Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы марскімі бесьпілётнікамі патапілі яшчэ адзін расейскі карабель ля анэксаванага Крыму


Расейскі патрульны карабель «Сяргей Котаў» пасьля спуску на ваду ў 2021 годзе. Архіўнае фота
Расейскі патрульны карабель «Сяргей Котаў» пасьля спуску на ваду ў 2021 годзе. Архіўнае фота

Акупацыйныя ўрады Крыму спынілі рух па Крымскім мосьце, калі пачаліся абстрэлы. Яго працу аднавілі толькі раніцай.

У ноч на 5 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў расейскі патрульны карабель «Сергей Котов», які быў у порце Керчы.

Пра гэта паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Ёсьць загінулыя і параненыя. Аднак ёсьць імавернасьць, што частка экіпажу магла эвакуавацца. Прынамсі, вядома пра больш чым дзесяць машын хуткай дапамогі, выкліканыя праціўнікам на бліжэйшым участку сушы. Гэта значыць апэрацыя дзеля эвакуацыі ўсё ж была праведзеная», — сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў.

Паводле яго, расейскі карабель, які ноччу атакавалі ўкраінскія выведнікі, раней удзельнічаў у нападзе на востраў Зьмяіны, таксама на ім плянавалася зьмясьціць зэнітныя ракетныя комплексы.

Пазьней украінская вайсковая выведка паведаміла, што ў выніку 7 расейскіх вайскоўцаў з экіпажу загінулі і 6 атрымалі раненьні. Астатніх 58 чальцоў экіпажу, імаверна, змаглі эвакуаваць.

Раней аб страце яшчэ аднаго карабля Чарнаморскага флёту Расеі паведамілі расейскія тэлеграм-каналы. Улады Расеі традыцыйна не камэнтуюць такіх фактаў.

Акупацыйныя ўрады Крыму спынілі рух па Крымскім мосьце, калі пачаліся абстрэлы. Яго працу аднавілі толькі раніцай.

Украінскія тэлеграм-каналы зьвярнулі ўвагу, што савецкі вайсковы марак Сяргей Котаў, у гонар якога быў названы патрульны карабель, памёр у Феадосіі.

Карабель «Сергей Котов» спусьцілі на ваду ў канцы студзеня 2021 году, ягоны кошт ацэньвалі ў 6 мільярдаў расейскіх рублёў (каля 65 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

Як Ўкраіна зьнішчала расейскія караблі

У ноч на 14 лютага ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».

У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу «Group 13» Галоўнага ўпраўленьня выведкі зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.

  • 4 жніўня 2022 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.
  • Летась 13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі бухты ў Севастопалі пашкоджаныяатрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
  • 22 верасьня 2023 году стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штабу Чарнаморскага флёту РФ. Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопалю, каб абараніць іх ад украінскіх атак. Аднак гэта не ўратавала флёт ад наступных украінскіх атак.
  • 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які быў недалёка ад Севастопалю, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.
  • 10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх былі браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.
  • У сьнежні ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новочеркасск».
  • 12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».
  • У пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG