Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Made in Belarus. Топ-5 самых вядомых у сьвеце беларускіх IT-распрацовак


Швэды ганарацца тым, што менавіта яны распрацавалі Soundcloud, эстонцы ганарацца сваім Skype. Ня менш нагодаў для гонару ёсьць і ў беларусаў.

Антось Трафімовіч называе пяць самых вядомых у сьвеце беларускіх гульняў, мэсэнджараў і мабільных дастасаваньняў.

World of Tanks

Самыя вядомыя беларусы ў сфэры IT — кампанія Wargaming, найпапулярнейшая ў сьвеце сярод вытворцаў бясплатных масавых шматкарыстальніцкіх онлайн-гульняў.

Заснаваная ў 1998 годзе Віктарам Кіслым у Менску, Wargaming выпусьціла першую ўласную гульню — стратэгію De Bellis Antiquitatis — у 2000 годзе. У 2007 годзе кампанія аб’ядналася зь менскай студыяй-распрацоўшчыкам Arise, і праз год выпусьціла стратэгію ў рэальным часе «Апэрацыя Баграціён».

З 2010 пачынаецца эпоха танкаў — гульня «World of Tanks» набыла папулярнасьць і атрымала мноства міжнародных узнагарод ужо ў першы год. На сёньня ў офісах у Беларусі, Украіны, Расеі і ЗША працуе больш як 2200 супрацоўнікаў. Галоўны офіс кампаніі разьмешчаны на Кіпры, дзе «Wargaming» зьяўляецца самым буйным плацельшчыкам падаткаў.

Viber

У 2010 годзе Ігар Магазыньнік (ён вырас у Беларусі і мае беларускае і ізраільскае грамадзянства) і ізраільцянін Тальман Марка запусьцілі мабільнае дастасаваньне, якое амэрыканскае выданьне Bloomberg праз пару гадоў назвала «Беларускім забойцам Skype».

Як і Skype, яно працуе пры наяўнасьці інтэрнэту. Аднак галоўнае адрозьненьне «беларускага скайпу» у тым, што замест асобнага профілю ў дастасаваньні выкарыстоўваецца нумар тэлефону абанэнту. Штомесяц Viber актыўна карыстаюцца да 100 мільёнаў чалавек (дадзеныя на 2014 год). Летась Viber быў прададзены японскай кампаніі Rakuten за 900 мільёнаў даляраў.

Аднак дагэтуль Магазыньнік і Марка прымаюць удзел у кіраваньні кампаніяй. У Беларусі месьцяцца і цэнтры распрацоўкі кампаніі, хоць зарэгістравана яна ў ЗША і на Кіпры.

MAPS.ME

Картаграфічнае дастасаваньне для мабільных тэлефонаў дазваляе карыстацца офлайн-мапамі на баз дадзеных Openstreetmap.

Распрацаванае ў Беларусі дастасаваньне першапачаткова мела назву Mapswithme. Галоўны офіс месьціўся ў Цурыху, у той час як Цэнтар распрацоўкі заставаўся ў Менску. У 2012 годзе Mapswithme заняла першае месца на конкурсе стартапаў у Вільні Startup Monthly і атрамала 9-тыднёвую стажыроўку ў Крэмневай даліне ў Каліфорніі. У 2014 кампанія зьмяніла назву на MAPS. ME, а пазьней яна была выкуплена Mail. Ru Group.

Новыя гаспадары зрабілі платную вэрсію бясплатнай. Таксама пасьля зьмены ўладальніка кампаніі для працягу працы над дастасаваньнем каманда распрацоўшчыкаў пераехала ў офіс Mail. Ru Group у Маскве.

Viaden.com

Сёньня Viadem Media больш вядомая ў мэдыях праз затрыманага Сьледчым камітэтам заснавальніка кампаніі — Віктара Пракапеню.

З 2006 году Viaden займаецца распрацоўкай праграмных прадуктаў для індустрыі забаў, а з 2009 спэцыялізуецца на мабільных дастасаваньнях. Сёньня больш за 10 мільёнаў карыстальнікаў гуляюць у анлайн-казыно, покер і іншыя азартныя гульні, якія прадаюцца ў Аppstore.

Менавіта беларускія азартныя анлайн-гульні самыя папулярныя сярод дастасаваньняў для IOS. З усяго сьпісу кампаній Viaden — адзіная, якая не хавае свайго беларускага паходжаньня (толькі ў іх на сайце напісана пра тое, што яны — беларусы). У 2011 годзе кампанія была прададзена ізраільскаму міліярдэру Тэдзі Сагі — уладальніку кампаніі Playtech, якая таксама распрацоўвае забаўляльныя праграмы і анлайн-гульні.

Sport.com

Мабільнае дастасаваньне для заняткаў спортам вырасла з Viaden Media пад кіраўніцтвам сузаснавальніка кампаніі Юрыя Гурскага.

Першапачаткова кампанія была адным з падразьдзяленьняў Viaden Media, і спэцыялізавалася на дастасаваньнях для тых, хто займаецца ёгай. Пасьля выхаду з Viaden у 2013 годзе Plus Sport, як спачатку называлася кампанія, пачала займаць сваё месца сярод распрацоўшчыкаў спартовых дастасаваньняў. Ужо ў жніўні 2013 году беларуская кампанія ўвайшла ў дзясятку самых прыбытковых распрацоўшчыкаў дастасаваньняў для IOS. А ў канцы году прадукты Sport. com былі адзначаныя Apple узнагародай Best of 2013 Apple Editors’ Choice. Цяпер 27 дастасаваньнямі Sport. com штодня карыстаюцца больш за 27 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце.

Антон Трафімовіч для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG