Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль растуць ногі ў лічбы «84»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Начальства, якое прыдумала лічбу 84 працэнты «за», недзе бачыла назву раману «1984». Але не чытала яго.

У сьвядомасьці начальства гэты год застаўся ў прыўкраснай стабільнай краіне СССР, на якую яшчэ не замахнуўся сваімі злачыннымі лапамі Гарбачоў.

Так што тыя, хто прыдумаў лічбу «84», самі ня ведаючы, нагадалі думаючай частцы беларусаў, што «маразм будет крепчать». Як любілі выражацца ў тыя якраз часы — у далёкім 1984-м.

Канечне, ім не да літаратуры. У такі дзяржаўна адказны момант! Арытмомэтар у іхнай галаве мае свае арыенціры. У іх перад вачыма, хутчэй за ўсё, гарыць лічба рэйтынгу «старэйшага брата». 86. Праўда, улетку раптоўна крамлёўскія рупары закрычалі пра 89 працэнтаў рэйтынгу Пуціна. Але кананічна сёлета лічыцца больш правільным абапірацца пакуль на 86 працэнтаў.

А раз у Пуціна меркаваных «за», дасягнутых праз тэлефонны абзвон, 86, то ў Лукашэнкі павінна быць «сапраўдных» практычна столькі ж, атрыманых на ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ! Гэта вам не па тэлефоне туфта. І, як бачым, «пуцяводная» лічба была прынятая як кіраўніцтва да дзеяньня. Зь месцаў паступалі данясеньні, што Лукашэнка набраў і па 86-87 працэнтаў і нават болей. Так што з Пуціным можна будзе надалей размаўляць цалкам на роўных. У цябе 86? Дык і ў мяне столькі ж…

Спакойныя галовы ў Расеі задумваюцца: адкуль «89» у Пуціна, калі на прэзыдэнцкіх выбарах за яго галасавалі толькі ад 36 да 46 працэнтаў выбаршчыкаў? Значыць, лічбы проста малююцца. Няма нічога прасьцейшага, зрэшты. Калі за Тацяну Караткевіч галасавала па 25-30 працэнтаў выбаршчыкаў (а ня ў дзесяць разоў менш!), як сьведчаць вынікі на ўчастках, дзе лічбы не схавалі, то 84 працэнты Лукашэнкі – гэта рыхтык «1984». Прычым вядома, што актыўныя выбаршчыкі больш ня ходзяць на такое галасаваньне. Інакш у Караткевіч лічбы маглі б быць яшчэ лепшыя.

І які цудоўны спэктакль для назіральнікаў з АБСЭ! Проста геніяльна! Як махровыя загаворшчыкі жэншчыны-члены камісіі абступаюць стол зь бюлетэнямі колам. Каб мышка не прасьлізнула, ня тое, што нясьціплае назіральніцкае вока. Назіральнікі бачаць толькі попы. Няхай паедуць у сваю Эўропу і ўсім раскажуць — як трэба правільна разьбірацца ў бюлетэневай кучы і якія лічбы агучваць!

Найбольш сьветлыя галовы сярод начальства разважаюць сёньня: дык, а што зьменіцца, калі сапраўды паведаміць: Караткевіч — 30, Лукашэнка — 60? Тады АБСЭ паверыць нарэшце, але ён застанецца кіраваць колькі захоча ўсё роўна. І тут жа сябе спыняюць: нельга! Нельга! Сьмерці падобна! Тады Пуцін скажа яму ў Сочы: у цябе ўсяго 60, а ў мяне, бацечка 89. Што ж ты так, сканчаецца порах у парахаўніцах?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG