Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танцы між кроплямі дажджу: рэжым супраць «нацыяналістаў» і «расейскага сьвету»


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Скандальны і жахліва напісаны артыкул у газэце «Советская Белоруссия» насычаны цікавымі сыгналамі або рысамі, якія шмат што дазваляюць патлумачыць у сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца беларускі рэжым.

Каб апраўдацца перад Крамлём, Менск чыніць дэманстратыўную расправу над беларускімі, як яны называюцца ў тэксьце, «сверхпатриотами».

Працягваюцца актыўныя танцы паміж кропляў дажджу: каб апраўдацца перад Крамлём, Менск чыніць дэманстратыўную расправу над беларускімі, як яны называюцца ў тэксьце, «сверхпатриотами». Але цікава, што нават гэтая паказальнасьць ёсьць палавінчатая — як быццам толькі дзеля таго, каб магчы спаслацца на гэты прэцэдэнт перад Крамлём і аргумэнтавана запярэчыць тэзісу пра нібы абыякавасьць уладаў да нацыяналізму й так званай русафобіі ў Беларусі.

Улады не арганізуюць сьвяткаваньня вялікай перамогі над «гідрай беларускага ультранэанацызму», не раскрываюць падрабязна ідэалёгію «Белага легіёну», і нават не чапаюць Міколу Статкевіча, які па легендзе ледзьве не стаіць за сьпінай легіянэраў. Нам ня кажуць, што «Белы легіён» — гэта нейкія паўсталыя зь пекла фашысты (бо гэта абсалютна відавочна ня так), а толькі апісваюць легіянэраў у танальнасьці а-ля «мужыкі загуляліся і перакрочылі рысу».

Нават афіцыйнае абвінавачаньне палягае не ў палітычным экстрэмізме.

Нават слова «нацыяналізм» там сарамліва выкарыстоўваецца ў складзе спалучэньня «чрезмерный национализм». Хаця што канкрэтна пад гэтым разумеецца, нам падкрэсьлена ня кажуць. Можа, легіянэры захапляліся гітлерызмам і расавымі тэорыямі? Заклікалі дыскрымінаваць людзей паводле этнічнай прыкметы? Менавіта што не: нават афіцыйнае абвінавачаньне палягае не ў палітычным экстрэмізме, а ў стварэньні незаконнага збройнага фармаваньня.

Ананімны аўтар СБ піша, што Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе, што дзяржаўны сувэрэнітэт зьяўляецца бясспрэчнай каштоўнасьцю і «нравственной основой Беларуси и белорусов», што б гэта ні значыла. Галоўнае, так бы мовіць, ідэалягічнае абвінавачаньне на адрас «Белага легіёну» можна абагульніць у тым, што ягоныя актыўнасьці праводзіліся з «чрезмерным националистическим уклоном и (што, відаць, асабліва важна — АЧ) явно вне контекста государственной политики».

Наўпроставай атакі супраць незалежніцкага руху ўлада сабе дазволіць ня можа — і не жадае.

Наўпроставай атакі супраць незалежніцкага руху ўлада сабе дазволіць ня можа — і не жадае. Незалежнасьць Беларусі, яе ідэйнае абгрунтаваньне і людзі, шчыра адданыя гэтай незалежнасьці, патрэбныя Лукашэнку гэтаксама, як і самой Беларусі. Бо незалежнасьць Беларусі — гэта незалежнасьць Лукашэнкі, які не хацеў бы страціць уладу ані на карысьць празаходняй апазыцыі, ані на карысьць расейцаў. Таму, ладзячы паказальнае зьбіцьцё «нацыяналістаў», ад крытыкі расейскіх беларусафобаў таксама ніхто не адмаўляецца. Інфармацыйная павестка, атрымліваецца, ня так і зьмянілася.

Нам даюць ёмістае тлумачэньне, выкарыстоўваючы экскурс у пачатак 90-х: «Шушкевич под давлением агрессивного БНФ посылал отчетливые сигналы на Запад — примите страну к себе! Этот путь для независимости молодой Беларуси был еще более губителен. Его немедленно пресекла бы Россия, не позволившая бы появления натовских танков к западу от Орши.»

Небясьпека адкрыта празаходняга вэктару ня ў тым, што Захад дрэнны, а ў тым, што Расея на гэта агрэсіўна адрэагавала б.

Учытайцеся: небясьпека адкрыта празаходняга вэктару ня ў тым, што Захад дрэнны, а ў тым, што Расея на гэта агрэсіўна адрэагавала б. І не паспрачаесься ж.

Пытаньне толькі ў тым, ці захочуць беларускія ўлады, каб у выніку гэтай хітрай апэрацыі ў краіне зьявіліся новыя палітычныя вязьні. Цалкам рэальныя палітвязьні зь людзей, якія ўсяго толькі хацелі быць карыснымі сваёй краіне і сваёй дзяржаве, якія (магчыма, у адрозьненьне ад многіх беларускіх кадравых вайскоўцаў) гатовыя аддаць сваё жыцьцё за яе незалежнасьць. І да якіх гэтая дзяржава ў адказ паставілася з такой непрыхаванай няўдзячнасьцю і пагардай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG