Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся зьвесткі пра схемы пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну пасьля пачатку вайны. Згадваецца і Беларусь


Каляж
Каляж

Згодна з тэхнічным рэглямэнтам, ухваленым ва Ўкраіне пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, увоз паліва зь Беларусі і Расеі, а таксама юрыдычнымі асобамі з гэтых краін, забаронены.

Стала вядома, як украінскія кампаніі пастаўлялі паліва з Латвіі і Эстоніі пад выглядам літоўскага, але, як вынікае з апублікаваных ва Ўкраіне судовых рашэньняў, яно магло быць расейскай ці беларускай вытворчасьці. Мытныя дакумэнты рыхтавалі замежныя партнэры ўкраінскіх кампаній, але пацярпелі менавіта атрымальнікі, а не прадаўцы прадукцыі.

За падробленыя сэртыфікаты ўкраінцы атрымалі вялікія штрафы

Адзін з раённых судоў Кіева аштрафаваў кіраўніка ўкраінскай ТАА «ЮМА Трейд» на 1 042 664 грыўні за парушэньне мытных правілаў увозу для рэалізацыі на тэрыторыі Ўкраіны дызэльнага паліва.

Паводле ўкраінскай Энэргетычнай мытні, з 29 сьнежня 2022 да 4 студзеня 2023 году з Эстоніі ва Ўкраіну кампанія «Юма Трейд» перамясьціла 50,3 тоны дызэльнага паліва. Афармленьне ажыцьцяўлялася на падставе сэртыфікату якасьці літоўскай кампаніі Orlen Lietuva. Аднак потым высьветлілася, што такога сэртыфікату літоўскае прадпрыемства не выдавала.

У Дзяржаўнай мытнай службе Ўкраіны прыйшлі да высновы, што літоўскі сэртыфікат выкарысталі, каб утаіць паходжаньне нафтапрадуктаў, вырабленых, у прыватнасьці, у Расеі.

Усе наступныя пастаўкі таксама ажыцьцяўляліся на падставе літоўскіх сэртыфікатаў. Паводле мытных дакумэнтаў, якія ёсьць у адкрытым доступе толькі з 29 сьнежня 2022 году да 1 сакавіка 2023 году, кампанія ўвезла амаль 300 тон дызэльнага паліва невядомага паходжаньня зь невядомымі фізыка-хімічнымі характарыстыкамі на падставе дакумэнту, «атрыманага незаконным шляхам». За кожную такую пастаўку дырэктара ўкраінскага прадпрыемства штрафавалі на суму, роўную 50% кошту нафтапрадуктаў.

Orlen Lietuva (Mažeikių nafta) – адна з найбольшых нафтавых кампаній Літвы. У гэтую групу ўваходзіць Мажэйкяйскі НПЗ, Буцінгскі тэрмінал і Біржайскі нафтаправод. 100 % акцый Orlen Lietuva належыць польскай кампаніі PKN Orlen. Афіцыйнае фота
Orlen Lietuva (Mažeikių nafta) – адна з найбольшых нафтавых кампаній Літвы. У гэтую групу ўваходзіць Мажэйкяйскі НПЗ, Буцінгскі тэрмінал і Біржайскі нафтаправод. 100 % акцый Orlen Lietuva належыць польскай кампаніі PKN Orlen. Афіцыйнае фота

Што вядома пра ўкраінскага пакупніка

Кампанія «Юма Трейд» з статутным капіталам у 10 тысяч грыўняў (крыху больш за 250 даляраў у эквіваленце) працуе на ўкраінскім рынку з 7 чэрвеня 2018 году. Першапачаткова яна была зарэгістраваная ў Луцку, але з 2021 году яе юрыдычны адрас «перамясьціўся» ў Кіеў. Зьмяніўся і дырэктар кампаніі.

Асноўны від дзейнасьці ТАА — гуртовы гандаль садавіной і гароднінай. У той жа час статут кампаніі прадугледжвае шэраг іншых кірункаў, у тым ліку вырошчваньне ягад і арэхаў, кансэрваваньне садавіны і гародніны, гуртовы гандаль мясам і рыбай, дзейнасьць у сфэры права, рэклямная дзейнасьць, а таксама гуртовы і раздробны гандаль цьвёрдым, вадкім, газападобным палівам і падобнымі прадуктамі.

Між эстонскім і латвійскім партамі нафтапрадукты перавозілі танкерамі. Ілюстрацыйнае фота
Між эстонскім і латвійскім партамі нафтапрадукты перавозілі танкерамі. Ілюстрацыйнае фота

У 2021 годзе, за год да вайны, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, даход кампаніі складаў 18 031 300 грыўняў (464,8 тысячы даляраў у эквіваленце). Пасьля пачатку вайны ён павялічыўся амаль удвая — да 39 146 200 грыўняў (больш за 1 мільён даляраў), а ў 2023-м — да 46 690 900 грыўняў (больш за 1,2 мільёна даляраў). Чысты прыбытак павялічыўся з 441 000 грыўняў (крыху больш за 11 тысяч даляраў) у 2021-м да 1 775 500 грыўняў (45 тысяч даляраў) у 2022-м. У 2023 годзе чысты прыбытак зноў зьнізіўся — да 234 600 грыўняў (прыблізна 6 тысяч даляраў). Пры гэтым колькасьць супрацоўнікаў у кампаніі скарацілася з шасьці ў 2021 да двух у 2023 годзе.

Імаверна, у 2023 годзе дзейнасьць кампаніі пачала скарачацца менавіта праз судовыя працэсы, зьвязаныя з выкарыстаньнем фальшывых сэртыфікатаў на нафтапрадукты. Цяпер у судовым рэестры знаходзяцца 42 рашэньні, якія датычаць парушэньняў мытных правілаў гэтай кампаніяй.

Што вядома пра эстонскага партнэра ўкраінскай кампаніі

Эстонская кампанія OÜ Tehenergoimpex працуе з 2004 году. Яна зарэгістраваная ў невялікім пасёлку Віймсі павету Хар’юмаа (у ім пражывае 2492 чалавекі). Гуртовы продаж цьвёрдага, вадкага і газападобнага паліва — яе асноўны від дзейнасьці, але нафтапрадукты на прадпрыемстве не вырабляюцца. У кампаніі працуюць два чалавекі.

Як і ў выпадку з украінскай ТАА «Юма Трейд», гандлёвы абарот эстонскай кампаніі павялічыўся адразу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну: з 5760 эўра ў першым квартале 2022 году адразу да 2 237 087 эўра ў другім квартале гэтага году. У ліпені—верасьні 2022-га абарот павялічыўся да рэкордных 3 363 380 эўра, а потым стаў пакрысе зьмяншацца.

У кастрычніку—сьнежні 2022 году абарот складаў 1 800 677 эўра, у студзені—сакавіку 2023-га — 1 864 886 эўра, 345 077 эўра ў красавіку—чэрвені 2023-га, 434 458 эўра ў ліпені—верасьні 2023-га, і, урэшце, 147 261 эўра ў кастрычніку—сьнежні 2023 году. Пэрыяд рэзкага падзеньня абароту супаў з часам, калі ўкраінская мытная служба пачала разьбірацца з дакумэнтацыяй, на падставе якой дызэльнае паліва з Эстоніі пастаўлялася ва Ўкраіну, і вырашыла праверыць на сапраўднасьць сэртыфікаты, якія сьведчылі, што дызэльнае паліва мела літоўскае паходжаньне.

З краін Балтыі нафтапрадукты перавозілі на грузавых аўтамабілях. Ілюстрацыйнае фота
З краін Балтыі нафтапрадукты перавозілі на грузавых аўтамабілях. Ілюстрацыйнае фота

Свабода накіравала запыт у эстонскую кампанію з просьбай паведаміць, адкуль паходзіць дызэльнае паліва, якое тая пастаўляла ва Ўкраіну, і як адбываецца яе супраца зь Беларусьсю. Аднак цягам двух тыдняў прадстаўнікі кампаніі не адказалі.

У некаторых судовых рашэньнях, якія ёсьць у адкрытым доступе, кампанія тлумачыла, што паліва набывалася законна, але дэталяў не ўдакладняла.

Пастаўкамі нафтапрадуктаў з краін Балтыі займаліся малыя і вялікія кампаніі

У першыя месяцы вайны, калі Расея зьнішчала ракетамі найперш аб’екты інфраструктуры і нафтаперапрацоўкі, ва Ўкраіне ўзьнік паліўны крызіс. Найгорш сытуацыя склалася на рынку дызэльнага паліва, якое ў першую чаргу пачалі адпраўляць на вайсковыя патрэбы. Цывільны сэктар, у тым ліку і прамысловыя прадпрыемствы, сутыкнуўся з дэфіцытам.

Ва Ўкраіне (найчасьцей у памежных зь Беларусьсю абласьцях) пачалі стварацца невялікія кампаніі, якія займаліся ня толькі гуртовым гандлем, а і пасярэдніцкай дзейнасьцю на рынку паліва, іншыя пачалі тэрмінова пераарыентоўваць сваю сфэру дзейнасьці.

У Ровенскай вобласьці зьявілася ТАА «Пронафта», у Днепрапятроўскай — ТАА «Крайнлайт», у Цярнопальскай — ТАА «Джі Ті Оіл», у Львоўскай — ТАА «Вест Ойл Газ Трейдінг» і «Карпатська паливна компанія». Пастаўляць нафтапрадукты пачалі сотні ўкраінскіх кампаній, у тым ліку і негаліновыя, такія як, напрыклад, Антонаўскі мясакамбінат, які ніколі не займаўся пастаўкамі нафтапрадуктаў, або «Перший український сільскогосподарський кооператив», асноўны від дзейнасьці якога — гандаль збожжам.

Усяго ва Ўкраіне зарэгістравана амаль 14 тысяч прадпрыемстваў, асноўны від дзейнасьці якіх — гуртовы гандаль нафтапрадуктамі.

Найчасьцей яны куплялі паліва ў пасярэдніцкіх кампаній Літвы, Латвіі, Эстоніі і Кіпру, якія ніколі не займаліся нафтаперапрацоўкай.

Сэртыфікаты літоўскай Orlen выкарыстоўвалі ўсе пасярэднікі

Сярод найчасьцейшых партнэраў украінскіх кампаній — швайцарская Panamax Swiss Group SARL з сваім латвійскім прадстаўніцтвам, кіпрскія Prolux Enterprises LTD, Balticpetroleum LTD, літоўскія UAB Korteka, UAB Ekoenergija, UВ VIADA LT, UAB Naftos dujos, латвійскія LSEZ SIA V.Biluka komercfirma «EVIJA», SIA Euro Energo Company, Fortat SIA, эстонскія AdNext OU Ltd, Venkon Group OU, OÜ Tehenergoimpex.

Пункт пропуску «Шэгіні — Мэдыка» на польска-ўкраінскай мяжы, празь які нафтапрадукты з краін Балтыі перавозіліся ва Ўкраіну
Пункт пропуску «Шэгіні — Мэдыка» на польска-ўкраінскай мяжы, празь які нафтапрадукты з краін Балтыі перавозіліся ва Ўкраіну

Урэшце ва Ўкраіне пачалі правяраць сэртыфікаты паходжаньня, на падставе якіх былі аформленыя сотні мытных дэклярацый. Гэта пачалося, калі ад прадстаўніцтва Orlen Lietuva ва Ўкраіне прыйшоў ліст, што пастаўшчыкі паліва маглі махляваць, падаючы падробленыя сэртыфікаты якасьці з мэтай утойваньня паходжаньня нафтапрадуктаў, вырабленых у Расеі ці Беларусі.

Згодна з тэхнічным рэглямэнтам, ухваленым ва Ўкраіне пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, увоз паліва зь Беларусі і Расеі, а таксама юрыдычнымі асобамі з гэтых краін, забаронены. Паводле экспэртыз, пра якія згадваецца ў судовых рашэньнях, фізыка-хімічныя паказчыкі тавару не адпавядалі заяўленым у мытных дакумэнтах. Аднак у судовых рашэньнях паходжаньне нафтапрадуктаў не канкрэтызавана.

Як вынікае з шэрагу рашэньняў украінскіх судоў, кампанія Orlen Lietuva ведала пра выкарыстаньне яе фальшывых сэртыфікатаў, але ці зьвярталася яна па расьсьледаваньне ў праваахоўныя органы Літвы, невядома. На пытаньні Свабоды кампанія не адказала (паводле літоўскага заканадаўства прыватныя ці камэрцыйныя кампаніі ня маюць абавязку рэагаваць на запыты СМІ. — РС).

Перамяшчэньнем паліва ў марскія парты Балтыі займаліся кіпрскія кампаніі, адна зь іх — Balticpetroleum LTD — зарэгістраваная ў Лімасоле (Кіпр) на грамадзяніна Латвіі Армандса Садаўскаса. Паводле латвійскіх СМІ, ён кантраляваў і нафтавыя тэрміналы, на якіх рыхтаваліся мытныя дакумэнты. Калі ў Латвіі высьветлілі такі шлях паставак паліва з Расеі, у кампаніях пачалі сьцьвярджаць, што яны ажыцьцяўляліся паводле ранейшых кантрактаў, а пасьля — з Казахстану (Беларусь у 2022–2024 гадах актывізавала пастаўкі гатовых нафтапрадуктаў у Казахстан. — РС).

У Латвіі крымінальных спраў за выкарыстаньне падробленых сэртыфікатаў не заводзілі, але мытня пэўны час праводзіла іх праверку.

Ва ўсіх выпадках паліва дастаўлялі па моры з эстонскага порту Мууга ў Рыскі порт Латвіі, дзе яно захоўвалася і афармлялася на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны SIA Pars Terminals. Для перамяшчэньня выкарыстоўвалі танкеры як расейскія, так і пад сьцягамі іншых краін, у тым ліку Мальты. У Рыскім порце нафтапрадукты перагружалася ў бэнзавозы ці аўтамабільныя цыстэрны, якія перавозілі ўжо ва Ўкраіну па аўтамабільных дарогах.

Порт у Санкт-Пецярбургу, празь які ўлады Беларусі наладзілі пастаўку падсанкцыйнай прадукцыі. Афіцыйнае фота
Порт у Санкт-Пецярбургу, празь які ўлады Беларусі наладзілі пастаўку падсанкцыйнай прадукцыі. Афіцыйнае фота

Вядома, напрыклад, што танкер Manas (ходзіць пад сьцягам Мальты, але ягоны ўласьнік знаходзіцца ў Нідэрляндах. — РС), які займаўся перамяшчэньнем нафтапрадуктаў з Эстоніі ў Латвію, у 2021 годзе як мінімум тры разы заходзіў у порт Санкт-Пецярбургу, які ўлады Беларусі пачалі выкарыстоўваць для экспарту падсанкцыйнай беларускай прадукцыі.

У Эстонію нафтапрадукты дастаўляліся па чыгунцы, але з 1 студзеня 2023 году дзяржаўнае прадпрыемства Operail заявіла аб спыненьні такіх перавозак.

«З 1 студзеня 2023 году Operail не перавозіць грузы з Расеі і Беларусі, але мы працягваем перавозіць грузы зь іншых краін праз Расею і Беларусь», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG