Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Беларусь, дэфіцыт снарадаў, мабілізацыю. Асноўнае з новага інтэрвію Зяленскага


Уладзімір Зяленскі, 5 красавіка 2024
Уладзімір Зяленскі, 5 красавіка 2024

Зь Беларусі мы пакуль ня бачым пагроз, але вораг павінен ведаць, што будзе супраціў, — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію ўкраінскаму тэлемаратону.

«Расіяне на тэрыторыі Беларусі павінны ведаць, што тут ёсьць абарончыя рубяжы, і тут будзе войска. Так, тут будзе тры магутныя лініі абароны і тут маецца войска. Яны павінны ведаць, што тут маюцца і «зубы дракона», і супрацьтанкавыя равы.

Яны гэта павінны ведаць. Сакрэтаў няма. Дзякуючы сучаснай тэхніцы ў іх і так гэта ўсё ёсьць. Але гэта хаваць ня трэба. Яны павінны ведаць, што будзе супраціў. А нашыя людзі на Чарнігаўшчыне павінны ведаць, што тут будзе абарона. Зь Беларусі мы пакуль ня бачым ніякіх плянаў, пагроз і магутнасьцяў», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Запасаў СПА можа не хапіць ужо празь месяц пры высокай інтэнсіўнасьці абстрэлаў

«Ёсьць моманты, калі можа спрацаваць толькі Patriot ці аналяг. І тут нам даводзіцца абіраць — які аб’ект абараніць, гэты горад ці іншы горад. Сёньняшняя інтэнсіўнасьць расейцаў дастаткова высокая, запас СПА ў нас на сёньня ёсьць, але мы павінны думаць пра тое, што будзе заўтра. Заўтра інтэнсіўнасьць можа працягнуцца — і нам ня будзе хапаць», — сказаў ён у інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам.

Паводле Зяленскага, Украіна пачала самастойна закупляць снарады для сыстэм СПА, бо міжнароднай дапамогі недастаткова, улічваючы інтэнсіўнасьць абстрэлаў.

Таксама, паводле яго, Украіне сёлета перададуць толькі 10% ад абяцаных F-16. Пры гэтым яны змогуць працаваць у зьвязку з СПА, сказаў прэзыдэнт Украіны.

«Інфармацыйныя дывэрсіі Расеі з нагоды мабілізацыі спрацавалі ва Ўкраіне, гэта вялікая пагроза»

«Цяпер толькі дурныя людзі думаюць пра ўласныя рэйтынгі. Ніякіх рэйтынгаў няма. Ёсьць адзін толькі прыярытэт — Украіна. Калі мы не захаваем Украіну, ні ў каго з тых ці іншых палітыкаў ня будзе ніякай будучыні. Зноў-такі, расейская прапаганда ў гэтым напрамку спрацавала «І яны ўзьнялі пытаньне мабілізацыі. Яны зразумелі адчувальнасьць гэтага пытаньня, паднялі яго ва ўкраінскім грамадзтве і на Захадзе. І яно спрацавала. Гэтае пытаньне пачало падзяляць грамадзтва на тых, хто за, на тых, хто супраць. На вайскоўцаў і цывільных. Гэта вялікая памылка.»

Паводле яго, дэпутаты павінны не чакаць аплядысмэнтаў свайму папулізму і прагаласаваць за працоўны закон пра мабілізацыю.

Зяленскі адзначыў, што галоўнае, што расейцам удалося — «узьняць пытаньне, што ў нас людзі не гатовыя далей абараняць дзяржаву».

«Яны ўзьнялі пытаньне на Захадзе так, што сёньня Захад пытаецца ў нас, чаму мы ня хочам мабілізацыі, чаму парлямэнт ня хоча галасаваць, і для чаго нам тады дапамога? Гэта галоўны акцэнт, які быў у дэзынфармацыйнай праграме расіян. І яшчэ раз, на жаль, падкрэсьлю, на жаль, але гэта расейцам удалося зрабіць. Гэтую памылку трэба выправіць», — сказаў Зяленскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG