Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Міндоўга да Менску 90-х. Расказваем, у якіх кампутарных гульнях згадваецца Беларусь і яе гісторыя


BELARUS - Tales of Meadows computer game
BELARUS - Tales of Meadows computer game

Разьвіць ВКЛ ад княжаньня Міндоўга, вызваліць Менск ад акупацыі, пабудаваць бульбяную фэрму… Сабралі кампутарныя гульні, зьвязаныя з Беларусьсю і яе гісторыяй.

4 красавіка выйшла расейская гульня «Смута», якая абышлася ў больш як 5 мільёнаў даляраў. Гэта гульня пра так званы «смутны час» у Расеі ў 1612 годзе. Геймэры ж праект не ацанілі. Паводле водгукаў, там багата «багаў»: можна ісьці па дне рэчкі, прымітыўныя сыстэма бою, нецікавыя дыялёгі ды іншыя праблемы.

Свабода паглядзела, ці плянуюцца нейкія гульні пра Беларусь і ў якіх гульнях Беларусь ці яе гісторыя згадваецца.

Што плянуецца

Гульня ў Тураўскім княстве

Tales of Meadows — гульня па гісторыі Тураўскага княства часоў Сярэднявечча, якую анансавала каманда беларускіх распрацоўнікаў.

«Вы рыцар Філіп, сын графа Турава. Бацька быў выкрадзены бандай разбойнікаў, якія патрабуюць выкуп за яго жыцьцё. Філіп вырашае адправіцца на пошукі бацькі і высачыць зламысьнікаў. Ваша мэта — вызваліць бацьку і пакараць выкрадальнікаў. Ваш шлях ляжыць празь сярэднявечны горад Тураў, які славіцца сваёй гісторыяй, архітэктурай і таямніцамі. Гулец можа дасьледаваць горад, мець зносіны з жыхарамі, даведвацца цікавыя факты і легенды, выконваць розныя заданьні і ўдзельнічаць у бітвах. Вы таксама можаце знайсьці саюзьнікаў і ворагаў, якія дапамогуць ці перашкодзяць вам у вашай місіі», — апісваюць распрацоўнікі сюжэт гульні.

Падзеі па задумцы аўтараў адбываюцца ў сярэднявеччы. Гэта RPG ад першай асобы з адкрытым, але не вельмі вялікім сьветам: Тураў і ваколіцы. Рэліз плянаваўся сёлета.

Што ўжо ёсьць

Апэрыцыя «Багратыён»

Гэта гульня ад беларускага распрацоўніка Wargaming.net выйшла ў сьнежні 2008 году. Стратэгія ў рэальным часе расказвае аб аднайменнай вайсковай апэрацыі часоў Другой усясьветнай вайны. Асноўныя падзеі разгортваюцца на тэрыторыі Беларусі, гуляць можна як за савецкія войскі, так і за вэрмахт.

Гульня «Апэрыцыя „Багратыён“»
Гульня «Апэрыцыя „Багратыён“»

Blitzkrieg 2: Fall of the Reich

Яшчэ адна гульня на тэму Другой усясьветнай вайны, але ад расейскай студый Nival Interactive і Arise. Яна выйшла ў 2006 годзе. Зноў стратэгія аб вызваленьні Беларусі. Фінальная місія — вызваленьне Менску. Можна знайсьці некаторыя пазнавальныя для менчукоў і іншых беларусаў аб’екты: Парк імя Горкага, Опэрны тэатар.

Гульня Blitzkrieg 2: Fall of the Reich
Гульня Blitzkrieg 2: Fall of the Reich

Europa Universalis IV

Глябальная гістарычная стратэгія, дзе можна гуляць амаль за любую дзяржаву, якая існавала з 1444 па 1821 год. Праект выйшаў у 2013 годзе. Тут можна гуляць за ВКЛ ці Рэч Паспалітую, стварыць Полацкае і Смаленскае княствы. Мэты — разьвіваць сваю дзяржаву, займацца палітыкай, разьвіваць эканоміку.

Гульня Europa Universalis IV
Гульня Europa Universalis IV

Medieval 2: Total War — Kingdoms

Гэта частка сэрыі глябальных пакрокавых стратэгій, прысьвечаная Сярэднявеччу. Тут ёсьць як элемэнты глябальнага разьвіцьця (эканоміка, навука, дыпляматыя), так і баі ў рэальным часе і кіраваньне сваімі войскамі падчас бою.

У дадатку да гульні Kingdoms існуе цэлая кампанія за Вялікае Княства Літоўскае. Пачынаецца ўсё з 1250 году, князь — рэальная гістарычная асоба, Міндоўг. Асноўная мэта — ня даць захапіць сябе суседзям: Тэўтонскаму ордэну, Масковіі, Залатой Ардзе.

Казакі

Легендарная стратэгія ад украінскай студыі GSC Game World аб Эўропе XVII–XVIII стагодзьдзяў. Вы выбіраеце нацыю, будуеце гарады, удзельнічаеце ў маштабных баталіях. Тут можна гуляць як за Рэч Паспалітую, так і за Запароскую Сеч. Таксама ў дапаўненьні «Зноў вайна» прысутнічае сюжэтная лінія Рэчы Паспалітай.

«Mount & Blade. Агнём і мячом»

Гэта ролевая гульня ад украінскай студыі «СичЪ». У аснове сюжэту гульні ляжыць аднайменны гістарычны раман Генрыка Сянкевіча. Галоўнаму герою давядзецца выбраць: гуляць за Польшчу, Запароскую Сеч, Крымскае ханства, Масковію, Швэцыю. Усё адбываецца ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя.

«Mount & Blade»
«Mount & Blade»

Калі гуляць за Польшчу, давядзецца дапамагчы шляхце Рэчы Паспалітай аб’яднацца і вызваліць краіну ад швэдзкай акупацыі.

Можна нават падняць паўстаньне пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла і захапіць трон.

Civilization VI

Шостая частка легендарнай глябальнай стратэгіі, дзе вы разьвіваеце сваю краіну. У гэтай частцы ёсьць кампанія за Польшчу, якую ўзначаліла каралева Ядвіга. Краіну давядзецца ратаваць ад Тэўтонскага ордэну і туркаў-асманаў. Тут жа сярод баявых адзінак можна выбраць крылатых гусараў.

Ёсьць і сюрпрыз — існуе мадыфікацыя гульні, якая ўводзіць у сюжэт Republic of Belarus. Гэтая мадыфікацыя дадае і шэраг унікальных збудаваньняў — бульбяная фэрма, лядовы палац, Нацыянальная бібліятэка. А таксама ўнікальных байцоў — партызанаў. Кіруе Republic of Belarus Лукашэнка.

Менск

Гульня 1998 году напісаная адмыслоўцамі зь Беларусі. Псэўданімы аўтараў — Gildur, Morfin і Forion. Гэта тэкставая хадзілка: вы тэкставы сымбаль, які перамяшчаецеся паміж трыма лякацыямі: сярод іх бар, клюб «Рэактар» і Дом ураду. Ваш галоўны герой Лявон мусіць пазбавіць Менск ад гопнікаў і скінгэдаў. Гэтая сатырычная гульня, бадай што, першая, якая цалкам выйшла на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG