Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астап Сьлівінскі: «Мова таксама па-свойму супрацьстаіць рэальнасьці вайны»


«Словник війни»
«Словник війни»

Мова і вайна, інтэлігенцыя і вайна. Пра гэта і ня толькі — новая кніга ўкраінскага пісьменьніка Астапа Сьлівінскага «Слоўнік вайны». За год яна ўжо выдадзеная па-нямецку, па-польску, па-славацку, па-японску — і нядаўна ў перакладзе Ірыны Герасімовіч выйшла па-беларуску.

Свабода пагаварыла з аўтарам пра зьмены значэньня словаў у часе вайны, пра тое, што адбываецца ў выніку прывыканьня да яе, пра грэх забойства, а таксама пра нязломнасьць украінскае мовы і яе супраціў агрэсіі.

«Вайна выпальвае ўсё ўнутры, чалавек пачынае функцыянаваць, як мэханізм»

— «Слоўнік вайны» — даволі нечаканая кніга пра рэаліі вайны, пра тое, што адбываецца зь людзьмі падчас такіх выпрабаваньняў. Як узьнікла ідэя гэтай кнігі?

— Мне якраз здаецца, што яна чаканая. Што можа быць больш чаканым у часе вайны, чым расповеды пра тое, як яна руйнуе жыцьці людзей, іхныя сем’і, дамы? Але згаджуся, што канкрэтныя рэчы, пра якія гавораць мае суразмоўцы, могуць здацца людзям, якія ня ведаюць вайны зь сярэдзіны, досыць неспадзяванымі. Я, спатыкаючыся зь людзьмі і ўрэшце сам па-свойму перажываючы вайну, пачынаў лепей яе разумець. Напрыклад, чаму ў чалавека, які ўсё страціў, зьяўляецца такая бязьлітаснасьць (пра гэта гаворыць адна з маіх гераінь). І гэта не ад нейкай прыроджанай бяздушнасьці ці жорсткасьці — проста вайна выпальвае ўсё ўнутры, чалавек пачынае функцыянаваць, як мэханізм. Або наадварот, калі найдрабнейшыя рэчы, як бутэлечка шампуню ці ключы ў кішэні, могуць чалавека расчуліць да сьлёз. Яны нагадваюць пра штосьці страчанае.

Ідэя кнігі ўзьнікла сама сабою. Гэта была нават не ідэя, а рэфлекс, які палягаў у запамінаньні, а потым запісваньні таго, што я чуў навокал у першыя месяцы нападу. Я разумеў, што гэта ня можа быць страчаным. Магчыма, пра «ідэю» можна гаварыць на этапе, калі я пачаў шукаць форму, з дапамогай якой можна было арганізаваць гэты матэрыял. І тады ў мяне ўзьнікла думка пра слоўнік, бо шмат гісторый датычыліся таго, як мы па-іншаму пачынаем трактаваць некаторыя паняткі. Акрамя гэтага, форма слоўніка вельмі дэмакратычная, яна ставіць усе расповеды ў аднолькавыя ўмовы, у слоўніку няма больш ці менш важных словаў.

«Мае героі — мае суаўтары»

— Ва ўступе да кнігі вы пішаце, што яе аўтарам зьяўляецеся ня вы, а «людзі, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы і выправіцца ў невядомае, валянтэры і мэдыкі, вайскоўцы, грамадзкія актывісты і мастакі: вельмі розныя, але аб’яднаныя супольным перажываньнем і адзіным парывам людзі, у жыцьці якіх зьявілася вайна». Як вы выбіралі сваіх суаўтараў?

— Уласна, ніяк не выбіраў. Яны самі зьявіліся на маім гарызонце. Я сустракаў іх, калі валянтэрыў на вакзале, у часовых прыстанішчах для перасяленцаў, у іншых месцах. Але трэба было разьдзяліць суразмоўцаў і суаўтараў. Калі я пачаў друкаваць першыя ўрыўкі размоваў на сваёй старонцы ў ФБ, мне пачалі пісаць людзі, знаёмыя і незнаёмыя, якія хацелі падзяліцца сваімі гісторыямі. Вядома, я ня мог ім адмовіць. І яны пачалі прысылаць мне свае аповеды, частка зь якіх потым увайшла ў «Слоўнік». Гэтыя людзі сталі суаўтарамі, якіх каля дваццаці. Усе яны згаданыя ў кнізе, з усімі я падтрымліваю кантакты. А вось з суразмоўцамі, зь якімі я размаўляў толькі некалькі хвілінаў і потым ужо ніколі не сустракаўся, я не заўсёды маю кантакт. Ведаю толькі іх імёны і месцы, зь якіх яны прыехалі, пра што я абавязкова пытаўся.

«Вясельле», «Грыб», «Дом», «Ежа», «Какава», «Жыцьцё» і многія іншыя аповеды ўспрымаюцца, на першы погляд, як кароткія гісторыі аб простых, будзённых рэчах. А часам нават вясёлыя, як у аповедзе «Душ», аўтар якога кажа: «Падчас шквальных абстрэлаў прымаць душ ня раю. Страчваецца ўвесь смак гэтай працэдуры. Пастаянна назаляе думка: «Калі зараз накрыюць, так і застануся ахвярай вайны з намыленым голым азадкам». Дасьціпна, але ўзьнікае пытаньне: няўжо вайна для вашых герояў стала ўжо звыклай рэччу?

— Мы часта гаворым, што баімся звыкнуцца з вайною. Але што гэта значыць? Ці яно азначае, што мы «прывыкнем» да вайны і перастанем чыніць супраціў? Ня думаю. Бо гэта як «прывыкнуць дыхаць» і забыцца, што трэба дыхаць. Мне здаецца, што ў тым, каб «прывыкнуць» да вайны, ёсьць нават нешта пазытыўнае: мы не дазваляем, каб агрэсар, акупант пастаянна шакаваў нас, выводзіў з раўнавагі, бо тое слабая пазыцыя. Умець валодаць сабой нават у найстрашнейшай сытуацыі магчыма. Гэта і ёсьць «прывыкнуць» да вайны. У «Слоўніку» ёсьць адна гераіня, якая кажа, што не дазволіць, каб агрэсар краў яе час, час яе жыцьця, бо гэта адзінае, што ў яе засталося. Жыць, хаця б час ад часу атрымліваць задавальненьне ад жыцьця, жартаваць — гэта таксама вельмі важная форма супраціву. Адчуваньне шчасьця — гэта тое, чаго яны нас хочуць пазбавіць.

«Для вайскоўца пытаньне „граху“ ня можа паўставаць падчас выкананьня баявога заданьня»

— Вашы героі ў сваёй пераважнай большасьці не вайскоўцы, а людзі мірных прафэсій, якія пайшлі бараніць свае сем’і, хаты, любімых коцікаў і прыгожыя кветкі. Яны вымушаны забіваць акупантаў, бо тыя нішчаць самае дарагое і любімае. Перад некаторымі паўстае пытаньне пра грэх. Надзвычай ёміста і красамоўна гаворыць пра гэта герой маленькага апавяданьня «Куля»: «Ня ведаю, ці ўзяў я грэх на душу. Проста цэлюся і страляю, але пры гэтым заплюшчваю вочы. Ці забіла каго мая куля, ці не, можна толькі здагадвацца». А які ваш адказ на гэтае пытаньне?

— Вось гэты прыклад — дужа добрая водпаведзь усім тым, хто ўсьлед за расейскай прапагандай называе ўкраінцаў нейкімі «мілітарыстамі», бо яны, маўляў, ня хочуць мірных перамоваў, ім абы ваяваць. Магчыма, ва ўкраінскім войску ёсьць і такія (пераважна надта маладыя «тэстастэронавыя» хлопцы), але такіх дакладна няшмат. Большасьць — гэта людзі, якія пайшлі ваяваць праз абсалютную неабходнасьць і яшчэ не адчуваюць сябе вайскоўцамі, не набылі гэтай новай ідэнтычнасьці. Я нядаўна меў цікавую размову са знаёмым, які ваюе. Ён сказаў мне: там, на фронце, мы праграмісты, інжынэры, фэрмэры, артысты, хто заўгодна. Прафэсійных вайскоўцаў з профільнай вайсковаю адукацыяй мала. Кожны прыйшоў з цывільнага жыцьця зь якімсьці сваім жыцьцёвым бэкграўндам, каб выконваць свой абавязак перад краінаю, сям’ёю, блізкімі і вярнуцца, як пашчасьціць. «Гэта тут, у горадзе, калі ходзім сярод цывільных ва ўніформе, мы ёсьць вайскоўцамі». Таму тое, што мы бачым у гэтай гісторыі, з пункту гледжаньня вайскоўца гучыць непрафэсійна, несур’ёзна. Для вайскоўца пытаньне «граху» ня можа стаяць падчас выкананьня баявога заданьня. Але калі ўсьвядоміць, што перад намі цывільны чалавек, які ў сілу абставінаў мусіў узяць у рукі зброю, то ўсё становіцца зразумелым.

«Мову адбудаваць найцяжэй...»

— Чытаючы ваш верш, якім адкрываецца кніга, міжволі ўспамінаецца біблійны выраз пра тое, што спачатку было Слова. «А потым нам яшчэ давядзецца адбудоўваць мову. /Каб сьвечка перастала быць акопнаю, /каб птушка зноўку ўвабралася ў пер’е, /каб кветкі перасталі плявацца агнём. /Каб падвал зноў зрабіўся жытлом салодкага варэньня і бульбы вусатай. /Каб цяпло зрабілася цёплым, не патыхаючы „цеплікам“, як нашым дзядам аддавала „цяплушкай“. /Мову адбудаваць найцяжэй...» І далей — пра страчаныя і перайначаныя сэнсы даваенных словаў. Якія, па-вашаму, словы ўкраінскае мовы пасьля перамогі ніколі ўжо ня ўвойдуць у «Слоўнік міру»? А якія народзяцца і ўпрыгожаць яго?

— Надта цяжка гаварыць пра «ніколі»... Сапраўды, ёсьць шмат словаў, якія зьмянілі сваё значэньне і якія мы вельмі доўга ня зможам ужываць без дрыготкі. Напрыклад, слова «буча» ва ўкраінскай мове азначае «сварка», «сутычка», «бязладзьдзе». Але цяпер яно асацыюецца толькі з горадам, у якім расейцы ўчынілі крывавую разьню. Да таго пра Бучу ня ўсе ведалі нават ва Ўкраіне — маленькае мястэчка пад Кіевам... Звычайнае, агульнае, «мірнае» значэньне гэтага слова памерла. Альбо вось зусім нядаўна знаёмая прызналася: хацела напісаць у размове «усё выгарыць» у сэнсе «усё ўдасца», «усё складзецца». І не змагла. Такіх словаў стала шмат. Яны ўсе — траўмы мовы і, як і ўсе траўмы, з часам загояцца. Ёсьць такія словы, якія прыйшлі зь мінулага і, спадзяюся, туды ж і пойдуць, калі зноў стануць непатрэбнымі. Такія, як розныя «гаўляйтэры», «фільтрацыйныя лягеры»... Але ёсьць і такія, якія набылі вельмі важныя значэньні, сталі агульнаўжыванымі і ўвыразьнілі сваю сэмантыку — і такія, думаю, будуць з намі надоўга. Мне падабаецца, што Ўзброеныя сілы ўсё часьцей (здаецца, ужо афіцыйна) сталі называцца Сіламі абароны, што замест «салдат» ці «вайсковец» кажуць «абаронца», што ўзьнікаюць такія тэрміны, як «пункт нязломнасьці» (спэцыяльна абсталяванае месца, у якім людзі ў разе патрэбы могуць пагрэцца ці зарадзіць тэлефоны). Усё гэта таксама пра нязломнасьць мовы, якая па-свойму супрацьстаіць рэальнасьці вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG