Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страта расейскага рынку, дэфіцыт кадраў, адсутнасьць інавацыйных ідэй. Лукашэнка прызнаў праблемы ў эканоміцы


Нарада аб стане і задачах разьвіцьця прамысловасьці, 9 красавіка 2024. Афіцыйнае фота
Нарада аб стане і задачах разьвіцьця прамысловасьці, 9 красавіка 2024. Афіцыйнае фота

З 27 тысяч вакансій у перапрацоўчай прамысловасьці Беларусі 85 адсоткаў (23 тысячы) складаюць рабочыя спэцыяльнасьці.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб складанасьцях разьвіцьця прамысловага сэктару эканомікі ва ўмовах міжнародных санкцый і выезду спэцыялістаў за межы Беларусі.

Дэфіцыт кадраў

На нарадзе аб стане і задачах разьвіцьця прамысловасьці Лукашэнка сярод іншага заявіў, што цяпер існуе праблема не падрыхтоўкі кадраў, а іх «павальнага дэфіцыту», асабліва рабочых.

Сярод шляхоў вырашэньня праблемы Лукашэнка прапанаваў папоўніць дэфіцыт кадраў за кошт «патрыятычна настроеных» пэнсіянэраў.
На думку Лукашэнкі, сярод іх «ёсьць шмат актыўных людзей, якія жадаюць працаваць».

Паводле яго, з 27 тысяч вакансій у перапрацоўчай прамысловасьці 85 адсоткаў (23 тысячы) складаюць рабочыя спэцыяльнасьці. Найбольш запатрабаваныя сьлесары, кіроўцы, станочнікі, зваршчыкі.

На МАЗе нястача работнікаў складае 13%, на Менскім маторным заводзе не хапае сьлесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфавальнікаў і фрэзэравальнікаў.

«Пры гэтым амаль упэўнены, што адміністрацыйна-кіраўнічы пэрсанал у вас разадзьмуты. Напрыклад, на МТЗ толькі маркетынгавая служба 100 чалавек, а паўгадавы запас на складах няма куды дзяваць», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.

Адсутнасьць якасьці і страта расейскага рынку

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што беларуская прадукцыя ў сваіх цэнах ня можа канкураваць з кітайскай прадукцыяй, таму яе якасьць неабходна павялічыць да японскай.

«Трэба браць выключнай якасьцю прадукцыі і забесьпячэньнем неабходнага для спажыўца сэрвісу. Мы павінны выйсьці прыкладна на японскі ўзровень якасьці. Задача — замацавацца і павялічыць частку рынку. А калі будзем бяздумна гнацца за мінімальнай цаной, страцім ня толькі якасьць канчатковай прадукцыі, але і вытворчасьць уласнай кампанэнтнай базы», — мяркуе ён.

Паводле яго, пасьля ўвядзеньня санкцый беларускія прадпрыемствы пачалі пераарыентоўвацца на рынак Расеі і краін СНД, аднак у традыцыйных відах прадукцыі адбываецца страта і расейскага рынку.

«Мне дакладваюць, што сёньня айчынная прадукцыя саступае аналягам як у цане, так і ў якасьці. У цэнах яшчэ можна патлумачыць. Але чаму ў якасьці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18%. Частка нашых трактароў у расейскім імпарце зьнізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігодзьдзе 10,5%, грузавых аўтамабіляў — до 6%», — паведаміў ён.

Аналягічныя праблемы мае і завод «Атлант», экспарт прадукцыі якога скараціўся амаль у два разы. «Што перашкаджае прадаваць прадукцыю? Кітай, Індыя і іншыя — дык вы прывыкайце да канкурэнцыі. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Дайшлі да таго, што сыстэматычна людзей адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. Мы страчваем рынак. Чаму?», — запытаў Лукашэнка.

Адсутнасьць ідэй у стварэньні інавацыйных вытворчасьцяў

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асноўныя праекты мадэрнізацыі адбываюцца на прамысловых гігантах, якія захаваліся з савецкіх часоў — МАЗ, МТЗ, БелАЗ.

«Гэта добра, але нам неабходна стварыць абсалютна новыя, перадавыя вытворчасьці, якія выпускаюць інавацыйныя прадукты», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна ўзмацніць інтэграцыю вытворчасьці з навукай і выкарыстоўваць магчымасьці праграм «саюзнай дзяржавы».

Пра новыя рынкі

Лукашэнка таксама абурыўся адсутнасьцю дзейнасьці ў разьвіцьці іншых рынкаў збыту, асабліва ў краінах Афрыкі, зь якімі ён правёў перамовы навышэйшым узроўні.

«Чаму пасьля ўсіх праведзеных перамоў на найвышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінэяй? Відавочна ж, трэба ісьці далей, пашыраць супрацу. І разумець, што наша стратэгічная задача — стварэньне супольных зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі ў апорных краінах. Ключавая мэта сёньня — дывэрсыфікацыя экспарту», — заявіў ён.

Паводле яго, неабходна стварыць умовы для ўстойлівай дзейнасьці эканомікі, незалежна ад санкцый, бо канкурэнты «б’юць санкцыямі» менавіта па крытычных пазыцыях.

«Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых вонкавых фактараў — яшчэ адна задача для ўсіх», — заявіў Лукашэнка.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG