Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра зьбядненьне, якое вызваляе


Ва ўмовах цяперашняга расейскага крызісу, які нібыта абяцае быць горшым за крызісы і дзьве тысячы восьмага, і дзевяноста восьмага гадоў, надта горш у штодзённым побытавым пляне ў нас у Маскве жыць пакуль, здаецца, ня стала. Але падсьвядомасьць ужо пачала перабудоўвацца — новыя часы дзіўным чынам абуджаюць старыя навыкі і інстынкты.

Наверх зноў пачалі падымацца тыя забытыя, доўга праляжаўшыя глыбока на дне мозгу адчуваньні канца дэфіцытных апошніх гадоў СССР — а я ж памятаю, што апошнія гады СССР былі значна горшымі за «праславутыя» 90-я. Звычайны савецкі сыр з плястыкавымі лічбачкамі быў ласункам, які раз у месяц дасылала бабуля зь Беларусі. Раздадзеная аднойчы ў школе гуманітарная дапамога — я добра запомніў: серабрысты пакет сухога малака і банка дацкіх кансэрваў Tulip — таксама была дзівоснымі далікатэсамі, адносна ж бананаў і апэльсінаў мелася спакойнае і будзённае ўсьведамленьне таго факту, што гэтыя рэчы бываюць толькі ў тэлевізары і ў нейкім іншым жыцьці, а ў нашым жыцьці ёсьць толькі грэчка і мо бульба, ну і нармальна.

Я памятаю таксама гэтае пачуцьцё свабоды, калі ў гады раньняга студэнцтва, ужо паўтара дзясяткі гадоў пазьней, калі ўжо было нашмат лепш — але калі ты зьбіраесься на рок-канцэрт, ты апранаеш простую старую джынсавую куртку, якую не шкада, і не бярэш з сабой нічога каштоўнага, толькі квіток на мэтро і трохі дробных грошай на піва па кішэнях. І табе ўжо ня страшна скакаць у натоўпе сотняў такіх жа, як ты; ня страшна, калі прыйдзецца біцца з хуліганамі і калі цябе абкрадуць. Калі табе няма чаго губляць, ты — вольны.

Цяпер яно зноў вярнулася ў Маскву, да маскоўскай сярэдняй клясы, гэта дзіўнае прадчуваньне палягчэньня, прадчуваньне дзіўнай свабоды або, дакладней, напэўна, «свабоднасьці» ад выбару, свабоднасьці ад небясьпекі страціць тое, чаго ў цябе ці то няма, ці то лепш бы не было; свабоднасьці ад выдаткаў, якія лепш не рабіць да лепшых часоў.

Перастае быць абавязковым імкнуцца да новага аўто кожныя тры гады і перастае быць сорамна мець аўто, таньнейшае за 30 тысяч даляраў. Перастае быць сорамна, што ня ўзяў гіпатэку і не купіў кватэру ў спальным раёне на ўскрайку Масквы. Перастае быць сорамна, што ты ніколі ня езьдзіў (і пры наяўнасьці магчымасьці не хацеў паехаць — і ад гэтага ў глыбіні душы неяк і было сорамна) у адпачынак на Балі, у Тайлянд або на сафары ў якуюсь Афрыку. «Гудбай, Америка, о, где я не был никогда».

Сакавік 2016 году, даляр па 76 рублёў, Масква больш ня самы дарагі горад сьвету, і ты, нарэшце, таксама можаш зрабіць свой уласны камінг-аўт і сказаць: так, мне і на дачы (не маёй, бацькоўскай) улетку добра адпачываецца; так, я савецкі чалавек і мне падабаецца апранацца ў старое і запрашаць гасьцей дадому, а не хадзіць у рэстараны.

Гэтая вызваляючая пакуль што паўдобраахвотная прага аскезы; гэты вызваляючы спажывецкі прагматычны мінімалізм. Салодкае й вусьцішнае адчуваньне.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG