Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларусаў з 1 лютага: зьмены ў АРІП, камунальных плацяжах, дапамозе на дзяцей


Лічыльнік, ілюстрацыйнае фота
Лічыльнік, ілюстрацыйнае фота

Новае зь лютага для беларусаў у рахунках, працы, законах.

Зьмены ў працы АРІП

Нацбанк выключыў зь пераліку банкаўскіх апэрацый, якія можа выконваць нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя, давернае кіраваньне грашыма паводле адмысловай дамовы, а таксама ажыцьцяўляць фінансаваньне пад саступку грашовага патрабаваньня — фактарынг (гаворка пра паслугу па адтэрміноўцы плацяжоў).

Паводле гэтай працэдуры, цяпер выключанай з функцый АРІП, банк або іншая фінансавая арганізацыя за пэўную камісію дапамагае кліентам укладаць грошы — выбіраць варыянты, куды заінвэставаць, як знаходзіць балянс паміж рызыкай і прыбытковасьцю. Сродкі могуць укласьці, да прыкладу, у акцыі замежных кампаній або біржавых фондаў, эўрааблігацыі. Пры гэтым грошы кліента могуць укладвацца як у беларускія каштоўныя паперы, так і ў замежныя.

Таксама Нацбанк дапоўніў двума пунктамі пералік банкаўскіх апэрацый, якія зможа ажыцьцяўляць АРІП:

  • прыцягненьне на рахункі грошай юрыдычных асоб;
  • адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў арганізацый (у абодвух выпадках — у тым ліку банкаў-рэспандэнтаў).

Дапамога на дзяцей

З 1 лютага падвысяць памеры некаторых дапамог пры нараджэньні дзяцей, анансавала Міністэрства працы. Цяперашні дадатак зьвязаны з павышэньнем бюджэту пражытковага мінімуму.

Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем першага дзіцяці з 1 лютага вырасьце да 4067,4 рубля, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 5694,36 рубля. Павышэньне, адпаведна, адбудзецца на 389,5 рубля і 545,3 рубля.

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, вырасьце да 406,74 рубля.

Памер штомесячнай дапамогі сем'ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў на дзіця-інваліда ў лютым складзе 284,72 рубля, а на іншых дзяцей у сям'і — 203,37 рубля.

Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў складзе 406,74 рубля (з I і II ступеньню страты здароўя і з III і IV ступеньню страты здароўя да дасягненьня дзіцем узросту трох гадоў) і 488,09 рубля (з III і IV ступеньню страты здароўя пасьля дасягненьня дзіцяці ўзросту трох гадоў). Штомесячная дапамога на дзіця да 18 гадоў, якое мае ВІЧ, складзе 284,72 рубля.

Памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросьце да трох гадоў вырастуць на 11,3%. Памер дапамог залежыць ад зьмены сярэдняга заробку па краіне за папярэдні квартал. Гэтыя выплаты будуць у такім памеры да канца ліпеня.

  • на першае дзіця — 724,85 руб. (+ 73,5 руб.)
  • на другога і наступных дзяцей — 828,40 руб. (+ 84 руб.)
  • на дзіця-інваліда — 931,95 руб. (+ 94,5 руб.)

Такія памеры бюджэту пражытковага мінімуму і дапамог на дзяцей будуць дзейнічаць да канца красавіка.

Павышэньне пражытковага мінімуму

Сам бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складзе 406,74 рубля. Гэта на 38,95 рубля больш, чым цяпер. Такое рашэньне прыняло Міністэрства працы.

Ад памеру бюджэту пражытковага мінімуму залежыць памер аднаразовых выплат пасьля нараджэньня дзіцяці, мінімальных працоўных і сацыяльных пэнсій, надбаўкі, павышэньня да пэнсій і даплаты беларусам 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пэнсіі ў органах па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне, а таксама дапамога ў доглядзе інваліда I групы ці асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Могуць павялічыцца рахункі за камунальныя паслугі

Кошт жыльлёва-камунальных паслуг у рахунках за студзень, праўдападобна, палічаць паводле вышэйшых тарыфаў. Як заявілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю журналісту «Люстэрка» як фізычнай асобе, рашэньне пра павелічэньне можа падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Раней улады не зацьвердзілі гэтага дакумэнту, хаця звычайна яго прымаюць у канцы папярэдняга году.

У МАРГ паведамілі, што з 1 студзеня на 0,5 базавай велічыні плянуюць падняць тарыфы на ЖКГ, якія не дасягнулі 100-працэнтнага ўзроўню кампэнсацыі эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказаньне.

Месяц да адкрыцьця «супэрдоступу» да плацяжоў

Лукашэнка яшчэ 29 жніўня 2023 году падпісаў указ пра захады супрацьдзеяньня несанкцыянаваным аплатным апэрацыям. З 1 сакавіка гэтага году сілавікі — органы пракуратуры, дзяржаўнай бясьпекі, унутраных справаў, Сьледчы камітэт і Апэратыўна-аналітычны цэнтар — атрымаюць так званы «супэрдоступ» да інфармацыі пра плацяжы беларусаў.

Улады аргумэнтуюць новаўвядзеньне барацьбой з ашуканцамі.

Паводле рашэньня Генэральнай пракуратуры, КДК, СК і МУС змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён расходныя апэрацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку, калі сілавікі будуць мець зьвесткі ці нават падазрэньні «пра зьдзяйсьненьне супрацьпраўных дзеяньняў».

Нацбанк лічыць, што гэта дазволіць «фінансавым арганізацыям і праваахоўным органам эфэктыўней процідзейнічаць кібэрмахлярству».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG