Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы ўцякаюць ад беларускай вышэйшай адукацыі»


Уладзімер Дунаеў
Уладзімер Дунаеў

Шэраг беларускіх ВНУ падвысілі кошты на платнае навучаньне ў наступным годзе.

Ці можна сказаць, што якасьць беларускай вышэйшай адукацыі адпавядае той цане, якую плацяць за яе студэнты? Ці існуе грамадзкі кантроль за эфэктыўнасьцю выкарыстаньня сродкаў у беларускіх дзяржаўных унівэрсытэтах? На гэтыя пытаньні адказвае сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў.

Цыганкоў: Чарговае падаражаньне коштаў на адукацыйныя паслугі зноў прымушае задаць пытаньне, наколькі якасьць беларускай вышэйшай адукацыі адпавядае той цане, якую плацяць за яе студэнты. Ці можна сказаць, што студэнты атрымліваюць той прадукт, за які яны плацяць грошы?

Дунаеў: Безумоўна, якасьць беларускай вышэйшай адукацыі не адпавядае запытам ані бацькоў, ані працадаўцаў. Разрыў паміж патрэбамі рынку працы і сыстэмай адукацыі відавочны нават для ўладаў. Таму, толькі падвышаючы плату за адукацыю, наўрад ці можна вырашыць гэтую праблему.

У разьліку на аднаго студэнта ў Беларусі траціцца менш, чым у разьвітых краінах, і менш, чым у нашых суседзяў. У нас адукацыя слаба фінансуецца. Вырашыць гэтую праблему за кошт бацькоў студэнтаў немагчыма. Эфэктыўнасьць фінансаваньня сыстэмы адукацыі ў краіне вельмі нізкая. І гэта даказваюць вынікі дасьледаваньняў Сусьветнага Банку. І гэта вымушаны прызнаваць чыноўнікі. Так што пытаньне ня толькі ў тым, колькі мы плацім, але і ў тым, як расходуюцца гэтыя сродкі.

Цыганкоў: Дык беларускія ўнівэрсытэты падвышаюць кошты менавіта таму, што дзяржава зьмяншае фінансаваньне, ці таму, што чыноўнікам у ВНУ проста хочацца больш зарабляць? А за эфэктыўнасьцю траты гэтых сродкаў няма грамадзкага кантролю?

Дунаеў: Цалкам справядліва. Гэта самая вялікая праблема – адсутнасьць грамадзкага ўдзелу і кантролю сыстэмы адукацыі. Людзі, магчыма, маглі б плаціць і больш за якасную адукацыю, якую яны ў стане кантраляваць. Мне здаецца, што цяпер гэта самая актуальная задача. Нельга проста павялічваць цэны, не даючы спажыўцам паслугаў кантраляваць працэс і якасьць адукацыі.

Цыганкоў: Частка беларускіх абітурыентаў ужо «галасуюць нагамі», выбіраючы замежныя ВНУ. Наколькі гэты працэс маштабны, каб улады пачалі хвалявацца?

Дунаеў: Ён ужо вельмі сур’ёзны. Паводле дадзеных ЮНЭСКА, каля 30 тысяч беларусаў вучацца за мяжой. А мы імкнемся прывабіць замежных студэнтаў, і цяпер іх у Беларусі каля 12 тысяч. Вось мы губляем штогод 30 тысяч беларускіх студэнтаў, а ў адказ атрымліваем 12 тысяч туркмэнскіх і кітайскіх. Вось гэта і ёсьць балянс, які характарызуе якасьць беларускай сыстэмы адукацыі. Беларусы ўцякаюць ад яе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG