Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША асудзілі бацькоў падлетка, які страляў у школе. Гэта першы падобны выпадак


Ітан Крамблі на судзе, 8 сьнежня 2023 году
Ітан Крамблі на судзе, 8 сьнежня 2023 году

Сам падлетак, 15-гадовы Ітан Крамблі, раней атрымаў пажыцьцёвы тэрмін.

У ЗША бацькоў падлетка, які застрэліў чацьвярых аднаклясьнікаў, 9 красавіка асудзілі да пазбаўленьня волі на 10 гадоў кожнага, далей іх могуць вызваліць умоўна-датэрмінова або працягнуць тэрмін зьняволеньня.

Судзьдзя ў штаце Мічыган выказаў шкадаваньне наконт страчаных магчымасьцяў, якія маглі б перашкодзіць сыну-падлетку завалодаць зброяй, паведамляе Associated Press.

«Гэтыя прысуды не зьвязаныя з дрэнным выхаваньнем дзяцей», — заявіла судзьдзя акругі Окленд Шэрыл Мэцьюз. — Гэтыя абвінаваўчыя вэрдыкты пацьвярджаюць неаднаразовыя дзеяньні ці бязьдзейнасьць, якія маглі б прадухіліць злачынства».

Гэта першы выпадак у ЗША, калі за падобнае злачынства пакаралі бацькоў стралка, піша CNN.

Бацькі падлетка Джэніфэр і Джэймс Крамблі ня ведалі, што ў Ітана Крамблі быў пісталет у заплечніку, калі падвезьлі яго ў Оксфардзкую сярэднюю школу. Пракурорам, аднак, удалося пераканаць прысяжных у тым, што бацькі адыгралі катастрафічную ролю ва ўзброеным інцыдэнце.

Крамблі-старэйшага абвінавацілі ў тым, што не ўсачыў за зьнікненьнем з дому нядаўна набытага пісталета. Абодва бацькі паводзілі сябе абыякава да прыкметаў пагаршэньня псыхічнага здароўя сына Ітана.

Адвакаты абароны імкнуліся зьберагчы мужа і жонку Крамблі ад турмы, адзначаючы, што яны ўжо правялі ў турме амаль 2,5 гады пасьля таго, як не выплацілі заклад у памеры 500 тысяч даляраў пасьля арышту.

Ім будзе залічаны час турэмнага зьняволеньня. У выніку прымяненьня практыкі так званага нявызначанага прысуду яны атрымаюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля 10 год зьняволеньня. Калі ў вызваленьні з турмы будзе адмоўлена, іх могуць затрымаць у турме на тэрмін да 15 гадоў.

30 лістапада 2021 году іх сын выцягнуў з заплечніка пісталет і пачаў страляць, забіўшы чатырох вучняў школы ў прыгарадзе Дэтройта і параніўшы яшчэ сем чалавек.

Па выніках суду Ітан Крамблі атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне за напад на сярэднюю школу Оксфарда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG