Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы Дуда заклікаў Захад узбройвацца, каб стрымаць расейскую агрэсію


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што сытуацыя ва Ўкраіне вельмі складаная і заходнім саюзьнікам неабходна як мага хутчэй вырашыць праблемы з пастаўкамі боепрыпасаў.

Паводле слоў Анджэя Дуды ў інтэрвію літоўскаму тэлеканалу LRT, Эўропа таксама павінна ўзбройвацца, бо толькі правільная падрыхтоўка да вайны можа стрымаць расейскую агрэсію.

«Наша мэта — не вайна, а пазьбяганьне вайны», — сказаў ён.

Сытуацыя ва Ўкраіне вельмі складаная, заявіў Дуда. Ён падкрэсьліў, што заўсёды гаварыў на міжнароднай арэне пра патрэбу Ўкраіны ў дапамозе Захаду — сталай і несканчонай. Цяпер Украіна больш за ўсё мае патрэбу ў вайсковым рыштунку, адзначыў Дуда.

Паводле яго, у пытаньні боепрыпасаў у першую чаргу трэба разгледзець сытуацыю ў Эўропе і ў сьвеце.

«Скажам наўпрост: боепрыпасаў, якія ёсьць у краінах NATO, аказалася зусім недастаткова. Я хацеў бы адзначыць, што ў найбліжэйшай будучыні Расея зможа вырабляць больш за 2 мільёны артылерыйскіх снарадаў у год. Уся Эўропа разам з ЗША павінна аб’яднаць намаганьні, каб вырабляць больш снарадаў, асабліва артылерыйскіх. Гэта неабходна для таго, каб гарантаваць нашу бясьпеку. Калі NATO сапраўды хоча дабіцца стрымліваньня патэнцыйнага нападу, яна павінна вырабляць больш за 2 мільёны снарадаў у год», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.

Паводле ягоных слоў, цяпер у Эўропе ствараюцца заводы вайсковага рыштунку, адзін зь іх — у Румыніі.

«Украіне тэрмінова патрэбная дапамога. На шчасьце, узьнікаюць розныя ініцыятывы. Гэтая прапанова Чэхіі, да якой далучылася Польшча. Мы хочам, каб Украіна атрымала зброю як мага хутчэй», — заявіў прэзыдэнт Польшчы.

Раней Дуда заявіў, што Расея можа напасьці на NATO ўжо ў 2026 годзе.

«Ёсьць такая прымаўка: „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“. Рыхтавацца да вайны — значыць станавіцца мацнейшым, разьвіваць сваю абарону, быць напорыстым. Менавіта так можна ўтрымаць агрэсара ад патэнцыйнага нападу. Менавіта гэтага я зычу Польшчы. Я таксама заклікаю нашых саюзьнікаў па NATO падзяліць гэтую ідэю. Менавіта таму мы абвяшчаем аб павелічэньні выдаткаў на абарону да 3% ВУП замест ранейшых 2%. Мы разумеем, што мусім рыхтавацца да вайны і павялічваць наш вайсковы патэнцыял. Гэта дазволіць нам мець большы патэнцыял стрымліваньня, каб ня стаць ахвярай. Гэта наша галоўная мэта. Наша мэта — не вайна, а яе прадухіленьне».

Жорсткая палітыка нарошчваньня абараназдольнасьці на Захадзе павінна быць выкарыстана супраць расейскага імпэрыялізму, які аднаўляецца сёньня, адзначыў Дуда. На ягоную думку, гэта самая важная задача ў краінах Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, а таксама ў Цэнтральнай Эўропе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG