Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плэйлісты на школьных выпускных у Беларусі паставілі на кантроль


Беларускія выпускнікі. Архіўнае фота 2019 году
Беларускія выпускнікі. Архіўнае фота 2019 году

Як паведамілі выданьню «Люстэрка» чытачы, у некаторых школах 11-клясьнікаў просяць не выкарыстоўваць песьні на замежнай мове падчас выпускных.

Для дыскатэк такой забароны няма, але плэйліст «будзе пад татальным кантролем». Чыноўнікі кажуць, што «чорнага сьпісу выканаўцаў» няма, але «калі будуць нейкія нюансы, вас падкарэктуюць».

Паводле Натальлі, сын якой заканчвае адну са школ Горадні, калі дзеці рыхтавалі танец да канцэрту падчас афіцыйнай часткі выпускнога, музыку да яе на замежнай мове забаранілі:

«Адразу казалі, калі пераклад (чытай, сэнс) нармальны, хутчэй за ўсё, праблем ня ўзьнікне. Але потым кампазыцыю на ангельскай мове браць забаранілі. Чаму? Сказалі: „Палітычныя рознагалосьсі“».

Паводле жанчыны, дзецям сказалі, што песьні на расейскай мове таксама дазволеныя ня ўсе. Як зразумеў сын Натальлі, забарона тычылася выканаўцаў, якія асудзілі вайну.

Па словах маці, на дыскатэцы, якая пройдзе пасьля афіцыйнай часткі, замежныя песьні ўключаць можна, аднак плэйліст будзе «пад татальным кантролем» завуча.

Сыну Валянціны, які заканчвае 11 клясу адной зь менскіх школ, сказалі, што песьні на ангельскай мове для танца выкарыстоўваць можна, але іх тэкст трэба перакласьці на расейскую і прынесьці на ўзгадненьне завучу.

Плэйліст на дыскатэку «чакае строгі кантроль»: узгадняць яго будуць у гарвыканкаме, папярэдзіла бацькоў агранізатарка выпускнога. Паводле яе, ёсьць «чорны сьпіс артыстаў» (як замежных, так і беларускіх і расейскіх), творчасьць якіх не павінна гучаць на грамадзкіх дыскатэках, у караоке, школах. У песьнях таксама не павінна быць нічога пра гвалт, аднаполае каханьне, наркотыкі.

На гарачай лініі Міністэрства культуры журналістцы «Люстэрка» адказалі, што няма «ніякага чорнага сьпісу» для дыскатэк выпускнікоў пасьля афіцыйных мерапрыемстваў, але «калі будуць нейкія нюансы, вас проста падкарэктуюць». Карэкціроўкі, паводле спэцыяліста «гарачай лініі», уносяць у мясцовым упраўленьні або аддзеле культуры.

Ва ўпраўленьні культуры Гарадзенскага аблвыканкама на пытаньне, чаму ў школе не дазволілі паставіць танец на выпускны пад замежную песьню, адказалі, што «гэта імпартазамяшчэньне» і што «аддаецца перавага нашым творам — рускамоўным, беларускамоўным». Што да абмежаваньняў па выбары музыкі для дыскатэкі, там адказалі, што «па дыскатэках усё ня так сур’ёзна, але зноў жа слухайце нашу музыку» і зноў патлумачылі гэта «праграмай імпартазамяшчэньня».

«Дакладна прапісаных твораў ніякіх няма. Перавага аддаецца рускамоўным і беларускамоўным кампазыцыям», — дадаў спэцыяліст аддзелу культурна-масавай і асьветніцкай работы, мастацтва і ўстановаў адукацыі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Паводле яго, песьні для дыскатэкі трэба паказаць завучу па выхаваўчай працы, які «будзе ведаць», якія крытэрыі ёсьць да кампазыцый і выканаўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG