабан: ) “І ўсё ж не згубілася на крутых паваротах гісторыі беларускае зернейка. Беларускі паэт Рыгор Барадулін вобразна сказаў пра Беларусь: “На ўзьмежках цьвіла і выстаяла”. Так можна сказаць і пра беларускую вёску на Днепрапятроўшчыне, у самым цэнтры Ўкраіны, паблізу вялікага прамысловага гораду зь ягоным магутным асіміляцыйным уплывам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG