Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіма з вышыні сядла, альбо вывучаем Беларусь на роварах


13 траўня ў Менску пройдзе Міжнародны роварны фэст «Viva Ровар!»

Якія вядомыя роварныя маршруты ідуць празь Беларусь? На колькі кілямэтраў цягнуцца валожынскія гасьцінцы? Куды вядзе стары паштовы тракт? Берагам ракі, пушчанскімі сьцяжынкамі, па брукаванцы да палацаў і сядзібаў — разам зь Янай Шыдлоўскай круцім пэдалі ў пошуках беларускіх цікавінак.

1.Дняпроўская рыўера, гаючая вада і брукаваны тракт

Найбольш цікавыя маршруты для раварыстаў у міжрэччы Дняпра і Сажа распрацаваныя ў межах турыстычнага кластэра «Край жыватворных крыніц». У кластэр уваходзяць найвялікшыя славутасьці Магілёўшчыны, ён прадугледжвае супрацу аграсядзібаў, музэйных і турыстычных комплексаў. Асноўная траса цягнецца на некалькі сотняў кілямэтраў, аднак лёгка разьбіваецца на карацейшыя маршруты. Так, «Дняпроўская рыўера» — каля 50 кілямэтраў па Магілёве і ваколіцах — сярод раварыстаў лічыцца маршрутам выходнага дня і не патрабуе асаблівай падрыхтоўкі.

Маршрут «Стары паштовы тракт» злучае Магілёў і Чавусы. Вядомы з XV стагодзьдзя Чавускі гасьцінец калісьці быў цалкам брукаваны, цяпер толькі часткова. Тут можна спыніцца каля гадавальніка расьлін, страўсінага ранча, наведаць храм у Благавічах і завітаць на тутэйшыя сядзібы.

Маршрут «Жывая вада» ​ахоплівае некалькі дзясяткаў сьцюдзёных крыніц, вада ў якіх надзвычай чыстая, смачная, а то і лічыцца лекавай і цудадзейнай. Каля крыніц Байкова раней пакланяліся язычніцкім багам, а цяпер праводзяць царкоўныя абрады. Вада Блакітнай крыніцы, якую радзімічы называлі Сіняй студняй, паднімаецца з глыбіні 100–200 мэтраў і лічыцца гаючай: каб вылечыцца, раяць тры разы перайсьці праз ручай ад берага да берага. А вада крыніцы, якая завецца Бразгун і прызнаная нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, мае, як кажуць, цудадзейную сілу.

Свае роварныя маршруты распрацоўваюць і гаспадары мясцовых аграсядзібаў. Разам з мапай яны прапануюць і ровары напракат. Дарэчы, за 70 кілямэтраў ад Магілёва — адна з найцікавейшых славутасьцяў рэгіёну: сядзіба шапавалаў, дзе захоўваюцца традыцыі шапавальства, кавальства, пчалярства. Некалі паміж сабой шапавалы размаўлялі на адмысловай таемнай гаворцы, так званым «катрушніцкім лемезьні», і сёньняшнія іх пераемнікі гэтую гаворку спрабуюць адраджаць.

2. Таямніцы Белага возера і пракаветнага лесу

Прайшло шмат гадоў з таго часу, як па Палесьсі спрабаваў вандраваць на ровары этнограф Ісак Сербаў. На пачатку ХХ стагодзьдзя чалавек на ровары ды яшчэ з фотаапаратам выклікаў такі недавер і абурэньне, што дасьледчык мусіў адмовіцца ад такога транспарту. Цяпер жа раварыстам рады ў любым рэгіёне краіны, паціху зьяўляецца і неабходная для падарожжаў інфраструктура. Адзін з маркіраваных роварных маршрутаў — «Таямніцы Белага возера» — 22 кілямэтры ідзе па тэрыторыі заказьніка «Прыбускае Палесьсе».

На шляху да возера адзначаны як вартыя ўвагі велічны дуб, возера Таямнічае, возера Чорнае, экалягічная сьцежка паміж азёрамі Белае і Рагазьнянскае, а на зваротным шляху — чыгуначная станцыя «Дубіца», пабудаваная напрыканцы ХІХ стагодзьдзя.

Берасьцейшчына падаецца надзвычай цікавым рэгіёнам для роварных падарожжаў. Тут шэраг разнастайных маршрутаў, насычаных палескімі цікавінкамі, сядзібамі, радавымі гнёздамі, культавымі збудаваньнямі: «Маршрут Касьцюшкі», «Блакітныя азёры Палесься», «На радзіму Адама Міцкевіча».

Варта аб’ехаць на ровары і само Берасьце, дзе пад’ехаць можна амаль да ўсіх славутасьцяў, у тым ліку і Брэсцкай крэпасьці. Роварны рух тут дазволены ў месцах, якія не парушаюць этычных прынцыпаў гістарычнай памяці.

Ахвотна раварысты едуць катацца і ў Белавескую пушчу.

У беларускай частцы пракаветнага лесу турыстам прапануюць шэраг простых і складаных роварных маршрутаў да некалькіх дзясяткаў кілямэтраў, а таксама пракат ровараў на месцы. Падарожнікі едуць векавымі дубровамі, хвойнікамі, палянамі, міма таямнічых балот, спадзеючыся на мірную сустрэчу зь дзікімі жыхарамі пушчы. Ад пачатку сакавіка аматары роварных падарожжаў могуць наведаць «Зьвярыны пераход» і «Царскую паляну», рушыць у «Вялікае падарожжа» ці адкрыць «Лясныя таямніцы».

3. Карнавал, маратон і спатканьні на роварах

Насычаным роварным жыцьцём жыве сталіца: ад роварных экскурсій да бясплатнага пракату ровараў. «Менскі велашпацыр» — гэта суполка прафэсійных экскурсаводаў, якія прапануюць аўтарскія падарожжы па сталіцы і ваколіцах. Вандруючы роварам, турысты даведваюцца пра менскіх гіпаноў, наведваюць гандлёвы Менск, адкрываюць таямніцы Лошыцкага парку, едуць па даўняй гарадзкой мяжы альбо сьлядамі Ваньковічаў. Роварная экскурсія «Я хацеў бы спаткацца з вамі на ровары: менскімі шляхамі Багдановіча» прысьвечана славутаму паэту, а эксклюзіўны маршрут «Вела-Дзяды» вядзе па старых гарадзкіх могілках, дзе пахаваны славутыя беларусы.

Стваральнікі суполкі распрацавалі і незвычайныя загарадныя маршруты. Да прыкладу, маршрут «Вела1812, або Сёмая хуткасьць Напалеона» вядзе па сьлядах бітвы на Бярэзіне, дзе была разгромлена Вялікая Армія. Роварныя экскурсіі працягласьцю адзін ці некалькі дзён — нагода наведаць цікавыя мясьціны ў ваколіцах Менску: Заслаўе, Ратамку, Менскае мора, Строчыцы, Баравую, Раўбічы, Барысаў, Вязынку.

Роварны шпацыр па Менску можна прымеркаваць і да пэўных падзей. Так, бліжэйшае роварнае сьвята ў сталіцы заплянаванае на 13 траўня. Карнавал VivaРовар сёлета набудзе міжнародны фармат і часткова навуковы характар: акрамя параду і займальнай часткі на беразе Камсамольскага возера, у праграме і міжнародная канфэрэнцыя, на якой удзельнікі абмяркуюць разьвіцьцё роварнага руху краіны.

Зь мінулага году Менск залічаны ў міжнародны «Маршрут сталіц» Эўравела-2. Траса пачынаецца ў ірляндзкім горадзе-графстве Галуэй і цягнецца пяць з паловай тысяч кілямэтраў праз Ірляндыю, Вялікую Брытанію, Нідэрлянды, Нямеччыну, Польшчу, Беларусь, Расею. Фінальным пунктам стала Масква. На беларускай частцы Эўравела-2 пакуль распрацаваны маршрут, які злучае Менск і Наваградак — праз Заслаўе, Ракаў, Любчу і Налібоцкую пушчу. Падрабязныя мапы і ўсё, што трэба для падарожжа, можна знайсьці на афіцыйнай старонцы праекту.

Вандруючы па Менскім краі на ровары, нельга пакінуць па-за ўвагай «Валожынскія гасьцінцы».

Сетку турыстычных роварных маршрутаў працягласьцю ад 15 да 150 кілямэтраў распрацавалі раварысты-энтузіясты сумесна з гаспадарамі аграсядзібаў Валожыншчыны. Падарожжы па ваколіцах насычаныя культурна і гістарычна і падмацаваныя гасьціннасьцю мясцовых людзей. Значная частка маршрутаў ідзе па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Пра папулярнасьць лесу сярод раварыстаў кажа традыцыйны маратон «Налібокі». Выпрабаваць магчымасьці свайго цела і ровара можна сёлета 20–21 траўня.

4. Вакол сьвету за 9 дзён

Курортную будучыню Браслава спэцыялісты небеспадстаўна зьвязваюць з разьвіцьцём у ваколіцах роварнага турызму. Маляўнічыя пагоркі, схаваныя ў нізінах азёры, лясныя сьцежкі ўдалечыні ад буйных дарог цяжка ўбачыць з вакна турыстычнага аўтобуса. Калі на аўтамабілі не пад’едзеш, а ісьці пешшу — утомна і далёка, самы час сесьці на ровар. У Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» распрацаваная сетка роварных маршрутаў, самы доўгі — на 110 кілямэтраў.

Шлях «Вакол азёр» пачынаецца і сканчаецца ў Браславе і ідзе ўздоўж маляўнічых азёр Дрывяты, Цно, Несьпіш, Недрава, Поцех, Войса, Струста. Нанач раварысты могуць спыняцца ў аграсядзібах альбо на падрыхтаваных для адпачынку турыстычных стаянках. Можна абраць і лягчэйшыя кальцавыя маршруты на 20–30 кілямэтраў, якія не патрабуюць сур’ёзнай фізычнай падрыхтоўкі. У летні сэзон атрымаць ровар у часовае карыстаньне можна на гарадзкім пляжы або на турыстычнай базе, што на процілеглым беразе Дрывят.

Вельмі часта турысты пракладаюць маршруты роварных падарожжаў самастойна, прымяркоўваючы паездку ў Браслаў да цікавых тутэйшых падзей. Так, у чэрвені на Замкавай гары зьбірае аматараў сярэднявечнай культуры фэст «Меч Брачыслава», а ў другой палове ліпеня на беразе Дрывят традыцыйна адбываецца галоўная музычная падзея гораду — фэстываль VivaBraslav.

Цікавым для раварыстаў можа падацца і рэгіён BellaDvina. Трансьмежны роварны маршрут «Мёрская кругасьветка» — 415 маляўнічых кілямэтраў па тэрыторыі Беларусі і Латвіі, разьлічаны ён на 9 дзён. У беларускай частцы падарожжа раварысты наведваюць Мёры з паўкілямэтровай набярэжнай і Ўсьпенскім касьцёлам, Лявонпаль з палацам Лапацінскіх, Верхнядзьвінск, Сар’ю, Росіцу, Слабодку, Браслаў, Іказьнь. А паміж імі — драбнейшыя пункты, дзе таксама варта прыпыніцца.

5.Горы, замкі і каналы ў прынёманскім краі

Цікавыя мясьціны Гарадзеншчыны аб’яднаныя ў дзясяткі роварных маршрутаў рознай складанасьці і працягласьці — ад гістарычных гарадзкіх, разьлічаных на гадзіну-паўтары, да сапраўдных падарожжаў у прыроду, якія могуць цягнуцца некалькі дзён. Так, каб прымерыць «Сьвіцязянскі пярсьцёнак», раварысты зьбіраюцца ў Наваградку і сярод маляўнічых краявідаў накіроўваюцца ў бок легендарнага возера. 44-кілямэтровы маршрут разьлічаны прыкладна на 4 гадзіны. Роварны маршрут «Крэйдавыя горы» часткова ідзе ўздоўж берагоў Нёмана ў гарадзенскім лесапарку Пышкі, мае маркіроўку і належную інфраструктуру. Крэйдавыя кар’еры з вадаёмамі, вада ў якіх мае нязвыклы бірузовы колер, здаўна папулярныя сярод турыстаў. Больш за тое, гэты маршрут можна працягнуць і па тэрыторыі Літвы — у літоўскай частцы роварная сьцежка пракладзеная праз гарады Алітус і Бірштонас.

Адна з самых папулярных мясьцін на Гарадзеншчыне — Аўгустоўскі канал — выклікае цікавасьць у аматараў ня толькі водных паходаў, але і роварных падарожжаў. Зь беларускага боку пракладзены 15-кілямэтровы роварны маршрут. На ім турысты ўбачаць некалькі шлюзаў, у тым ліку вядомую Дамброўку, зь якой на канале пачалося разьвіцьцё турызму. У свой час тут зь вялікім размахам праходзіла сьвята мора.

На ровары можна наведаць старажытныя замкі, сядзібы славутых землякоў, Зэльву, Сьвіцязь, Нёман, шматканфэсійнае Іўе, пазнаёміцца з магнацкім і шляхецкім мінулым Ашмяншчыны.

***

Большасьць роварных маршрутаў пакуль пазначана толькі на мапах. Тым ня менш цікавасьць да ровара расьце настолькі шпарка, што неўзабаве ўжо Беларусь можа стаць сапраўды роварнай краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG