Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У палітыцы Расеі Лукашэнку дастаецца роля васала»


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 26 верасьня
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, 26 верасьня

Якія тэндэнцыі панавалі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях цягам гэтага году? Чаму павялічыліся расейскія субсыдыі афіцыйнаму Менску, чаму адбылася «калійная вайна»? Як магчыма спрагназаваць тэндэнцыі наступнага году?

Якія тэндэнцыі панавалі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях цягам гэтага году? Чаму павялічыліся расейскія субсыдыі афіцыйнаму Менску, чаму адбылася «калійная вайна»? Як магчыма спрагназаваць тэндэнцыі наступнага году, ці пагодзіцца Масква адмяніць вяртаньне мытаў за нафту ў расейскі бюджэт (а гэта 4 мільярды даляраў штогод)?

Вынікі году ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у перадачы «Праскі акцэнт» падводзяць галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль, дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш і аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «Падсумоўваючы вынікі беларуска-расейскіх дачыненьняў у 2013 годзе, давайце паспрабуем сфармуляваць, якія тэндэнцыі панавалі ў беларуска-расейскіх адносінах цягам гэтага году. У прынцыпе адносіны Менску і Масквы за час прэзыдэнцтва Лукашэнкі можна ахарактарызаваць паводле пэўнага крытэру: наколькі Расея матэрыяльна і палітычна дапамагала Беларусі. У розныя моманты, у залежнасьці ад сытуацыі, гэта дапамога то памяншалася, то павялічвалася. Адбываліся пэўныя крызісы ў адносінах, але потым вярталіся часы братэрства і інтэграцыі. У якую схему больш упісваецца 2013 год? Якая тэндэнцыя панавала ў ім?»


«Палітыка Расеі — паставіць Беларусь у залежнасьць»


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
Кароль: «Палітычны фон, палітычны ляндшафт аўтарытарных рэжымаў дастаткова змрочны, і зрэдку бываюць яркія падзеі, якія можа было б адзначыць. Тэндэнцыя была ранейшая. Я б вызначыў гэту тэндэнцыю так: палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі — паставіць Беларусь у залежнасьць ад палітыкі Крамля. І тут пэўных зьменаў не было. І таму „дапамога“ з боку Расеі вызначаецца менавіта крытэрам залежнасьці Беларусі дзеля правядзеньня палітыкі, скіраванай на дасягненьне расейскіх мэтаў. Гэтая палітыка дае плён перш за ўсё для Масквы.

Звычайна ў гэтых канфліктах паміж Крамлём і афіцыйным Менскам (канфліктах, якія то ўспыхваюць, то заціхаюць) ідуць развагі аб перамозе таго ці іншага боку. На мой погляд, тут няма перамогі ні для аднаго боку, ні для другога — калі вымяраць гэта крытэрам карысьці для грамадзянаў гэтых краінаў».

Цыганкоў: «Калі пагадзіцца, што гэта стратэгія існуе даўно (яна ў розныя гады праводзілася рознымі мэтадамі і рознымі падыходамі), 2013 год у гэтым сэнсе быў чым-небудзь адметным?»

Кароль: «Так, ён быў адметны менавіта калійным канфліктам — гэта найбольш гучная падзея. Пікі адносінаў аўтарытарных рэжымаў якраз характарызуюцца ня сьветлымі ўсплёскамі, а менавіта цёмнымі — канфліктамі і войнамі».

Цыганкоў: «Валер, як Вы бачыце 2013 год? Ці адрозьнівалася палітыка Крамля ў дачыненьні да Беларусі ад папярэдніх гадоў? Ці стала яна больш дасканалай, калі зыходзіць з той вэрсіі, што стратэгія ў Масквы адна і тая ж?»


«Ніколі раней расейскія датацыі Беларусі не былі такімі вялікімі»


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «Я б адзначыў некалькі асаблівасьцяў гэтага году. Па-першае, на мой погляд, ніколі раней расейскія датацыі Беларусі не былі такімі вялікімі (я маю на ўвазе эканамічныя датацыі). Пастаўка нафты ішла ў даволі вялікіх аб’ёмах да самага канца году (калі не лічыць апошняга кварталу), газ — па даволі нізкіх коштах, самых нізкіх у Эўропе, крэдыты банка Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС Расея цалкам выплочвала, нягледзячы на тое, што беларускі бок не выконваў нават тыя ўмовы, якія былі запісаныя ў пагадненьні аб выдзяленьні гэтых грошай.

Дзьве падзеі, на мой погляд, рэзка выбіваліся з такіх стабільных, роўных адносінаў. Першая — гэта навіна пра тое, што ў Беларусі зьяўляецца расейская вайсковая база, прычым асноўная інфармацыя пра гэтую базу ішла з расейскага боку. Беларускі бок неяк спрабаваў пра гэта маўчаць, і дасюль сытуацыя абсалютна незразумелая. Хаця зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Баранавічах зьявяцца расейскія самалёты, але пакуль што гэта інфармацыя неафіцыйная. То бок, калі сапраўды расейская вайсковая база зьявіцца ў Беларусі, — гэта будзе вельмі моцным паваротам у залежнасьці Беларусі ад Расеі. Гэта пэўная страта вайсковага сувэрэнітэту Беларусі на сваёй тэрыторыі. І другая падзея — гэта, зразумела, „калійная вайна“».

Цыганкоў: «Пра „калійную вайну“ мы яшчэ пагаворым больш падрабязна пазьней, а пакуль — тое ж самае пытаньне трэцяму ўдзельніку нашай перадачы Кірылу Коктышу: чым бы Вы ахарактарызавалі 2013 год у адвечнай тэме беларуска-расейскіх дачыненьняў? Чым ён быў адметны? Ці можна сказаць, што стратэгіі абодвух бакоў працягвалі разьвівацца, але з пэўнымі асаблівасьцямі?»

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Коктыш: «Я б сказаў, што нічога асаблівага, новага ня здарылася. Больш ці менш трывала ішло будаўніцтва Эўразійскага зьвязу. І вынікі, якія атрымаліся ці атрымліваюцца, — тое, што Беларусь зараз мае атрымаць — гэта заслуга не кіраўніцтва Беларусі, гэта за яе зрабіла Ўкраіна. На наступны год пасьля ўкраінскіх падзеяў Расея проста ня зможа дазволіць сабе ніякіх правалаў на беларускім напрамку.

Але нават і бяз гэтага год быў даволі неблагі: «калійная вайна» скончылася так ці інакш на карысьць Беларусі, іншыя абвастрэньні былі так ці інакш згладжаныя, і Менск здолеў даволі пасьпяхова манэўраваць паміж так званымі «лібэраламі Мядзьведзева» і так званымі «сілавікамі Пуціна». Канешне гэта ўмоўныя назвы, але гуляючы на розьніцы ў зацікаўленасьцях адной і другой групоўкі, Менск больш-менш «выруліў» і без асаблівых стратаў прайшоў гэты год».

Цыганкоў: «Калі ўжо нашы ўдзельнікі не згаворваючыся ўзгадалі пра „калійную вайну“ — самы час пагаварыць пра яе. Наколькі гэтая самая яркая падзея 2013 году ў беларуска-расейскіх дачыненьнях была заканамернай — з пункту гледжаньня таго, што нейкія „войны“ („газавая вайна“, „малочная вайна“) паміж афіцыйнай Масквой і Менскам адбываліся ці не штогод? З пункту гледжаньня таго, што яна ўсё такі адбывалася па нейкіх іншых правілах, у іншых абставінах, — „калійная вайна“ зьяўляецца нейкім выключэньнем ці ёсьць заканамерным вынікам своеасаблівасьці адносінаў паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі?»


«Працяг дазволу кіраваць падмандатнай тэрыторыяй пад назвай Беларусь»


Кароль: «Спачатку дазволю сабе рэпліку наконт высновы Коктыша, што беларускі бок выйшаў пераможцам у „калійнай вайне“. Ну якая тут перамога, калі продаж калію — на ніжняй адзнацы, кошт — таньнейшы, выручка — меншая? Тут нават калі казаць ужо не пра народ, не пра людзей, а пра рэжым — і той прайграў, таму што гэта была адносна незалежная крыніца дастаткова вялікага даходу Аляксандра Лукашэнкі. І яна зьнізілася больш, чым на палову. Так што ў гэтым сэнсе — гэта большая залежнасьць ад Крамля, ад яго дапамогі.
Ці была „калійная вайна“ заканамернай? Я лічу, што гэта ўсяго толькі эпізод з агульнай схемы ў пляну Пуціна на ўзмацненьне сваёй асабістай улады

Ці была „калійная вайна“ заканамернай? Я лічу, што гэта ўсяго толькі эпізод з агульнай схемы ў пляну Пуціна на ўзмацненьне сваёй асабістай улады. Першы этап — ён быў выканаўца рашэньняў „сям’і“ і алігархаў. Другі этап — умацаваньне ўласнага клану, трэці этап — аднаўленьне Вялікай Расеі, як ён яе бачыць, — імпэрская ідэя. І гэты эпізод „калійнай вайны“, на мой погляд, ёсьць ня больш, чым эпізод пазбаўленьня Лукашэнкі адносна незалежнай крыніцы дастаткова вялікага даходу, і другое — аслабленьне пазыцыі таго ж „лібэральнага клану“ Мядзьведзева».

Цыганкоў: «То бок Вы лічыце, што Пуцін фактычна справакаваў ці пачаў дэ-факта гэтую „калійную вайну“, а Лукашэнка сваімі дзеяньнямі (у тым ліку арыштам Баўмгертнэра) быў проста вымушаны адбівацца?»

Кароль: «Альбо Лукашэнка — проста інструмэнт (сьвядома ці несьвядома) у руках групоўкі Пуціна, якая праводзіла гэту апэрацыю пад назвай „калійная вайна“».

Цыганкоў: «Але з гэтага пункту гледжаньня гэта групоўка Пуціна здаецца Лукашэнку нашмат больш выгаднай, чым так званыя „лібэралы Мядзьведзева“, і гуляць на яго баку Лукашэнку больш выгадна».

Кароль: «Так і ён гэта і атрымаў. Праз узьдзеяньне ўкраінскіх падзеяў, але па сутнасьці атрымаў. Але атрымаў залежную крыніцу фінансаваньня: ад Расеі, ад Крамля. Плата дастаткова высокая: тыя ж выбары наперадзе, прызнаньне легітымнасьці яго ўлады. Гэта працяг дазволу кіраваць падмандатнай тэрыторыяй пад назвай Беларусь».

Коктыш: «Наконт першага аргумэнту спадара Караля, што кошты зьнізіліся... дык яны зьніжаліся за год да канфлікту, але ў выніку гэтай барацьбы Лукашэнка здолеў дабіцца зьмены расейскага алігарха. Група Керымава фактычна больш не ўладарыць „Уралкаліем“. Цяпер гэта будзе „сяброўскі алігарх“, і гэты бізнэс будзе працаваць на карысьць Беларусі, на карысьць „Беларуськалія“.

На постсавецкай прасторы гэта першы прыклад, калі — са стратамі, вядома — але атрымалася ня толькі адбіць спробу захопу, але нават вярнуць той статус-кво, які быў на пачатку. І сёньня Беларусь здолела вярнуць сабе надзею на тое, што „Беларуськалій“ будзе, як і раней, прыносіць 20-25 працэнтаў ад нацыянальнага бюджэту».


«У беларуска-расейскіх дачыненьнях канфлікты — гэта норма адносінаў»


Цыганкоў: «Валер Карбалевіч, напэўна, адзін з тых людзей, якія найбольш часта пісалі на нашым сайце пра вынікі „калійнай вайны“ на тым ці іншым этапе. Тым ня менш, цяпер, калі „пена сышла“, і шмат што можна ўбачыць па-іншаму — Валер, як вы бачыце менавіта з пункту гледжаньня стратэгічнага вынікі „калійнай вайны“?»

Карбалевіч: «Кірыл кажа, што сытуацыя вярнулася на нейкую нулявую адзнаку, — аднак калі глядзець па коштах на калій на сусьветным рынку, дык пакуль што яшчэ нічога не вярнулася. І ці вернецца, і калі вернецца — гэта пакуль яшчэ пытаньне адкрытае.

Што тычыцца самога канфлікту, вядома, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях канфлікты — гэта норма адносінаў. То бок канфліктагеннасьць закладзеная ў сам падмурак, у нейкае ДНК беларуска-расейскіх адносінаў.
Лукашэнка дамогся зьмены галоўнага акцыянэра „Ўралкалію“, дамогся публічнага прыніжэньня Расеі і асабіста Пуціна

Асаблівасьць гэтага канфлікту была ў тым, што гэта канфлікт — фармальна не зусім паміж Беларусьсю і Расеяй. Гэта канфлікт паміж Беларусьсю і адной з расейскіх кампаній. Калі казаць пра вынікі, пра тое, хто „перамог“, — я думаю, што Лукашэнка атрымаў псыхалягічную і палітычную перамогу. Сапраўды Лукашэнка дамогся зьмены галоўнага акцыянэра „Ўралкалію“, дамогся публічнага прыніжэньня Расеі і асабіста Пуціна. Зьвярніце ўвагу: Пуцін два разы прыяжджаў у Беларусь, калі Баўмгертнэр працягваў сядзець за кратамі ці пад хатнім арыштам: спачатку на вайсковыя вучэньні, потым — на саміт. Гэта было дэманстратыўнае прыніжэньне, і ў выніку ў верасьні рэйтынг Лукашэнкі вырас, я думаю, часткова за кошт гэтай „калійнай вайны“.

Што тычыцца эканамічных вынікаў, дык тут беларускі бок хутчэй атрымаў паразу. Мала таго, што кошты на калій упалі й не вярнуліся на ранейшы ўзровень, дык яшчэ ў чацьвёртым квартале зьнізіліся пастаўкі нафты ў Беларусь. А ў зьвязку з тым, якая роля нафты ў беларускім бюджэце (даходы ад продажу нафтапрадуктаў), — можна лічыць, што гэта адмоўны вынік. І гэта ёсьць вынікам „калійнай вайны“.

Другі момант: дасюль ня выдзелены крэдыт — апошні транш, 440 мільёнаў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Ён павінен быў быць выдзелены да 31 кастрычніка, а цяпер ужо сьнежань — і крэдыту няма. Гэта таксама вынік „калійнай вайны“. У сытуацыі, калі катастрафічна не хапае валюты, калі пытаньне пра валюту — гэта пытаньне выжываньня беларускай эканомікі, — у гэтым сэнсе беларускі бок прайграў».

Цыганкоў: «Калі паспрабаваць зрабіць прагноз на 2014 год наконт беларуска-расейскіх адносінаў — ці ёсьць шанец, што Масква пагодзіцца адмяніць вяртаньне мытаў за нафту ў расейскі бюджэт (а гэта 4 мільярды штогод)? Ці будзе Лукашэнка шантажаваць Маскву сваім удзелам у Эўразійскім зьвязе і патрабаваць за гэта новыя рэсурсы, ці такая гульня надта для яго рызыкоўная?»


«Беларусі трэба стратэгічна патрабаваць зьмены канструкцыі Эўразійскага зьвязу»


Коктыш: «Мне здаецца, што Лукашэнка будзе вымушаны гуляць вакол Эўразійскай прасторы. Але гульня павінна быць больш складаная. Бо, канечне, можна выйграць нешта на мытах на нафту, але гэта будзе тактычны выйгрыш, на год-два. Беларусі трэба стратэгічна патрабаваць зьмены канструкцыі Эўразійскага зьвязу.

Цяперашняя канструкцыя — агульналібэральная і капіруе канструкцыю Эўразьвязу: гэта „чатыры свабоды“, вольнае перамяшчэньне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Зь іх будзе вынікаць тое, што ўсе рэсурсы будуць перацякаць ад карпарацыяў да дзяржавы. А дзяржаве застанецца толькі сацыяльная адказнасьць. У гэтай сытуацыі Лукашэнка будзе вымушаны змагацца за саму канструкцыю Эўразійскага зьвязу».

Цыганкоў: «Кірыл, а якія шанцы ў Беларусі памяняць гэтую канцэпцыю, навязаць сваю волю нашмат большым партнэрам — Украіне і Казахстану?»
Бязь нейкіх элемэнтаў пратэкцыянізму Беларусь проста ня будзе мець шанцаў захаваць свае прадпрыемствы, а бяз гэтага краіна рызыкуе спаўзьці на стандарты жыцьця 19-га стагодзьдзя

Коктыш: «Вельмі вялікія. Гэта і тактычныя шанцы, бо Ўкраіна падаравала Беларусі карт-блянш пасьля таго, што атрымалася паміж Украінай, Эўразьвязам і Расеяй. Таму зараз Расея ня можа сабе дазволіць нейкую паразу на беларускім напрамку. У такой сытуацыі беларускай эканоміцы наканавана нейкае разьвіцьцё, калі, вядома, беларускія эліты здолеюць выкарыстаць гэты момант. Зразумела, што бязь нейкіх элемэнтаў пратэкцыянізму Беларусь проста ня будзе мець шанцаў захаваць свае прадпрыемствы, а бяз гэтага краіна рызыкуе спаўзьці на стандарты жыцьця 19-га стагодзьдзя. Так што пытаньне ў тым, ці здолеюць беларускія эліты разыграць гэтую стратэгічную карту, і пакуль расклад такі, што гэта ня выключана».

Кароль: «Эканамічная палітыка афіцыйнага Менску — палітыка захаваньня старой эканамічнай мадэлі, дзе адзін чалавек усё вырашае, і далей — з працягнутай рукой за крэдытамі. Плата за гэта — страта парамэтраў сувэрэнітэту і незалежнасьці. І гэта — самае драматычнае ў лёсе краіны пад аўтарытарным рэжымам.

Я не выключаю, што афіцыйны Менск можа атрымаць тыя 4 мільярды, пра якія ідзе размова. І гэта ўжо будуць мільярды для падмандатнай тэрыторыі. Нездарма ўсе патэнцыйныя чальцы Эўразійскага зьвязу скардзяцца, што па сутнасьці размова ідзе пра прыхаваны дыктат Масквы. І гэтая мадэль толькі імітацыйна нагадвае мадэль Эўразьвязу.

Таму мой прагноз дастаткова пэсымістычны. З пэўнай дапамогай Расеі беларускія ўлады могуць падтрымаць той узровень жыцьця, які цяпер ёсьць. І гэта дасьць магчымасьць Лукашэнку ісьці на наступны тэрмін».

Цыганкоў: «Кірыл Коктыш, а як эканамічны крызіс у Расеі паўплывае на ступень падтрымкі Беларусі? Няма лішніх грошай у расейскім бюджэце. Расею, магчыма, чакае стагнацыя ў наступным годзе».

Коктыш: «Так, няма. Але ў Эўразьвязе таксама няма лішніх грошай ані на Беларусь, ані на Ўкраіну. Таму ёсьць варыянт рабіць з Эўразійскага зьвязу нейкі напалову зачынены, абаронены пратэкцыянізмам саюз, які бы дазволіў зачыніцца ад кітайскіх тавараў і дазволіў бы працаваць мясцовым індустрыям. І ў выніку прадаваць на гэтай тэрыторыі беларускія тавары».


«У палітыцы Расеі Лукашэнку дастаецца роля васала»


Карбалевіч: «Я думаю, што беларуска-расейскія адносіны — узаемазалежныя, і Лукашэнка даволі эфэктыўна гуляе на гэтым. Што тычыцца наступнага году, то я бачу некалькі канфліктных вузлоў. Па-першае, зь 1 студзеня 2015 году павінен уступіць у сілу Эўразійскі эканамічны саюз. Гэта значыць, што наступным годам будуць інтэнсіўна ісьці працы над гэтым дакумэнтам. Але, як паказаў апошні саміт у Менску, супярэчнасьці паміж трыма краінамі ня толькі не зьмяншаюцца, але нават узрастаюць. Таму Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб выбіць гэтыя 4 мільярды. Натуральна, што ў 2014-м яшчэ захаваецца статус-кво, але ў 2015, магчыма, Беларусі ўдасца нешта вытаргаваць — улічваючы, што Лукашэнка будзе шантажаваць Расею: калі не дасьцё, я нічога не падпішу.

Другі канфлікты момант — гэта 5 прамысловых альянсаў, пра якія кажуць 2 ці 3 гады, і якія ня зрушваюцца з кропкі. Пасьля гісторыі з Баўмгертнэрам магчымасьць рэальнага стварэньня гэтых альянсаў зьменшылася. Невыпадкова гендырэктар КАМАЗа сказаў, што не паедзе ў Менск, бо там яго могуць арыштаваць.

Трэцяе — гэта вайсковая база. Я думаю, торг тут ня скончыўся. Калі база канчаткова зьявіцца, дык Расея павінна будзе за гэта дадаткова заплаціць; колькі і як — пакуль не зразумела.

І нарэшце пытаньне пра новыя крэдыты. Без замежных крэдытаў беларуская эканоміка ня можа выжыць. Я думаю, Расея будзе зьвязваць выдзяленьне крэдытаў з прыватызацыяй беларускіх актываў.

Таксама вялікі чыньнік, які будзе ўплываць на беларуска-расейскія адносіны — гэта ўкраінскі чыньнік. Расея гатовая скараціць цэны на газ, даць Кіеву крэдыты — то бок, узьнікае вельмі моцная канкурэнцыя за расейскія рэсурсы. І гэта будзе ўплываць на магчымасьці Расеі субсыдаваць беларускую эканоміку».

Кароль: «У гэтай палітыцы Расеі Лукашэнку дастаецца роля васалу. Сапраўды, адносіны васала і сюзэрэна дастаткова складаныя. Васалу дазволена пэўная рыторыка, пэўны торг, васал імкнецца ўзвысіцца, стаць самім сабой. Іншым разам у гісторыі васалу нават удаецца замяніць сюзэрэна, выйсьці самому на царства».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG