Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страціць «Беларуськалій» — пацерпіць увесь беларускі бюджэт


Канфлікт з «Уралкаліем» можа дорага абысьціся ня толькі «Беларуськалію», але і ўсёй беларускай эканоміцы.

Фактычны распад найбуйнейшага ў сьвеце картэлю па вытворчасьці калійных угнаеньняў непазьбежна прывядзе і да зьніжэньня цэнаў на гэтую прадукцыю, і да зьмяншэньня аб’ёмаў продажу, лічаць беларускія і замежныя экспэрты.

Усе экспэрты адзіныя ў меркаваньні: тупік, у які зайшлі стасункі паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем», адмоўна ўплывае на справы абедзьвюх кампаніяў. На думку эканаміста Сяргея Чалага, страты і расейцаў, і беларусаў непазьбежныя:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Фактычна вайна цэнаў цяпер разьвязаная „Ўралкаліем“. Прычым гэта палітыка ў стылі „Назло врагам козу продам, чтоб дети молока не пили“. То бок расейцы значна горш робяць гэтым сабе, чым каму іншаму. Зразумела, цяпер усім давядзецца ўключыцца ў гэтую гонку цэнаў. Страцяць усе. Колькі? У найгоршай сытуацыі прыкладна напалову можа „паляцець“ валютная выручка».

Міхаіл Чыгір, былы кіраўнік беларускага ўраду, кажа, што гэты канфлікт бокам вылезе краіне:

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір
«Дрэнна гэта, будзем страчваць грошы. І вельмі вялікія. Будзе страчваць Расея. Беларусь тым больш будзе страчваць. Трэба выконваць падпісаныя дамовы. Ня ведаю, навошта прадаваць па-за межамі агульнага пагадненьня? Дамовіліся, дык трымайцеся сваіх слоў.

Пасьля гэтага ці захоча хто яшчэ падпісваць з намі пагадненьне аб партнэрстве, калі ёсьць такія прыклады? Гэта нагадвае сытуацыю з інвэстыцыямі. Выштурхнулі „Форд“, „Балтыку“, „Шкоду“... І што з гэтага карыснага? Кожны ж бачыць — калі ўжо з „Фордам“ так абышліся, то са мной тым больш».

«Беларуськалій» па напаўненьні бюджэту Беларусі валютай займае вядучыя пазыцыі, ідзе адразу пасьля прадпрыемстваў нафтахіміі, — падкрэсьлівае Сяргей Чалы:

«Беларуськалій» увесь час знаходзіцца ў сьпісе тых стратэгічных прадпрыемстваў, у якіх дзяржава забірае звышпрыбытак. Зразумела, што цяпер звышпрыбыткаў ужо ня будзе. А значыць, і для ўсёй беларускай эканомікі грошай будзе меней«.

Страты прынясе ня толькі падзеньне цэнаў на ўгнаеньні, прагназуе Міхаіл Чыгір:

«Скароціцца паступленьне валюты ня толькі з-за зьніжэньня цэнаў. Я думаю, з-за канфлікту з „Уралкаліем“ мы і ў аб’ёмах продажу звалімся».

Кіраўніцтва «Беларуськалія» заяўляе, што ў сувязі з «новымі ўмовамі на калійным рынку» неўзабаве зацьвердзіць новую стратэгію продажаў. Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак сумняваецца, што гэта можна зрабіць хутка:

«Гэта канцэпцыя даволі складаная. І практычна рэалізаваць яе няпроста. Я так разумею, што беларускі бок ужо рыхтаваўся да гэтай сытуацыі. Але, як раней мне казалі сур’ёзныя спэцыялісты, на стварэньне ўласнай сеткі продажаў звычайна траціцца каля двух гадоў».

Усе апытаныя экспэрты сыходзяцца на думцы: новая сытуацыя на ўсясьветным калійным рынку можа значна паўплываць на цану кампаніі «Беларуськалій». Лукашэнка казаў, што менш чым за 30 мільярдаў даляраў ён салігорскі гігант не прадасьць. Вядома, што расейцы прапаноўвалі 15 мільярдаў. Цяпер і гэтая сума можа істотна зьменшыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG