Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў працоўныя калектывы прызначаюць камісараў?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “У працоўных калектывах уводзіцца пасада намесьніка кіраўніка па ідэалягічнай працы. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разаслала ў прадпрыемствы і ўстановы інструкцыю аб функцыях гэтай службовай асобы. Новая пасада ўнесеная ў агульнадзяржаўны рэестар і кваліфікацыйны даведнік. У інструкцыі адзначана, што гэты намесьнік кіраўніка павінен “правільна тлумачыць унутраную і замежную палітыку дзяржавы, згуртоўваць і выхоўваць працаўнікоў”.

Нельга сказаць, што гэта нешта зусім новае для працоўных калектываў. Ужо некалькі гадоў на прадпрыемствах і ва ўстановах з колькасьцю працоўных звыш 300 чалавек была ўведзеная пасада намесьніка кіраўніка па інфармаваньню і сувязі з грамадзкасьцю. Так маскавалася функцыя палітрукоў. Цяпер маскіроўка адкінутая, і рэчы названыя сваімі імёнамі.

Увядзеньне новай пасады — альбо, правільней, існай пасады пад новаю назваю — вынікае з тых задачаў, якія паставіў Лукашэнка падчас выступу на ідэалягічным сэмінары ў сакавіку. У зьвязку з узмацненьнем ідэалягічнага ціску ў сыстэме адукацыі, новым колам рэпрэсіяў супраць незалежных СМІ і іншых захадаў узмацненьня кантроля над грамадзтвам, прызначэньне камісараў у працоўныя калектыавы сьведчыць пра пэўную тэндэнцыю ў палітыцы ўладаў. Што гэта за тэндэнцыя?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Першая прычына такой узмоцненай увагі да ідэалягічнай працы ў працоўных калектывах — зьніжэньне пэрсанальнага рэйтынгу Лукашэнкі. Раней ён мог зьвярнуцца да беларускага народу наўпрост праз тэлебачаньне і радыё і быў перакананы, што ніхто лепш за яго размаўляць зь людзьмі ня можа. Таму пэўны час, прыкладна да 1998–1999 гадоў у яго не было неабходнасьці уводзіць нейкіх палітрукоў на прадпрыемствах і ўстановах.

Сёньня рэйтынг падае, эканамічных посьпехаў няма. І ў кіраўніцтва Беларусі ўзнікла меркаваньне, што калі шмат разоў паўтараць слова “халва”, то ў роце стане салодка. Здаецца, што такія намеры — ад безвыходнасьці”.

(Аляксей Кароль: ) “Увядзеньне гэтых пасадаў у працоўных калектывах ідзе ў рэчышчы агульнай тэндэнцыі: ператварэньне аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны. Таму заканамерна адбываецца ўзмацненьне ідэалягічнага ціску і стварэньне дзеля вырашэньня гэтай задачы пэўнай сыстэмы.

Нічога новага тут няма. Усё гэта ўжо было ў гісторыі савецкай сыстэмы. І сёньняшнія ўлады ідуць шляхам рэанімацыі структураў, якія існавалі ў той сыстэме. Ва ўмовах уплывовай камуністычнай ідэалёгіі такія структуры доўгі час працавалі эфэктыўна. У пэрыяд позьняга сацыялізму яны ўжо не спрацоўвалі. Яны больш рабілі выгляд, чым рэальна працавалі, падтрымлівалі зьнешні воблік. Увядзеньне палітрукоў цяпер — гэта прыкмета таталітарызацыі рэжыму”.

(Карбалевіч: ) “Трэба нагадаць, што ў савецкі час у кожным працоўным калектыве быў сакратар парткаму альбо сакратар партыйнай арганізацыі КПСС. Іх функцыяй было ня толькі прапаганда перавагаў камуністычнай ідэалёгіі, але і кантроль за палітычнай ляяльнасьцю сябраў працоўнага калектыву. Менавіта вось гэтую другую функцыю і спрабуе ўлада надаць новы палітрукам.

Аляксандар Лукашэнка ўжо не адзін раз сьцьвярджаў, што палітычным грунтам рэжыму ў грамадзтве зьяўляюцца мясцовыя саветы, прафсаюзы і маладзёвая арганізацыя. Але, здаецца, што ўсё ж галоўным інструмэнтам кантролю ўлады над грамадзтвам застаюцца, як дарэчы і ў савецкі час, працоўныя калектывы. Прадпрыемствы і ўстановы выконваюць ня толькі гаспадарчыя функцыі, але паступова ператвараюцца ў палітычныя структуры, пачынаюць выконваць палітычныя функцыі.

Кантроль за людзьмі з дапамогаю працоўных калектываў больш эфэктыўны, чым з дапамогаю, напрыклад, прафсаюзаў. Таму што тут існуе матэрыяльная залежнасьць. Ці згодныя вы з тым, што менавіта гэткі сэнс палітызацыі працоўных калектываў цяпер?”

(Івашкевіч: ) “Па-першае, кантроль з боку ўлады над людзьмі з дапамогаю працоўных калектываў існаваў заўжды — і пасьля атрыманьня незалежнасьці Беларусі і часовай забароны кампартыі. Сыстэма ў нас не зьмянілася. Працоўныя калектывы засталіся часткаю дзяржаўнай сыстэмы. Калі б адбылася прыватызацыя, то такія дзеяньні ўлады былі б немагчымыя.

Па-другое, увядзеньне камісараў на прадпрыемствах і ўстановах — паказчык таго, што ўлада не давярае гаспадарчым кіраўнікам і паставіла наглядчыкаў над імі. Потым, напэўна, зьявяцца кантралёры над гэтымі кантралёрамі. Таму што сам Лукашэнка на згаданым ідэалягічным сэмінары заявіў: дзе ўзяць людзей, якія б усёй душой прапагандавалі новую ідэалёгію? Дзе набраць тысячы людзей, якія б маглі апантана служыць ідэі?

Дарэчы, гэтую ідэалёгію кіраўнік дзяржавы так і ня змог сфармуляваць. Адзінае, што зразумела: трэба хваліць Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначыць, што ў пачатку 1990-х гадоў, пасьля краху камуністычнай сыстэмы пачаўся пэўны працэс дэпалітызацыі працоўных калектываў. На прадпрыемствах і ўстановах былі ліквідаваныя парткамы КПСС. Быў прыняты закон, які забараняў стварэньне палітычных партыяў па вытворчым прынцыпе. Зараз адбываецца легітымізацыя працэсу палітызацыі працоўных калектываў. Менавіта таму Лукашэнка ўсяляк супраціўляецца прыватызацыі прадпрыемстваў”.

(Кароль: ) “Гэта сапраўды спроба паставіць пад кантроль грамадзтва з дапамогаю працоўных калектываў. Гэта таксама ня новая сытацыя. Яна сягае сваімі каранямі ў таталітарнае мінулае. Пры адсутнасьці базавай структуры кіроўнай партыі Лукашэнка спрабуе знайсьці ёй замену. Спачатку ён заявіў, што ягоная апора ў грамадзтве — гэта саветы, прафсаюзы і маладзёвая арганізацыя. Але тут ня вельмі атрымалася.

Таму трэба ўзяць пад кантроль працоўныя калектывы. Бо прывід 1991 году ўжо вітае ў дзяржаўных галовах. Пратэставыя настроі ў грамадзтве растуць. І каб прадухіліць сацыяльны выбух, трэба ўзмацніць кантроль над прадпрыемствамі і ўстановамі, над паводзінамі працаўнікоў.

Але такія захады могуць спрацоўваць толькі пэўны час. І ў гэтых высілках усталяваньня кантролю над грамадзтвам у момант падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі я бачу прыкметы канца гэтага рэжыму”.

(Карбалевіч: ) “Якія практычныя наступствы ўвядзеньня пасады намесьніка кіраўніка ідэалягічнай працы? Ці прывядзе яно да тых вынікаў, якія плянуюць улады? Усё ж грамадзка-палітычная сытуацыя трохі адрозьніваецца ад той, якая існавала ў савецкі час. І сацыяльна-эканамічны стан прадпрыемстваў і ўстановаў пагаршаецца”.

(Івашкевіч: ) “Да апошнячга часу ў асноўным у працоўных калектывах пасаду намесьніка кіраўніка па інфармаваньню і сувязі з грамадзкасьцю займаў кіраўнік афіцыйнага прафсаюзу. Напэўна, цяпер гэтаму ж чалавеку даручаць быць камісарам. Таму што прадугледжваецца аплата яго працы з унутраных рэзэрваў. Фонд заробкаў павялічвацца ня будзе. І новых людзей наймаць ня будуць. Яшчэ з савецкага часу кіраўнік прафкаму быў “на пабягушках” у дырэктара.

І гэтыя службовыя асобы будуць казаць працаўнікам: “Вы ж разумееце, што я вымушаны так казаць. Вы ж ведаеце, што я сумленны чалавек. Проста такія ў нас правілы гульні”. Будуць вешаць партрэты Лукашэнкі, пры гэтым сьмяяцца паміж сабою. Усё гэта мы бачылі ў апошнія гады савецкай улады. І стаўленьне да гэтых намесьнікаў па ідэалёгіі будзе такое ж, як да парткамаў у 1991 годзе. А справаздачы нагару будуць вельмі прыгожыя.

Сапраўды агітаваць людзей гэтыя намесьнікі кіраўніка не здолеюць. Я не ўяўляю гэтага, таму што ім няма чаго казаць. Як можна ўпэўніваць людзей, што жыць ім стала лепей, калі на самай справе ўсё наадварот? Яны могуць толькі ўгаворваць людзей і гасіць пратэставыя настроі, утрымліваць супрацоўнікаў ад публічнага пратэсту, каб не атрымаць пакараньня ад вышэйшых начальнікаў.

Анэкдатычна выглядае намер увесьці камісараў на прыватных прадпрыемствах. Усё гэта выльецца ў махровы фармалізм і паказуху. Яны будуць адзін аднаго прызначаць адказным за ідэалёгію, складаць справаздачы і рагатаць”.

(Кароль: ) “Я думаю, што рэжым не дасягне тых мэтаў, якія ставіць. У савецкай сыстэме была камуністычная партыя. Цяпер такі важны элемэнт таталітарнага кантролю адсутнічае.

Ёсьць два варыянты эвалюцыі дзеяньня гэтых намесьнікаў па ідэалёгіі. Альбо ўвядзеньне гэтай пасады ператворыцца ў чыстую фікцыю. Альбо яны стануць даносчыкамі, могуць дакладаць у адпаведныя органы аб людзях, якія выказваюць незадаволенасьць уладаю. І тут вызначаны крытэр: ляяльнасьць да ўлады, а па сутнасьці, ляяльнасьць да Лукашэнкі. І вось гэта сапраўды небясьпечна, бо можа стаць падставай для рэпрэсіяў. Таму гэтыя службовыя асобы вымушаныя будуць выкручвацца. Найбольш бессаромныя будуць пісаць даносы, каб апраўдаць сваё існаваньне, атрымаць прэміі і іншае”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, спраўджваецца заканамернасьць існаваньня ўсіх недэмакратычных рэжымаў: чым горшая сытуацыя для рэжыму, чым большыя цяжкасьці ў краіне, тым больш увагі надаецца ідэалягічнай працы. Але гістарычны вопыт сьведчыць аб тым, што калі палітыка дзяржавы супярэчыць аб’ектыўным працэсам і ў эканамічным, і ў сацыяльна-палітычным жыцьці, то прызначэньне камісараў наўрад ці дапаможа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG