Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус як рэванш дзяржаўнай эканомікі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Прыватны бізнэс банкрутуе, а ўсё дзяржаўнае застаецца выспай пэўнай фінансавай стабільнасьці.

Усе апошнія гады прадстаўнікі бюджэтнай сфэры ў Беларусі атрымлівалі заробак, меншы за сярэднестатыстычны. Звычайна гэтая лічба не дасягала 80% ад заробку ў эканоміцы ў цэлым. І хаця Лукашэнка заяўляў, што трэба даходы бюджэтнікаў давесьці да сярэдніх па краіне, гэтага ніяк не атрымлівалася.

Каранавірус кардынальна мяняе сытуацыю. Што б там ні было з эканомікай і крызісам, але бюджэтнікі свае заробкі атрымаюць. Нават калі зьнізяцца агульныя паступленьні падаткаў у бюджэт, не ўяўляю сытуацыі, каб кіраўніцтва, асабліва ў год выбараў, дапусьціла намінальнае зьніжэньне заробкаў работнікаў бюджэтнай сфэры.

Больш за тое, на гэты год заплянавалі істотны рост даходаў менавіта ў бюджэтнай сфэры. На апошняй нарадзе 23 красавіка прэм’ер Румас паведаміў, што рост даходаў насельніцтва за першыя тры месяцы году склаў 7 адсоткаў.

Цяперашнія праявы каранакрызісу, закрыцьцё кавярняў, цырульняў, фітнэс-цэнтраў пачалося толькі ў красавіку. Тысячы людзей, работнікаў малога бізнэсу, атрымаюць меншыя даходы альбо проста застануцца бяз працы — і, як выглядае, бязь нейкіх істотных выплат ад дзяржавы. Як сказаў Лукашэнка на нарадзе 23 красавіка: «Ніхто нікому нічога ня дасьць».

Памятаем, як Лукашэнка ў самым пачатку свайго прэзыдэнцтва назваў бізнэсоўцаў вашывымі блохамі і паабяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку». Цяпер кіраўнік Беларусі такіх скандальных заяваў амаль ня робіць, але ёсьць падставы падазраваць, што свайго глыбіннага стаўленьня да бізнэсу ён не зьмяніў.

Акрамя таго, Лукашэнка адчувае, што ў гэтых рэстаранах, кавярнях і барбэршопах яўна працуе не ягоны стабільны электарат — на халеру тады перад імі прагінацца, даваць фінансавую падтрымку?

«Як вы думаеце, вы рэстаран сёньня будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё», — казаў Лукашэнка яшчэ 3 красавіка.

Якія сфэры найбольш пацярпяць ад цяперашняга крызісу? Турыстычная, грамадзкае харчаваньне, забаўляльная. Дык там дзяржавы амаль нідзе няма, усё гэта прыватнае і рынкавае.

Ня дзіва, што кіраўнік Беларусі, як выглядае, ня надта і перажывае ад таго, што бізнэсы зь недзяржаўнай сфэры банкрутуюць, бяднеюць, страчваюць даходы. Тым часам у каго падчас пандэміі застаецца свой, мо і невялікі, але стабільны заробак? У бюджэтнікаў і працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў!

Дасьледаваньні (таго ж ІПМ, Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту) фіксавалі, што апошнія гады беларусы сталі лічыць больш прэстыжнай і выгоднай працу на замежных і беларускіх прыватных прадпрыемствах, а не на дзяржаўных. А тут — каранавірус.

Прыватны бізнэс банкрутуе, а ўсё дзяржаўнае застаецца выспай пэўнай фінансавай стабільнасьці. Такі падарунак для кіраўніка дзяржавы, які ўсю сваю палітыку будуе на дзяржаўным патэрналізьме, супрацьдзеяньні прыватызацыі і эканамічным рэформам, недаверы да «прыватніка»!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG