Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у судзе абскардзіў жорсткую праверку на мяжы пры ўезьдзе ва Ўкраіну. Чым cкончылася справа


Украінска-малдоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Украінска-малдоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Свабодзе стала вядома пра выпадак, калі грамадзянін Беларусі паскардзіўся ў суд на жорсткае абыходжаньне падчас перасячэньня ўкраінскай мяжы і дыскрымінацыю паводле паходжаньня.

Грамадзянін Беларусі прайшоў ва Ўкраіне ўсе судовыя інстанцыі, каб давесьці, што яго затрыманьне на памежным пункце Ўкраіны было незаконным. Ён адстойваў свае патрабаваньні ва ўкраінскіх судах самастойна, без адваката, і прайшоў усе этапы судовага разбору — ад суду першай інстанцыі да апэляцыйнага суду, але так і не дабіўся рашэньня на сваю карысьць.

Што стала падставай для звароту ў суды

Свабода не змагла высьветліць асобу грамадзяніна Беларусі і наяўнасьць у яго дазволу на пражываньне ва Ўкраіне. Імаверна, ён зарэгістраваны ці пражывае ў горадзе Чаркасы, бо менавіта там ён пачаў абскарджваць дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў датычна яго пры ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю.

У сваёй заяве ў суд беларус напісаў, што 15 кастрычніка 2022 году ён уяжджаў з тэрыторыі Малдовы ва Ўкраіну праз пункт пропуску «Магілёў-Падольскі». Украінскія памежнікі тады забралі ў яго дакумэнты, правялі размову пад відэазапіс, зьнялі біямэтрычныя і пэрсанальныя зьвесткі і пратрымалі на мяжы больш за чатыры гадзіны.

Чаго патрабаваў беларус

Грамадзянін Беларусі патрабаваў у сваім пазове прызнаць супрацьпраўным і незаконным:

  • яго затрыманьне і правядзеньне спэцыяльнага кантролю на мяжы,
  • жорсткае абыходжаньне пры затрыманьні, якое прыніжае годнасьць,
  • збор біямэтрычных і іншых пэрсанальных зьвестак у часе затрыманьня,
  • выманьне дакумэнтаў пры затрыманьні,
  • дыскрымінацыю паводле прыкметы прыналежнасьці да грамадзянства Беларусі, вынікам якой сталі, на ягоную думку, пералічаныя парушэньні.

Грамадзянін Беларусі таксама прасіў суд абавязаць памежнікаў устрымацца ад такіх дзеяньняў у будучыні і спагнаць зь іх 538 847 грыўняў (больш за 14 тысяч даляраў у эквіваленце паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку Ўкраіны. — РС) у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай у выніку пералічаных незаконных дзеяньняў.

Што вырашылі суды і як патлумачылі дзеяньні памежнікі

Суд першай інстанцыі і апэляцыйны суд адмовілі ў задаваленьні пазову грамадзяніна Беларусі. Апэляцыйнае рашэньне 14 лютага 2024 году набыло законную моц і касацыйнаму абскарджаньню не падлягае.

У прыватнасьці, суд пацьвердзіў, што памежнікі выканалі датычна грамадзяніна Беларусі «працэдуру кантролю другой лініі» на падставе аналізу і ацэнкі рызыкаў у часе першаснай праверкі на мяжы, каб высьветліць наяўнасьць законных падстаў для ўезду ва Ўкраіну.

Гэтая працэдура завяршылася 15 кастрычніка 2022 году ў 14.48, але дазвол на ўезд грамадзянін Беларусі атрымаў у 19.15, пасьля адпаведнага рашэньня старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Суд спаслаўся на заканадаўчыя і ведамасныя акты, якія вызначаюць дзеяньні памежнікаў датычна грамадзян Беларусі, Расеі, Сэрбіі і непрызнанай «Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі».

У прыватнасьці, пры правядзеньні працэдуры праверкі і афармленьня на мяжы ўкраінскія памежнікі кіруюцца законам аб Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, загадам адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы ад 29 красавіка 2022 году аб выяўленьні асобаў, датычных да збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, загадам адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы ад 26 лютага 2022 году аб узмацненьні мерапрыемстваў кантролю, а таксама загадам Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ад 14 траўня 2018 году аб працэдурах праверкі іншаземцаў, якія выклікаюць сумневы ці падазрэньні.

Калегія судзьдзяў апэляцыйнай інстанцыі адзначыла, што, паколькі заяўнік зьяўляецца іншаземцам, грамадзянінам Беларусі, то бок асобай, якая адпавядае індыкатарам рызыкі і патрабуе вызначэньня аналізу рызыкаў у сфэры бясьпекі дзяржаўнай мяжы з улікам супольнай інтэграванай мадэлі аналізу рызыкаў дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу і нацыянальнага досьведу, 15 кастрычніка 2022 году датычна яго памежнікі правамоцна правялі працэдуру кантролю другой лініі.

Суд таксама не знайшоў доказаў таго, што памежнікі абыходзіліся з грамадзянінам Беларусі незаконна, жорстка і прыніжалі годнасьць.

«Суд першай інстанцыі правільна вызначыў фактычныя абставіны справы і даў належную ацэнку вывучаным доказам, прыняў законнае і абгрунтаванае рашэньне», — сказана ў рашэньні апэляцыйнага суду.

Апэляцыйнае рашэньне 14 лютага набыло законную моц і касацыйнаму абскарджаньню не падлягае.

Украіна ўвяла новыя патрабаваньні па кантролі грамадзян Беларусі і Расеі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У прыватнасьці, праверка ажыцьцяўляецца ў два этапы: спачатку правяраюць праязныя дакумэнты, спраўджваюць мэту паездкі, дастатковую колькасьць грошай для знаходжаньня ва Ўкраіне, а таксама адсутнасьць рашэньня ўкраінскіх упаўнаважаных органаў аб забароне на ўезд ва Ўкраіну. На другім этапе праводзяць размовы зь відэазапісам, пытаюцца пра стаўленьне да агрэсіі Расеі, здымаюць адбіткі пальцаў, а пасьля рашэньне аб дазволе ўехаць на тэрыторыю Ўкраіны ўхваляе кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны. Гэтыя працэдуры могуць працягвацца да 10 гадзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG