Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1965


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1965 год зазначыўся далейшым абвастрэньнем нападак на Радыё Свабода ў савецкім друку. Контрапрапагандысцкі наступ будзе нарастаць і далей, дасягнуўшы свайго апагею ў 1968-1971 гадох. Чаму менавіта тады — хай разьбіраюцца дасьледнікі палітычнай гісторыі падсавецкай Беларусі, а я прапаную вам тыповы фрагмэнт узору 1965 году:

ПАСКВІЛЯНТЫ. ЧЫРВОНАЯ ЗЬМЕНА, 24.01.1965:

«З розных пунктаў зямнога шара даносяцца завываньні радыёстанцый, якія служаць капіталу. Апрача какафанічнай музыкі, яны нясуць усякую недарэчнасьць, прыкрытую фігавым лістком саліднасьці. Выдумка сьледуе за выдумкай, паклёп за паклёпам. Хлусьня, падтасоўка фактаў, усялякае глупства нясецца па радыёхвалях... Цэлы акіян хлусьні вылівае ў эфір радыёстанцыя „Свабода“... Балбатуны не абыходзяць сваёй увагай і нашу рэспубліку, часта прыцягваючы да выступленьняў буржуазных беларускіх нацыяналістаў, якія, закасаўшы рукавы, адпрацоўваюць атрыманыя ад імпэрыялістычных разьведак долары, маркі, фунты..».

Як сьведчыць дайджэст НАВІНЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ, № 7(30), 1965, «...З завайстрэньнем савецкае рэакцыі на беларускія перадачы радыё „Свабода“ супала пабольшаньне водгукаў радыёслухачоў зь Беларусі, водгукаў прыхільных і ўдзячных за перадачы. Прысылаюцца яны шляхам лістоў ды асабістых наказаў».

За ідэалягічным супрацьстаяньнем у эфіры му будзем сачыць і далей, а сёньня ў нас у гасьцях — яшчэ адзін вэтэран нашага радыё Вітаўт Кіпель. Спадар Кіпель супрацоўнічаў з радыё ці не ад самага заснаваньня беларускай сэкцыі, спачатку ў Эўропе, а пасьля ў Амэрыцы. Старыя слухачы памятаюць шматлікія перадачы Вітаўта Зубкоўскага — пад гэтым імем Вітаўт Кіпель выступаў на нашых хвалях — перадусім перадачы, прысьвечаныя жыцьцю беларускай дыяспары. Такім чынам, слова Вітаўту Кіпелю:
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я
«Маё супрацоўніцтва з Радыё Вызваленьне, пазьней Радыё Свабода, пачалося на пачатку 1950-х гадоў. Хутка пасьля таго, як Свабода пайшла ў эфір, у Мюнхене загінуў малады студэнт, малады навуковец Лявон Карась. І Лявон Карась за некалькі дзён да таго, як ён быў забіты ў Мюнхене, быў у Бэльгіі. Нямецкая паліцыя выклікала мяне з Бэльгіі, бо я быў апошні, хто бачыў Лявона Карася, калі ён выяжджаў. Мяне запыталіся, у якім ён быў стане. Безумоўна, Карась быў вельмі нармальны чалавек, падрыхтаваны чалавек, і ён хацеў працаваць на радыёстанцыі. На вялікі жаль, яму гэтага так і не давялося зрабіць. Няма ніякага сумневу, што яго забілі камуністычныя агенты. Вось пра гэта было маё першае інтэрвію на Радыё Свабода».

Аўтэнтычны эфір 1965 году. Інтэрвію са школьнікамі Алесяй і Юркам Кіпелямі.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00
Наўпроставы лінк

***
Год 1965 у сьвеце

Палітыка

Першыя амэрыканскія баявыя аддзелы прыбываюць у Віетнам, да канца году колькасьць кантынгенту дасягае 190 тысячаў. — Амэрыканская марская пяхота высаджваецца ў Дамініканскай Рэспубліцы для дапамогі здушэньня паўстаньня. — Францыя выводзіць свой флёт з сыстэмы НАТО. — Радэзія аднабакова абвяшчае незалежнасць ад Вялікай Брытаніі і стварае дзяржаву на прынцыпе апартайду.

Навука

Адкрыцьцё фонавай касьмічнай радыяцыі пацьвярджае тэорыю Вялікага Выбуху. — Першая стыкоўка двух караблёў у касьмічнай прасторы. — Аляксей Леонаў упершыню выходзіць у адкрыты космас.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная савецкаму пісьменьніку Міхаілу Шолахаву.

У 1965 годзе памерлі: Уінстан Чэрчыл, Нат Кінг Коўл, Томас Стэрз Эліат.

Фільмы году: Доктар Жывага, Гукі музыкі

Песьні году: The Beatles / Yesterday і Rolling Stones / Satisfaction.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вітаўт Кіпель прыгадвае пачаткі працы на радыё.
29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Ян Запруднік і Вітаўт Кіпель
29-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Ян Запруднік і Вітаўт Кіпель
«Я зрабіў некалькі інтэрвію ў часе канфэрэнцыяў Інстытуту па вывучэньню СССР. Як ведама, Інстытут па вывучэньню СССР знаходзіўся ў Мюнхене, і там часта адбываліся канфэрэнцыі. Я ўдзельнічаў у іх, у розных сэкцыях: эканамічных, культурных. І ўсё тое, што адбывалася на канфэрэнцыях — вельмі шырака асьвятлялася на радыёстанцыі, беларускімі ды іншымі сэкцыямі. Пазьней, у канцы 1950-ых гадох, маё супрацоўніцтва з радыёстанцыяй заключалася ў тым, што я рабіў агляды жыцьця беларускай дыяспары. Я вучыўся ў Бэльгіі, рабіў дактарат у галіне мінэралёгіі. І мне трэба было па ходу працы над доктарскай тэзай выехаць у Швэцыю. Я пабыў нейкі час у Даніі, а потым паехаў у Швэцыю. Быў знаёмы з жыцьцём беларусаў у тых краінах. Дарэчы, у той час жыцьцё беларускае было шчэ вельмі актыўнае. Было шмат беларусаў, якія засталіся ў Даніі пасьля Другой сусьветнай вайны. Гэтаксама ў Швэцыі былі беларусы. І жыцьцё было такое вельмі спорнае».

Аўтэнтычны эфір 1965 году: фрагмэнт музычнай перадачы:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00
Наўпроставы лінк


***
1965 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Адноўленыя 23 скасаваныя раней раёны.
• У Менску адкрыты першы ў Беларусі Палац шлюбаў.
• На заводзе БелАЗ пачаўся выпуск 27-тонных самазвалаў.
• У Акадэміі Навук заснаваныя інстытуты тэхнічнай кібэрнэтыкі і ядзернай энэргетыкі.
• На Рэчыцкім радовішчы пачалася прамысловая здабыча нафты.
• Першым сакратаром ЦК КПБ абраны Пятро Машэраў.
• Берасьцейскай крэпасьці прысвоенае званьне «Крэпасьць-герой».
• У Менску адкрыты плянэтарый.

Менскі эфір 1965 году. У гэтым годзе сталіцу БССР наведаў югаслаўскі лідэр Ёсіп Броз Ціта...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:56 0:00
Наўпроставы лінк


А вось што ў 1965 годзе сказала радыёслухачам акторка Стэфанія Станюта:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00
Наўпроставы лінк


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — вэтэран нашага радыё Вітаўт Зубкоўскі — пад гэтым імем больш за трыццаць гадоў выступаў на нашых хвалях Вітаўт Кіпель. Зараз — пра тэмы перадачаў, якія Вітаўт Кіпель рыхтаваў у Нью-Ёрку.

«Як я пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі тэматыка пашырылася — ня толькі жыцьцё дыяспары, але я стаў улучаць агляды кніжак, большых артыкулаў, якія мелі значаньне для беларускіх дасьледнікаў у БССР. Ведамая рэч, што кантактаў ці адкрытасьці такой не было, і вельмі шмат такога друкавалася на Захадзе, што было зусім ня ведамае ў БССР. І таму ўвядзеньне новай рубрыкі, увядзеньне такой новай тэмы „беларусіка ў друку заходнім“ ці тэмы, якія вывучаюцца ў Беларусі, яны вывучаліся на Захадзе, і падаць стан іхнага вывучэньня было вельмі важным. Гэта мы рабілі праз радыё. Дарэчы, у пачатку 1960-х гадоў мне часта даводзілася сустракацца з працаўнікамі БССР’аўскай місіі, а гэтаксама дэлегацыяй беларусаў на Генэральнай асамблеі ААН. У гутарках зь імі бывала магчымасьць запытацца, чым цікавіцца дасьледчык, ці гэта варта такія тэмы парушаць па радыё, бо я ніколі не хаваўся, што я супрацоўнічаю ў радыё. І вельмі часта зваротны бок выказваў пагляды, што гэта вельмі пажадана і вельмі патрэбна».

На заканчэньне — зноў наш архіў. Фрагмэнт перадачы 1965 году:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00
Наўпроставы лінк

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG