Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных беларускіх міратворцаў для Данбасу недастаткова, — Аляксандар Алесін


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не забараняе беларускім вайскоўцам удзельнічаць у міратворчых місіях за межамі краіны, таму адпраўка беларусаў у Данбас — цалкам верагодны варыянт разьвіцьця падзеяў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў вайсковы экспэрт, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін, камэнтуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасьць паслаць ва Ўкраіну беларускія міратворчыя сілы.

«Уся неабходная прававая база для гэтага ёсьць. Беларускі міратворчы кантынгент зьяўляецца часткай міратворчага кантынгенту АДКБ, а ў АДКБ існуе адпаведная дамова з ААН, сутнасьць якой у тым, што пры неабходнасьці ААН можа выдаць мандат міратворцам АДКБ для ўдзелу ў міратворчых місіях. Акрамя таго, пры дапамозе, як гэта ні парадаксальна, НАТО ў Беларусі задоўга да стварэньня міратворчага кантынгенту АДКБ рыхтавалася міратворчая рота па праграме „Партнэрства дзеля міру“. Натаўскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў моўнай падрыхтоўцы, дзяліліся тактычнымі прыёмамі, досьведам удзелу ў міратворчых апэрацыях. Да таго ж заканадаўства Беларусі дазваляе добраахвотнікам па асабістай заяве ўдзельнічаць у міратворчых місіях з дазволу прэзыдэнта. Такім чынам, нічога немагчымага тут няма», — кажа Алесін.

Іншая рэч, што правесьці міратворчую апэрацыю ў Данбасе толькі сіламі беларускіх вайскоўцаў немагчыма, упэўнены экспэрт.

«У Беларусі ёсьць уласны міратворчы кантынгент. Але я лічу, што беларускага кантынгенту будзе мала, калі трэба будзе падзяліць канфліктуючыя бакі па ўсёй лініі супрацьстаяньня. На маю думку, хутчэй за ўсё, нароўні зь беларусамі могуць удзельнічаць кіргізы, казахі, армянскі кантынгент. Расею не прыцягнуць, зразумела, таму што патрабуецца згода абодвух канфліктуючых бакоў для ўвядзеньня тых ці іншых міратворчых падразьдзяленьняў. Больш за тое, я лічу, што калі будзе місія, то яна не абмяжуецца краінамі АДКБ. Хутчэй за ўсё, з боку НАТО будуць прысутнічаць падразьдзяленьні краін Балтыі або невялікіх краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія не выклікаюць адрынаньня ў прадстаўнікоў сэпаратыстаў. Адных беларусаў будзе мала: там дастаткова працяглая тэрыторыя, таму для міратворчай місіі шмат войскаў павінна быць», — лічыць Алесін.

Хутчэй за ўсё, з боку НАТО будуць прысутнічаць падразьдзяленьні краін Балтыі або невялікіх краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы

Беларускія міратворчыя сілы былі створаныя яшчэ ў 2005 годзе ў выглядзе міратворчай роты, якая сёньня дысьлякуецца ў Віцебску і належыць да 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады.

Акрамя таго, у кантынгент Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ, які можа быць выкарыстаны ў міратворчай місіі, уваходзіць адна брыгада беларускага армейскага спэцназу і адна брыгада спэцназу МУС Беларусі.

«Яны праходзілі падрыхтоўку, валодаюць неабходным узбраеньнем, рыштункам, яны больш гатовыя да перакіданьня на значныя адлегласьці, там значная колькасьць прафэсіяналаў, ёсьць чыста афіцэрскія падразьдзяленьні. Таму я лічу, што гэтыя дзьве брыгады будзе магчыма выкарыстоўваць з гэтай мэтай», — адзначае Аляксандар Алесін.

У Мінабароны Беларусі адмовіліся камэнтаваць заяву Лукашэнкі пра магчымасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у міратворчай апэрацыі, а таксама спаслаліся на адпаведнае заканадаўства.

«Усяму свой час. Але што тычыцца міратворчых функцыяў, то яшчэ больш за 10 гадоў назад у нас вельмі падрабязна была выкладзеная ўся гэтая інфармацыя і прынята адпаведнае заканадаўства, якое рэглямэнтуе выкананьне адпаведных функцыяў Рэспублікай Беларусь. Гэта адзінае, што я магу сказаць», — заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімер Макараў.

Удзел Беларусі ў міратворчых місіях рэглямэнтуецца Законам РБ «Аб парадку накіраваньня ваеннаслужачых, асобаў начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага пэрсаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі».

Гэты заканадаўчы акт быў прыняты яшчэ ў 2003 годзе. У адпаведнасьці зь ім беларусы могуць прымаць удзел у міратворчай дзейнасьці толькі «зь іх асабістай пісьмовай згоды па рашэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG