Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм беларускі Мары Тамковіч трапіў у праграму нью-ёрскага фэстывалю, заснаванага Робэртам Дэ Ніра


Мара Тамковіч, архіўнае фота
Мара Тамковіч, архіўнае фота

Фільм «Пад шэрым небам» беларускай рэжысэркі Мары Тамковіч, натхнёны постацямі і гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, быў адабраны ў міжнародны конкурс вядомага нью-ёрскага фэстывалю Tribeca, паведамляе Reform.news.

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» быў адабраны ў конкурс «Найлепшы замежны гульнявы фільм» з сотні прэтэндэнтаў з усяго сьвету. Зь ім у сэкцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысэраў з Харватыі, Швэцыі, Бразыліі, Сынгапуру, Нямеччыны ды іншых краін.

«Бязь сьціпласьці скажу, што трапіць у праграму такога фэсту — гэта посьпех», — пракамэнтавала навіну Reform.news рэжысэрка Мара Тамковіч.

Фільм «Пад шэрым небам» вырас з папярэдняй кароткамэтражнай стужкі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Ён быў зьняты за 15 дзён, у ім зьняліся акторы, якія былі задзейнічаныя ў «У жывым эфіры», у першую чаргу Аляксандра Вайцяховіч. Ігара Ільяша будзе іграць Валянцін Навапольскі. Бюджэт стужкі вельмі сьціплы па мерках эўрапейскага кіно — 1 мільён злотых (каля 245,5 тысячы даляраў), на 90% яна была прафінансаваная Польскім інстытутам кіно.

«Для мяне вялікая радасьць, што беларуская гісторыя адгукаецца людзям, здавалася б, вельмі далёкім ад праблемаў і справаў нашага рэгіёну», — кажа Мара Тамковіч.

У анатацыі на сайце форуму адзначаецца, што фільм апавядае пра пару беларускіх журналістаў, якія намагаюцца захаваць сябе і адно аднога пад ціскам рэпрэсіяў пасьля 2020 году, але Мара Тамковіч кажа, што для яе карціна стала таксама «спробай зразумець што адбываецца зь Беларусьсю, усімі намі пасьля 2020 году», а таксама «спробай знайсьці надзею, падавалася б, у безнадзейным».

Tribeca Film Festival быў заснаваны ў 2002 годзе Робэртам Дэ Ніра, Джэйн Розенталь і Крэйгам Хаткофам у якасьці рэакцыі кінематаграфістаў на тэракты 11 верасьня 2001 году з мэтай аднаўленьня дзелавой і сацыяльнай актыўнасьці найбольш пацярпелага Ніжняга Манхэтэна і, у прыватнасьці, раёна Трайбэка. Яго галоўнай місіяй заяўлена «неабходнасьць пераасэнсаваньня кінематаграфістамі іх уплыву на грамадзкую сьвядомасьць і папулярызацыю незалежнага кіно». Сёлета фэстываль пройдзе з 5 па 16 чэрвеня.

Пасьля прэм’еры ў Нью-Ёрку «Пад шэрым небам» у верасьні будзе паказаны на польскім фэстывалі ігравога кіно ў Гдыні. Далей прадусары карціны будуць шукаць іншыя фэстывальныя пляцоўкі, на якіх карціну змогуць паглядзець гледачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG