Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: стрыманы адказ Ізраілю на ракетную атаку Ірану можа паўплываць на ўзровень эскаляцыі канфлікту


Авіябаза іранскай арміі ў Ісфахане, архіўнае фота
Авіябаза іранскай арміі ў Ісфахане, архіўнае фота

Меркаваны ваенны адказ Ізраілю раніцай 19 красавіка аказаўся абмежаваны па маштабе.

Ізраіль паабяцаў прымусіць Іран заплаціць за беспрэцэдэнтную ракетную атаку Тэгерана 13 красавіка.

Тэгеран заявіў, што зьбіў тры дроны-квадракоптары над цэнтрам гораду Ісфахан, дзе разьмешчаны ключавыя вайсковыя і ядзерныя аб’екты. Неназваныя афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што Ізраіль выкарыстаў у атацы і ракеты.

Экспэрты заявілі ў інтэрвію Радыё Фарда (Радыё Свабода), што выкарыстаньне невялікіх дронаў, ня здольных пераадольваць вялікія адлегласьці, дазваляе выказаць здагадку, што атаку ажыцьцявілі з тэрыторыі Ірану.

Ізраіль ня ўзяў на сябе адказнасьць за напад на Ісфахан. Але экспэрты сьцьвярджаюць, што меркаваная рэакцыя Ізраілю — выразны сыгнал для Тэгерану.

Старшы навуковы супрацоўнік ізраільскага Інстытуту дасьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі Раз Зімт лічыць, што выкарыстаньне Ізраілем дронаў, калі гэта пацьвердзіцца, сьведчыць, што яго мэтай было «паказаць уразьлівасьць іранскіх сіл бясьпекі» на іх уласнай тэрыторыі.

Зімт дадаў, што напад не пазбаўлены рызыкі, але з усіх варыянтаў, даступных Ізраілю, ён, магчыма, быў найменш рызыкоўны.

«Ізраіль ня ўзяў на сябе адказнасьць, і я, вядома, спадзяюся, што ня возьме. На гэтым этапе адмаўленьне жыцьцёва важнае для зьніжэньня рызыкі, таму што... гэта ўскладніць, але ня зробіць немагчымым адказ іранцаў», — сказаў ён.

Агенцтва Reuters працытавала неназванага іранскага чыноўніка, які заявіў, што Тэгеран «не плянуе неадкладна нанесьці ўдар у адказ».

Ізраіль абвінавачваюць у тым, што раней ён атакаваў вайсковыя абʼекты ў Ісфахане з дапамогай невялікіх дронаў. У студзені 2023 году пацярпеў вайсковы завод. Праз тры месяцы Іран заявіў, што перадухіліў атаку бесьпілётніка на комплекс Міністэрства абароны ў Ісфахане.

Старшы навуковы супрацоўнік Вашынгтонскага інстытуту блізкаўсходняй палітыкі Фарзін Надымі расказаў Радыё Фарда (Радыё Свабода), што, калі за атакай у Ісфахане стаяў Ізраіль, яе ажыцьцявілі такім чынам, каб яна «мела найменшую рызыку адплаты з боку Ірану».

Напад Ірану 13 красавіка стаў адказам на магчымы паветраны ўдар Ізраілю па комплексе іранскага пасольства ў Дамаску 1 красавіка, у выніку якога загінулі сем іранскіх камандзіраў, у тым ліку два генэралы.

Тэгеран заявіў, што ягоны напад паказаў, што ўсталявалася «новая раўнавага» і што Іран не дазволіць, каб ізраільскія ўдары па іранскіх інтарэсах за мяжой засталіся без адказу. Але ў той жа дзень, калі адбылася атака ў Ісфахане, Ізраіль абвінавацілі ў нападзе на сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў Сырыі. Гэтая краіна — ключавы хаўрусьнік Тэгерану, там прысутнічаюць значныя сілы іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Раз Зімт мяркуе, што Ізраіль хацеў даць зразумець, што, «па-першае, мы нанесьлі ўдар у адказ, а па-другое, мы атакавалі ў Сырыі, а ня толькі ў Іране, а гэта азначае, што мы не гатовыя прыняць гэтую так званую „новую раўнавагу“, якую іранцы спрабуюць нам навязаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG