Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца 


Украінскія дзеці ў Беларусі ў вайсковай частцы 3214. Фота: МУС Беларусі
Украінскія дзеці ў Беларусі ў вайсковай частцы 3214. Фота: МУС Беларусі

Амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей вывозілі на тэрыторыю Беларусі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну па кастрычнік 2023 году. Такія дадзеныя абнародавала Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкага здароўя ў лістападзе мінулага году.

Журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторый — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што наведалі такія ўстановы, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.

«Сабраліся на плошчы, пасадзілі дзяцей, памахалі і паехалі»

Украінскае «Нацыянальнае інфармацыйнае бюро» выявіла і апублікавала на партале «Дзеці вайны» імёны каля 20 тысяч дзяцей, якіх з пачатку поўнамаштабнай вайны незаконна дэпартавалі ці іншым чынам разлучылі з бацькамі або апекунамі.

Журналістам Радыё Свабода ўдалося вызначыць паўсотні імёнаў украінскіх дзяцей, якіх прывозілі ў Беларусь. Сярод іх мы знайшлі дваіх, якія значацца ва ўкраінскай базе. Ніякіх зьвестак пра іх да гэтага часу Ўкраіна ня мае.

Высьветлілася, што двое непаўналетніх — Андрэй Сазонаў і Надзея Лупінава з Марыюпалю — былі ў 2023 годзе ў лягеры ў Кобрынскім раёне, пасьля чаго вярнуліся назад на акупаваную тэрыторыю.

У Свабоды атрымалася скантактавацца зь сям’ёй Сазонава. Хлопец знаходзіцца пад апекай дзеда і бабулі. Паездку ў Беларусь яму прапанавалі ў службе апекі праз тэлефон.

«Мы спужаліся, сказалі, што гэтае дзіця не для паездак, а яна [суправаджальніца] кажа: «Падумайце, але нядоўга». І потым паехалі, куды нам сказалі. Сказалі, якія дакумэнты патрэбныя, колькі экзэмпляраў», — дзеліцца бабуля Андрэя Сазонава.

Журналісты пагаварылі і зь іншымі сем’ямі дзяцей, якія прыяжджалі з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і вярнуліся назад у Лісічанск ці Марыюпаль. Паездкі ім прапанавалі ў школах, і бацькі пагадзіліся.

«Сьпісы фармавалі, хто хоча паехаць, з розных школаў сабралі некалькі аўтобусаў. У нас ёсьць клясны чат, кіраўнік пытаў, хто хоча паехаць, потым дакумэнты, усё асьвятлялася — у які час, калі. Сабраліся на плошчы, пасадзілі дзяцей, памахалі і паехалі», — расказвае Свабодзе бацька 13-гадовай Кіры Вараб’ёвай з Марыюпалю.

Варта адзначыць, што многія з тых, хто прыяжджае ў Беларусь, а часам і асобныя групы, — гэта сіроты ці дзеці без бацькоўскай апекі, якія ня могуць даць добраахвотнай згоды на выезд. Паводле ўкраінскага закону, адказнасьць за іх нясуць менавіта ўлады Ўкраіны, якія не давалі дазволу на перамяшчэньне дзяцей.

У «зьліве» дакумэнтаў з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якім са Свабодай падзяліліся «Кібэрпартызаны», журналісты знайшлі адзін з дазволаў на вываз непаўналетняга дзіцяці, аформлены на фірмовым блянку гэтак званай «ДНР». Згодна зь ім, дзіця «мае права выезду» на ўсе акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны, а таксама ў Абхазію, Дагестан і Рэспубліку Беларусь.

Аднак любыя дакумэнты, выдадзеныя акупацыйнымі органамі ўлады, з гледзішча ўкраінскага заканадаўства ня маюць моцы, адзначае экспэртка ўкраінскага Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека, юрыстка Кацярына Рашэўская.

«Украіна як дзяржава шмат разоў выказвала сваю пазыцыю, што мы супраць такіх вывазаў і што ў такіх установах масава парушаюцца правы ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку ў захоўваньні іх ідэнтычнасьці. Менавіта таму ўвесь гэты спэктар абставін дазваляе сьцьвердзіць, што такая згода зьяўляецца нікчэмнай і адназначна нівэляваць доказы дэпартацыі ня можа», — тлумачыць Кацярына Рашэўская.

Адсачыць лёс такіх дзяцей і ўвогуле факт іх вяртаньня ці невяртаньня ва Ўкраіну (ці хаця б на акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі) няпроста. Напрыклад, нягледзячы на вялікія намаганьні, журналістам не ўдалося высьветліць месца знаходжаньня і лёс Аляксандра Марыніна з Марыюпалю, пасьля таго як ён наведаў лягер «Колас» у лістападзе 2023 году.

Тады ў этэры дзяржаўнай тэлевізіі хлопчык расказаў, што ягоныя бацькі памерлі. Ці сапраўды гэта так? Тэлефоны маці хлопчыка, Вікторыі Марынінай, адключаныя. Апошняя інфармацыя пра яе, якую ўдалося знайсьці ў інтэрнэце, — паведамленьне аб атрыманьні матэрыяльнай дапамогі ў Марыюпалі ў красавіку 2022 году. Журналістам удалося пагутарыць у мэсэнджары з грамадзянскім мужам Вікторыі. Ён сказаў, што жанчына памерла летась, а дзе яе сын Аляксандар, ён ня ведае.

Андрэй Сазонаў (зьлева) і Аляксандар Марынін. Скрыншот: беларускі дзяржаўны тэлеканал "Беларусь 1"
Андрэй Сазонаў (зьлева) і Аляксандар Марынін. Скрыншот: беларускі дзяржаўны тэлеканал "Беларусь 1"

Адкуль прывозяць дзяцей

У размовах з журналістамі родныя ўкраінскіх дзяцей зьвяртаюць увагу на цяперашні стан гарадоў, якія перажываюць заняпад пасьля актыўных ваенных дзеяньняў. Не заўсёды ёсьць магчымасьць падлучыцца да інтэрнэту, дзесьці пэрыядычна няма электрычнасьці і гарачай вады. Людзі фактычна апынуліся ў сытуацыі, калі выезд ва ўмоўна бясьпечную Беларусь, а тым больш бясплатны, успрымаецца як магчымасьць для дзіцяці вярнуцца ў нармальнае жыцьцё без бамбаваньняў.

«Баявыя дзеяньні, не было ацяпленьня, у дом прылятала тры разы. Ён не разбураны, але непрыдатны для жыцьця. Пакуль што жывём з бабуляй у іншай кватэры, — расказаў бацька непаўналетняй Кіры з Марыюпалю. — Горад выглядае сумна пакуль, таму што вельмі шмат разбурана, але і мала зроблена. Зразумела, што хутка нічога не адновіш. Новыя раёны, безумоўна, вельмі прыгожыя, а так шмат разбураных дамоў зьнесена. Зразумела, калі ідзе будаўніцтва, то брудна, з ацяпленьнем праблемы».

«Абстаноўка ў нас такая: на Новы год паўднёвыя кварталы абстралялі, ёсьць загінулыя, раненыя. А другі бок у нас пастаянна пад абстрэлам», — расказала журналістам маці 11-гадовага Савелія і 12-гадовай Соф’і зь Лісічанску.

Па словах бабулі 12-гадовага Андрэя Сазонава з Марыюпалю, мабільная сувязь у горадзе то вяртаецца, то зьнікае: «Трэба выходзіць і шукаць далей. Дах, столь абвальваюцца, нешта замазалі».

Псыхалягіня Вольга Вялічка абгрунтоўвае матывацыю бацькоў тым, што кожны будзе шукаць у такім выпадку лепшага месца для свайго дзіцяці хаця б на некаторы час.

«Калі б мае дзеці былі пад пагрозай бамбаваньняў і ў мяне была б такая магчымасьць, я б на такі крок пайшла. Гэтыя людзі думаюць, што ў Беларусі іхным дзецям будзе лепш. Але яны ня думаюць, як іх будуць забаўляць, якія культурныя праграмы там будуць, што будуць укладаць у іх галовы», — кажа Вольга Вялічка.

Юрыстка Кацярына Рашэўская лічыць, што матывацыя бацькоў не заўсёды адпавядае правам і інтарэсам дзяцей:

«Мы часта назіраем, як у сытуацыі збройных канфліктаў бацькі дзейнічаюць не ў інтарэсах сваіх дзяцей, а тое, чаго хоча дзіця, і ягоныя думкі супярэчаць ягонаму разьвіцьцю і правам. Тое, што парушаліся правы ідэнтычнасьці, гэтае дзіця русыфікавалі, мілітарызавалі, не вызначалі як грамадзяніна Ўкраіны — мае больш важнае значэньне, чым факт даваньня нейкай ілюзорнай згоды».

Як адбываецца «перавыхаваньне»

Арганізатары паездак зь беларускага боку ня ўтойваюць, што асаблівую ўвагу ўдзяляюць дзецям менавіта з новаакупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Пра гэта ў 2022 годзе казаў старшыня менскага абласнога прафсаюзу работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасьці Дзьмітры Швайба — ён удзельнічаў у арганізацыі паездкі дзяцей з Данбасу ў санаторый «Дубрава» пад Салігорскам.

«Наступны заезд — гэта будуць дзеці зь сямей тэрыторый Данбасу, якія апынуліся ў юрысдыкцыі ДНР пасьля пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Абгрунтоўвае ён гэта тым, што там адбылося найбольшае «ідэалягічнае апрацоўваньне ўладамі з Кіева».

Беларускія чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, каардынатары і тыя, хто суправаджае дзяцей, нярэдка выкарыстоўваюць тую ж рыторыку, што і расейскія акупацыйныя ўлады, называючы пры гэтым украінскіх дзяцей «гасьцямі з вызваленых тэрыторый» і «нашымі людзьмі».

Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы выявіла, што дзяцей з Украіны звозяць сама меней у 13 месцаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Усё гэта дзяржаўныя санаторыі і лягеры, а таксама рэабілітацыйныя цэнтры ў розных абласьцях краіны. Месца, дзе найчасьцей адпачывае найбольш дзяцей, — лягер «Дубрава» пад Салігорскам, ён належыць «Беларуськалію».

Бацька Кіры Вараб’ёвай, якая правяла тры тыдні ў «Дубраве», ахарактарызаваў яе побыт як «калейдаскоп падзей», хоць дзеці толькі раз выехалі ў Салігорск на экскурсію. Усе іншыя мерапрыемствы і сустрэчы праходзілі на тэрыторыі лягера.

Праграма адпачынку вывезеных з Украіны дзяцей адрозьніваецца ў залежнасьці ад месца, куды іх прывозяць, але асноўныя яе элемэнты амаль ва ўсіх выпадках аднолькавыя. Іх возяць на экскурсіі на дзяржаўныя прадпрыемствы (у гэтым сьпісе «Нафтан», Менскі трактарны завод, фабрыка цацак «Палесьсе», БелАЗ і іншыя), праводзяць сустрэчы з супрацоўнікамі МНС. У праграме таксама наведваньне краязнаўчых музэяў, цэркваў, прыродных аб’ектаў, звычайныя спартовыя актыўнасьці, якімі можна займацца на тэрыторыі лягера.

Адна з груп нават выяжджала на хакейную гульню разам з былым старшынём Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыем Баскавым. А тым, хто прыяжджаў зімой, асабліва пашчасьціла: іх запрасілі на «Галоўную ялінку краіны» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён чарговы раз сказаў, што «ў Беларусі няма чужых дзяцей».

Значную частку праграмы складаюць імпрэзы, якія маюць ідэалягічную афарбоўку. Дзеці, якіх толькі што прывезьлі зь іхных разбураных Расеяй гарадоў, наведваюць вайсковыя мэмарыялы — Берасьцейскую крэпасьць, «Лінію Сталіна», Курган Славы ці Хатынь. Кожную групу прывезеных у Беларусь дзетак наведваюць расейскія і беларускія чыноўнікі, праўладныя актывісты і сілавікі.

Так, Андрэй Сазонаў з Марыюпалю, які быў летась у Беларусі, расказваў пра міліцыю, якая прыходзіла да вывезеных украінскіх дзяцей і дарыла падарункі. Нярэдка аўтобусы і цягнікі зь непаўналетнімі сустракаюць, а часам і суправаджаюць прыхільнікі Пуціна — удзельнікі байкерскага клюбу «Начныя ваўкі», якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і Эўразьвязу, а Ўкраіна наклала на іх санкцыі пасьля анэксіі Крыму.

«Дзіця з гледзішча дзяржавы — гэта малы суб’ект, які захоўвае ў сабе на генэтычным узроўні культуру, паводзіны, гісторыю, сацыяльныя кантэксты. І чым меншы ўзрост у дзяцей, тым лягчэй “перапрашываць” генэтычную памяць, тым лягчэй сказаць, што “вы не ўкраінцы, вы расейцы; вы не ўкраінцы, вы беларусы”, — тлумачыць псыхалягіня Вольга Вялічка. — Дзеці ня так шмат памятаюць, і, натуральна, можна ўкласьці ў дзіцячую галаву тое, што і было зроблена за савецкім часам: што няма беларусаў, няма ўкраінцаў, а ёсьць савецкія дзеці з савецкай ідэалёгіяй».

У канцы 2023 году дзецям арганізавалі паездку ў александрыйскую школу, дзе вучыўся Аляксандар Лукашэнка. Там жа дзяцей «праверылі» на веданьне ягонай біяграфіі:

— Які факт з жыцьця Аляксандра Лукашэнкі табе больш за ўсё запомніўся?

— Што ён вучыўся на пяцёркі, чытаў многа, працаваў.

— Працаваў, так. Будзеш, як прэзыдэнт наш, выдатна вучыцца?

— Так.

Любоў да прарасейскіх наратываў беларускія арганізатары прышчапляюць украінскім дзецям гэтаксама, як і беларускім пасьля здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году, — праз сустрэчы з спэцназаўцамі ці міліцыянтамі.

Як мінімум двойчы ў 2022 годзе ўкраінскіх дзяцей прывозілі ў вайсковую частку 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі. Сілавікі расказвалі пра сябе, паказвалі зброю і вайсковую тэхніку. Дзецям прапаноўвалі пастраляць зь пісталетаў і аўтаматаў, патрэнавацца ў навыках рукапашнага бою. Спэцназаўцы з гэтай часткі вядомыя сваім удзелам у жорсткім здушэньні мірных акцый пратэсту ў жніўні 2020 году, а таксама папярэдніх буйных акцый дэмакратычных сілаў Беларусі. З 2021 году на базе часткі дзейнічае вайскова-патрыятычны клюб «Рысь», які самі прапагандысты называюць «фабрыкай патрыётаў».

Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы выявіла, што як мінімум шэсьць груп дзяцей з Украіны праходзілі вайсковую падрыхтоўку ў Беларусі, у тым ліку на базах унутраных войскаў Беларусі.

Падчас навучальнага году дзяцей з Украіны часам далучаюць да заняткаў у беларускіх школах. Так было з групай, якая прыехала ў Наваполацак з Луганскай вобласьці. Дзяцей разьмеркавалі па школах, і яны некалькі тыдняў хадзілі на тыя ж заняткі, што і беларускія. Заняткі праходзілі па беларускіх падручніках на расейскай мове.

Беларускім падручнікам і цяпер чыноўнікі ад адукацыі ставяць задачу «быць максымальна набліжанымі да савецкіх узораў». А сёлета амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў пра падпісаную дамову паміж дзяржавамі аб уніфікацыі падручнікаў па гісторыі. Для прыкладу, у расейскіх падручніках ня так даўно зьявіліся асобныя разьдзелы з абгрунтаваньнем вайны ва Ўкраіне, а таксама сваімі поглядамі «на разуменьне вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюзу, і ў гісторыі Расейскай імпэрыі».

Згодна ж з артыкулам 50 Жэнэўскай канвэнцыі дзяржава-акупант абавязаная па магчымасьці забясьпечыць, каб дзяцей вучылі асобы іхнае ж нацыянальнасьці, мовы і рэлігіі. Гэтым пунктам і расейскія, і беларускія ўлады маніпулююць. На беларускай дзяржаўнай тэлевізіі такі падыход яскрава прадэманстравала ў сваёй праграме прапагандыстка Ксенія Лебедзева, калі запрасіла групу ўкраінскіх дзяцей, якія ў той час знаходзіліся ў Беларусі. У этэры галоўнага беларускага тэлеканалу прапагандыстка папрасіла дзяцей зрабіць безальтэрнатыўны выбар: «Кім вы сябе лічыце: украінцамі ці расейцамі?». Як і можна было чакаць, яны назвалі сябе расейцамі.

Псыхалягіня Вольга Вялічка зьвяртае ўвагу, што такім чынам дзяцей і іх бацькоў вучаць рабіць «выбар бяз выбару».

«Дзяцей лёгка падмануць, яны адрозьніваюцца ад дарослых тым, што шмат чаго ня ведаюць, шмат праз што не прайшлі, шмат чаго не ўсьведамляюць. Гэта натуральная маніпуляцыя для дзяцей трох гадоў. Ты нібы з выбарам, але бяз выбару. І выбірай: ты расеец ці ўкраінец. А можа габрэй? А можа там намяшана, а можа маці — расейка, а тата — украінец? Калі чалавек выбірае адно ці другое, насамрэч гэта не пра выбар», — камэнтуе праграму псыхалягіня Вольга Вялічка.

Хто нясе адказнасьць?

Беларускія ўлады заяўляюць, што вывозяць дзяцей на «часовае аздараўленьне». Аднак незалежна ад таго, як доўга дзіця знаходзіцца на тэрыторыі іншай краіны падчас вайны, згодна зь міжнародным правам гэта кваліфікуецца як дэпартацыя. Паводле Жэнэўскай канвэнцыі, эвакуацыя дазволеная толькі ў рамках акупаванай тэрыторыі дзяржавы, дзе пражываюць гэтыя людзі.

Пры гэтым выезд за мяжу магчымы толькі для экстраннага ўратаваньня жыцьця і тады, калі іншых шляхоў эвакуацыі няма. І нават у такім выпадку Расея мусіла б, па-першае, атрымаць згоду ад Украіны, а па-другое, перадаць поўны сьпіс дзяцей з дэталёвай інфармацыяй пра іх Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа. Але такога не было.

Вываз украінскіх дзяцей зь непадкантрольных тэрыторый у Беларусь пачаўся фактычна пасьля пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе. Як расказала юрыстка Кацярына Рашэўская, у той час вялікую ролю ў вывазе ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі адыгрывала менавіта Беларуская праваслаўная царква, якая зьяўляецца часткай Расейскай праваслаўнай царквы.

«Тады гэта былі «паломніцкія» паездкі. Пасьля першага туру ў 2016 годзе нават ня ўсе дзеці вярнуліся на акупаваныя тэрыторыі. Мы ня можам пацьвердзіць, ці былі ў іх бацькі, ці затрымаліся яны на тэрыторыі іншай дзяржавы разам з законным прадстаўніком, але факт застаецца фактам», — кажа Кацярына Рашэўская.

Аляксей Талай
Аляксей Талай

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне вывазам дзяцей заняўся былы беларускі паралімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай.

На гэты момант дзейнасьць Талая расьсьледуецца паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны за парушэньне законаў і звычаяў вайны. За незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў ці пажыцьцёвае зьняволеньне.

Свабода патэлефанавала кіраўніку спраў «Дабрачыннага фонду Аляксея Талая» Ўладзімеру Казбанаву, каб спытаць наконт абвінавачаньняў.

«З улікам таго, як сябе паводзіць тая супольнасьць, якую вы агучылі, то, у прынцыпе, асабіста я да гэтага стаўлюся пазытыўна і лічу гэта вялікай і добрай ацэнкай», — адказаў Казбанаў.

Фонд ня бачыць патрэбы зьвяртацца да ўкраінскіх уладаў з просьбай аб дазволе на выезд дзяцей, якія ня маюць бацькоўскай апекі.

«Пры чым тут украінская ўлада? Якое яна мае дачыненьне пасьля фашысцкага перавароту?» — адказаў Свабодзе Ўладзімер Казбанаў.

Дзьмітры Шаўцоў
Дзьмітры Шаўцоў

Акрамя «Фонду Талая», вялікую ролю ў каардынацыі выездаў адыгрывае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, а менавіта яго кіраўнік Дзьмітры Шаўцоў.

Летась Шаўцоў прыяжджаў на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласьці ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, дэ-факта ён прызнаў арганізацыю саўдзельніцай у вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Празь нежаданьне беларускай арганізацыі адправіць Шаўцова ў адстаўку Міжнародная фэдэрацыя прыпыніла сяброўства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і пазбавіла яго фінансаваньня.

Пэрспэктывы

Відавочна, беларускія ўлады плянуюць працягваць вывозіць да сябе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Па словах Талая, ён мае намер прывезьці групу дзяцей з Херсонскай вобласьці. Раней акупацыйныя ўлады разам зь беларускімі чыноўнікамі вывозілі іх з Данецкай і Луганскай абласьцей, а пазьней — і з Запароскай.

У плянах праўладнага актывіста таксама стварыць «рэабілітацыйны цэнтар» для ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый. Мяркуецца, што ён будзе ў сядзібе вялікіх князёў дома Раманавых у аграгарадку Старабарысаў Менскай вобласьці. Грошы на фінансаваньне «цэнтру» Талай спадзяецца ўзяць ад уладаў расейскіх рэгіёнаў.

Калі на Ўладзіміра Пуціна і яго ўпаўнаважаную ў правах дзіцяці Марыю Львову-Бялову ўжо выдалі ордэр на арышт за незаконную дэпартацыю дзяцей, то ў дачыненьні да беларускіх саўдзельнікаў цяпер ідзе праверка.

У траўні мінулага году ўлады Ўкраіны распачалі крымінальную справу па факце «прымусовай перавозкі/дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данецкай, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у прыватнасьці ў Беларусь. У той жа час «НАУ» перадало доказы гэтага злачынства ў Міжнародны крымінальны суд, каб прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку і яго саўдзельнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG