Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улаховіч пра вынікі выбараў паводле НІСЭПД: Прымай тое, што табе дадзена


Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч пракамэнтавалі карэспандэнту Свабоды вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ў вэрсіі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) на падставе нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі.

Паводле НІСЭПД, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 50.8% усіх, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Тацяна Караткевіч атрымала 22.3% галасоў, Сяргей Гайдукевіч — 7.4%, Мікалай Улаховіч — 2.7%.

Параўнальна з афіцыйнымі вынікамі, Сяргей Гайдукевіч, паводле дасьледаваньня НІСЭПД, атрымаў на 4.1% больш галасоў. Сяргей Гайдукевіч так пракамэнтаваў гэтыя лічбы:

Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота
Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

«Перад прэзыдэнцкай кампаніяй я казаў, калі б у выбарах не ўдзельнічаў Аляксандар Рыгоравіч, то я выйграў бы з разгромным лікам у любога кандыдата. То бок, можаце мяне павіншаваць зь пераканаўчай перамогай у 2015 годзе. Я даказаў, калі не бярэ ўдзелу Аляксандар Рыгоравіч у выбарах, то я выйграю ў любога кандыдата. І гэта было пацьверджана і ў гэтым выпадку. Гэта вельмі прыемна ўсьведамляць, што я стрымаў сваё слова і выканаў усе абавязацельствы».

На пытаньне, чаму так адрозьніваюцца лічбы ад афіцыйных вынікаў, Гайдукевіч сказаў:

«Напэўна, гэта трэба спытаць у больш прагрэсіўных таварышаў. А я заўсёды кажу адназначна. Палітык павінен жыць у тым сьвеце, у якім ён змагаецца. У мяне ўсё, што я кажу, усё збываецца. Калі праводзілі экзыт-пол, дзяржаўны і незалежны, то мне давалі пераканаўчае другое месца. Але ж я не засмуціўся, што мне на працэнт ці на паўпрацэнта намалявалі меней. Я не пытаюся, чаму ва ўсіх у іх розьняцца дадзеныя, тут жа нічога страшнага няма. Галоўнае, што стратэгічны вынік — той, пра які я казаў».

Паводле дасьледаваньня НІСЭПД, Мікалай Улаховіч набраў на адзін працэнт больш галасоў параўнальна з афіцыйнымі дадзенымі. Ён пракамэнтаваў гэта так:

Мікалай Улаховіч, архіўнае фота
Мікалай Улаховіч, архіўнае фота

«Я ў іх разважаньні асабліва і не веру. Я быў удзельнікам выбараў, і за свае лічбы наогул нічога не скажу: як ёсьць, так ёсьць. Далі афіцыйна, значыць, так і ёсьць. А за ўсё астатняе — яны пішуць то так, то гэтак. Гайдукевіч быў больш падрыхтаваны да выбараў, ён рыхтаваўся за пяць гадоў, а мы толькі за год. І пасьля таго як афіцыйна паведамілі, мне вельмі дзіўна. Усе гэтыя разыходжаньні выклікаюць пачуцьцё навагодняй усьмешкі. Ну, што цяпер гаворку весьці пра нейкія працэнты, калі нават па іх дадзеных дзейны кіраўнік краіны набраў большасьць галасоў. Хіба гэта важна — адзін працэнт сюды, адзін туды? Я тут ня бачу ніякага сэнсу. Я лічу, што выбары прайшлі справядліва і правільна. А хто колькі набраў, бачна па чарзе — усё роўна больш за Аляксандра Рыгоравіча ніхто не набраў».

Але каму Улаховіч давярае больш — НІСЭПД ці ЦВК?

«Дачка Лаўра неяк спытала ў бацькі Карла Маркса, які ягоны асноўны прынцып жыцьця. Той адказаў: усё ставіць пад сумнеў. Дык вось у мяне добрыя сумневы. Можна ствіць любую лічбу пад сумнеў, па нейкіх тысячных працэнта. Але самае галоўнае, як і дзейнічаў вялікі Маркс, важна тое, што адбываецца на практыцы. На практыцы дзейны прэзыдэнт перамог. І што б цяпер ні пісалі і ні гаварылі, гэта не азначае, што калі б нехта з нас набраў бы больш працэнтаў, ён у пэўнай ступені сёньня выглядаў бы больш салідна, чым наш прэзыдэнт.
І тыя працэнты, якія хочуць прыпісаць некаму з нас — несур’ёзныя. Я ад іх, калі трэба, нават адмовіўся б. Бо па мне, калі паказала дзейная ўлада столькі — значыць столькі. Прымай тое, што табе дадзена. А ставіць пад сумнеў — гэта ж сутнасьць кожнага чалавека. Калі пачынаецца размова гэта, пра працэнты — пасьля бойкі кулакамі не махаюць. Хопіць на гэту тэму. Калі хочуць ісьці ў парлямэнт, няхай займаюцца парлямэнцкімі выбарамі — і там мы паглядзім, які ў каго працэнт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG