Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Туркмэністан: зьвязаныя газам? 


Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандар Лукашэнка ў Менску ў 2012 годзе
Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандар Лукашэнка ў Менску ў 2012 годзе

Якія стратэгічныя пэрспэктывы ў беларуска-туркмэнскага супрацоўніцтва на фоне падзеньня таваразвароту?

Цыганкоў: Сёньня, 11 траўня, пачынаецца візыт у Менск прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедава, госьць праводзіць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Візыт адбываецца на фоне зьмяншэньня таваразвароту паміж дзьвюма краінамі. Аб’ём таваразвароту за мінулы год зьменшыўся ў 2 разы. Пра гэта яшчэ 26 студзеня паведаміў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Туркмэністанам. «Гэта адбылося нягледзячы на тое, што на палітычным узроўні, на ўзроўні кіраўніка дзяржавы зроблена ўсё», — абураўся тады Мясьніковіч.

І сапраўды, палітычнае супрацоўніцтва разьвіваецца на максымальна магчымым узроўні, афіцыйныя візыты адбываюцца амаль штогод. У сьнежні мінулага году Лукашэнка наведваў Туркмэністан, дзе заявіў, што Беларусь і Туркмэністан поўныя рашучасьці нарасьціць аб’ёмы таваразвароту. Гэта «зьяўляецца фундамэнтам двухбаковых адносінаў». Зрэшты, менавіта таваразварот для Беларусі і многіх дзяржаў «трэцяга сьвету» — той самы фундамэнт, мацаваць які Беларусь і намагаецца, асабліва — нарошчваць свой экспарт. «Мы нямала зрабілі, каб тут, у Туркмэністане, быў рэальны сэктар, падобны да беларускага», — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Маецца на ўвазе, што ёсьць некалькі праектаў, якія Беларусь рэалізуе ў Туркмэністане, і туды накіроўваюцца шматлікія рэсурсы.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Быў час, калі замежная палітыка Беларусі даволі вялікую стаўку рабіла на такія краіны, як Туркмэністан, Іран, Вэнэсуэла, багатыя прыроднымі рэсурсамі, нафтай і газам. Здавалася, што менавіта там, «у далёкай дузе» можна знайсьці новыя рынкі збыту для беларускіх тавараў. Але сусьветнае падзеньне цэнаў на нафту аб’ектыўна зьменшыла прывабнасьць такіх вуглевадародных краінаў. Гэтыя краіны абяднелі і перасталі закупляць столькі беларускіх тавараў, колькі раней. І, здаецца, нягледзячы на ўсялякія нарады і палітычную падтрымку — нічога з гэтым ужо ня зробіш. Гэта аб’ектыўны працэс. Стаўка на краіны, якія разбагацелі на нафтавым буме, а цяпер перажываюць вялікія ўнутраныя эканамічныя праблемы, магчыма, была ў пэўны момант тактычная, але стратэгічна яна сябе не апраўдала. І цяпер Беларусь пажынае плён гэтай стаўкі, калі таваразварот з такімі дзяржавамі, фактычна з усімі, кардынальна зьмяншаецца.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Цяпер, калі размова ідзе пра «далёкую дугу», то, гледзячы па апошніх кантактах беларускага кіраўніка, нашмат большую зацікаўленасьць выклікаюць краіны арабскага сьвету, Пэрсыдзкай затокі — там ужо нейкія эксклюзіўныя правы даюцца ў адносінах Беларусі, напрыклад, з Турэччынай. А постсавецкая прастора адыходзіць на задні плян.

Адыходзіць, але не зусім. Леташні візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ашхабад меў пэўнае палітычнае адценьне. Выглядала, што ў Беларусі скончыліся выбары, Лукашэнка павінен быў ехаць у Маскву, тады там узьнік канфлікт Расеі з Турэччынай, было сказана, што паездка пакуль немэтазгодная, і Лукашэнка часткова з дэманстрацыяй перад гэтым паехаў у Віетнам і ў Туркмэністан. То бок — парушыўшы сьвятое правіла паездкі, як у Мэкку, кіраўніка Беларусі ў Маскву. Гэта было зьвязана менавіта з Туркмэністанам. Так што, магчыма, пэўныя стасункі важныя. Настолькі, што можна зрабіць такую дэманстрацыю на адрас Масквы.

Другі момант — цяперашні візыт Гурбангулы Бердымухамедава адбываецца на фоне даволі моцнага канфлікту паміж Менскам і Масквой наконт газу. Менск лічыць, што ён павінен плаціць менш, Масква лічыць, што больш, і, урэшце, ёсьць нейкая пазыка. І пакуль Масква зьвяртаецца да арбітражу, але сытуацыя крышачку абвастраецца.

І нават чыста гіпатэтычна, яшчэ адзін пастаўнік газу — гэта някепска, гэта інструмэнт ціску на Маскву. Як часам Захад выкарыстоўваецца Лукашэнкам супраць Масквы, гэтак і Туркмэністан. Праўда, гэта не зусім альтэрнатыва, бо труба з Туркмэністану ідзе праз Расею. Гэта варыянты, якія разыгрываюцца, таму што ў дыпляматычнай практыцы не адбываюцца так шчыльна візыты — праз паўгода візыт насустрач... Звычайна большая дыстанцыя. А калі візыт робіцца так хутка, ня выключана, што ўсё ж пэўная зацікаўленасьць Беларусі ў Туркмэністане ёсьць. А ў чым яна можа палягаць — толькі ў газе.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Гэты газ можа прайсьці толькі праз расейскі трубаправод, і, значыць, толькі са згоды Расеі, са згоды Газпрома — ніяк інакш.

Дачыненьні Беларусі з Туркмэністанам выгадныя для афіцыйнага Менску тым, што эканамічная мадэль, сыстэма кіраваньня ў гэтай краіне падобная да беларускай. У краінах з рынкавай эканомікай для супрацоўніцтва трэба дамаўляцца не з урадам, а зь бізнэсам. А ў такой краіне, як Туркмэністан, дастаткова дамовіцца з прэзыдэнтам.

Але ў гэтым палягае і хіба. Бо калі прэзыдэнт мяняецца, то ўсё супрацоўніцтва валіцца.І гэта добра ілюструе супрацоўніцтва Беларусі з Вэнэсуэлай ці нават з Іранам.

Аб’ём таваразвароту Беларусі і Туркмэністану зьнізіўся ў 2015 годзе ў два разы. Найперш гэта выклікана пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў Туркмэністане — зьнізіліся кошты на вуглевадароды, адбылася дэвальвацыя. Туркмэністан — сыравінная краіна, і яе дабрабыт моцна залежыць ад сусьветных цэнаў на нафту і газ.

Для Беларусі гандлёвае сальда з Туркмэністанам станоўчае. Галоўны праект двухбаковага супрацоўніцтва — гэта будоўля Гарлыцкага горна-абагачальнага камбінату, які дапамагаюць будаваць беларусы.

Яшчэ важны кірунак супрацоўніцтва — падрыхтоўка туркмэнскіх грамадзян у беларускіх навучальных установах. У Беларусі навучаецца больш за 9 тысяч туркмэнскай моладзі. Трэба сказаць, што міждзяржаўнае супрацоўніцтва даволі інтэнсіўнае. Але замежны гандаль падае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG