Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе сьмерці салдата Коржыча працягнулі да 9 лютага


Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Сьледзтва ў справе сьмерці Аляксандра Коржыча ў Печах пад Барысавам працягнутае да 9 лютага. Родныя салдата чакаюць канчатковых вынікаў расьсьледаваньня.

Сьвятлана Мікалаеўна, маці Аляксандра Коржыча, паведаміла Свабодзе, што ня можа агучваць акалічнасьцяў расьсьледаваньня. Жанчына спадзяецца, што ў выніку вінаватыя панясуць пакараньне. Яна адзначае, што цяпер разглядаецца вэрсія давядзеньня да самагубства, хоць сама яна абвяргае такую магчымасьць.

«Падчас сустрэчы зь міністрам абароны прагучала, што імя прапаршчыка Вірбалы стала сапраўды хадзячай назвай. Ён арыштаваны. Грошы, якія былі на картцы Сашы, ён прысабечваў і выдаткоўваў на ўласныя патрэбы.

Мы наведваліся ў вайсковую частку ў Печах. Відаць, што там ужо адбываюцца зьмены. Салдаты могуць свабодна карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Але чаму ж зьмены пачаліся пасьля таго, як невядомыя забралі жыцьцё майго сына?» — кажа Сьвятлана Мікалаеўна.

Калегі на працы Сьвятланы Коржыч спачуваюць жанчыне. Кажуць, што відаць, як трагедыя моцна адбілася на яе здароўі. Да Сьвятланы Мікалаеўны часта зьвяртаюцца незнаёмыя людзі са словамі падтрымкі. Некаторыя вайскоўцы прапаноўваюць сваю дапамогу ў правядзеньні сьледзтва.

Як разьвіваліся падзеі ў Печах

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

У сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных спраў

Папярэдне разглядаліся вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

Гвалт у войску

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG