Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз адчыніў дзьверы для Ўкраіны і Малдовы — тлумачэньне, што гэта значыць


Якое значэньне мае набыцьцё Ўкраінай і Малдовай статусу кандыдатаў у чальцы Эўразьвязу? Наколькі доўгім будзе іх шлях да поўнага сяброўства? Як сёньняшняе рашэньне ЭЗ паўплывае на эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч

  • Гэтае рашэньне — прынцыповы, гістарычны разварот Украіны ад Расеі, ад імпэрыі, ад «рускага сьвету» у бок Захаду, у бок Эўропы, у бок эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Гэта зьмена цывілізацыйнага коду Ўкраіны.
  • Многія аналітыкі пісалі, што без Украіны Расея ня будзе імпэрыяй. Сёньняшняе рашэньне — моцны ўдар па імпэрскай пэрспэктыве Расеі.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Калі б ня гэтая вайна Расеі з Украінай, ва Ўкраіны было б няшмат шанцаў стаць кандыдатам у ЭЗ. Сёньняшняе рашэньне дэманструе рашучасьць ЭЗ супрацьстаяць Расеі.
  • Варта прыгадаць, з чаго пачаўся Эўрамайдан. Тады пад ціскам Масквы Віктар Януковіч адмовіўся падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Тады Расея была катэгарычна супраць гэтай формы супрацы Ўкраіны з ЭЗ, значна слабейшай, чым сяброўства ў ЭЗ.
  • Калі цяпер Пуцін кажа, што Расея ня супраць сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе — ён робіць добрую міну пры кепскай гульні.
  • Украіна атрымае вялікія грошы ад Эўразьвязу з адмысловых фондаў для кандыдатаў на выкананьне ўмоваў уступленьня ў Зьвяз.
  • Калі вынесьці за дужкі вайну, якая зараз ідзе, мяркую, што Ўкраіне спатрэбіцца гадоў 10, каб падрыхтавацца да ўступленьня ў ЭЗ. Гэта мінімум.
  • У 2009 годзе, калі прымалася праграма «Ўсходняе партнэрства» для Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, было агаворана, што ўдзел у гэтай праграме не дае пэрспэктывы ўступленьня ў ЭЗ. Цяперашні статус Малдовы і Ўкраіны такую пэрспэктыву дае, дае матывацыю рабіць рэформы.
  • Узгадка Беларусі ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту наконт кандыдацтва ў ЭЗ Украіны і Малдовы азначае, што дзьверы Эўразьвязу не зачыненыя і перад Беларусьсю.
  • Агрэсія Расеі супраць Украіны надала новую дынаміку працэсу пашырэньня ЭЗ пасьля працяглага замарожваньня гэтага працэсу.
  • Калі ў Беларусі адбудуцца кардынальныя перамены, Беларусь таксама зможа прэтэндаваць на сяброўства ў ЭЗ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG