Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешнепалітычнае ведамства ЭЗ аб прысудзе Таратуту: Сьмяротнае пакараньне не стрымлівае злачыннасьць


Сьмяротнае пакараньне ўяўляе сабой канчатковае адмаўленьне чалавечай годнасьці, не зьяўляецца фактарам, які стрымлівае злачыннасьць, і робіць судовыя памылкі незваротнымі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (ЭСЗД) Петара Стана ў сувязі з вынесеным 19 кастрычніка Менскім абласным судом сьмяротным прысудам Аляксандру Таратуту.

Адзначаецца, што ЭЗ, выказваючы шчырае спачуваньне блізкім ахвяры і ўсім тым, хто пацярпеў у выніку яго «сумнага і жорсткага злачынства», пацьвярджае сваё недвухсэнсоўнае непрыманьне сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах. У заяве зьмяшчаецца заклік да Беларусі, адзінай краіны ў Эўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца сьмяротнае пакараньне, увесьці мараторый на яе выкарыстаньне ў якасьці першага кроку да скасаваньня гэтага віду пакараньня ў адпаведнасьці з агульнасусьветнай тэндэнцыяй.

Менскі абласны суд на выязным пасяджэньні ў Слуцку 19 кастрычніка вынес сьмяротны прысуд Аляксандру Таратуту, які забіў трохгадовага сына.

Маці дзіцяці асуджаная на максымальны тэрмін пазбаўленьня волі — 25 гадоў ва ўмовах строгага рэжыму.

37-гадовую Анастасію Таратуту і 48-гадовага Аляксандра Таратуту прызналі вінаватымі па ч. 2 арт. 154 (Наўмыснае прычыненьне працяглага болю, пакутаў спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізычныя і псыхічныя пакуты, сыстэматычнае нанясеньне пабояў (катаваньне), учыненыя ў дачыненьні да заведама непаўналетняй, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы) і пунктах 2, 6, 15 ч. 2 ст. 139 (Наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленьне жыцьця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, групай асобаў) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных сьледзтва, у студзені 2023 году бацькі прынамсі 14 разоў ударылі дзіця. Калі хлопчык быў ужо мёртвы, яны выклікалі хуткую дапамогу. Сьцьвярджаецца, што мужчына і жанчына зьбівалі дзіця за дрэнныя паводзіны, ён быў зьнясілены: на момант сьмерці важыў 7 кг.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG