Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі суд завочна прыгаварыў прэсавага сакратара Meta Эндзі Стоўна да 6 гадоў калёніі ў справе аб «апраўданьні тэрарызму»


Эндзі Стоўн
Эндзі Стоўн

Другі Заходні акруговы вайсковы суд РФ завочна прыгаварыў Эндзі Стоўна, прэсавага сакратара кампаніі Meta, якой належаць сацсеткі Facebook і Instagram, да шасьці гадоў калёніі агульнага рэжыму ў справе аб «апраўданьні тэрарызму» (частка 2 артыкула 280 КК РФ).

Пра гэта паведамляюць «Медиазона» і ТАСС.

Раней дзяржаўнае абвінавачваньне прасіла прысудзіць Стоўну сем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Першапачаткова Стоўна абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК РФ: «садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці», «публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці» і «публічнае апраўданьне тэрарызму ці прапаганда тэрарызму». Але пры вынясеньні прысуду пакараньне яму прызначылі толькі па апошнім артыкуле.

У лютым 2024 году Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў Стоўна на два месяцы. Тады ж Расфінманіторынг унёс яго ў сьпіс «экстрэмістаў і тэрарыстаў».

У лістападзе 2023 года МУС РФ абвясьціла Стоўна ў фэдэральны і міжнародны вышук. Паводле дадзеных «Медиазоны», Стоўна завочна перасьледуюць паводле артыкула аб садзейнічаньні тэрарызму (частка 2 артыкула 205.1 КК РФ). Стоўн ніколі ня быў у Расеі і не гаворыць па-расейску.

У мінулым годзе Сьледчы камітэт абвінаваціў Стоўна ў садзейнічаньні тэрарыстычнай дзейнасьці з выкарыстаньнем свайго службовага становішча (ч. 2 арт. 205.1 КК). Агенцтва ТАСС, паведамляючы пра гэта, дадало, што максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

11 сакавіка 2022 году Сьледчы камітэт РФ распачаў супраць Meta крымінальную справу па гэтым артыкуле за рашэньне кампаніі не блякаваць украінскіх карыстальнікаў за допісы, якія заклікаюць да «сьмерці расейскіх захопнікаў». Пра рашэньне абвясьціў менавіта Стоўн як прэсавы сакратар кампаніі.

«Мы часова зрабілі дапушчальнымі формы палітычнага выказваньня, якія ў звычайнай сытуацыі парушалі б нашыя правілы, у тым ліку рыторыку з жорсткасьцю, як напрыклад „Сьмерць расейскім захопнікам“. Мы ня будзем дазваляць заклікі да гвалту супраць цывільных асобаў Расеі», — заявіў ён.

Тады ж расейскія ўлады заблякавалі Facebook і Instagram, якія належаць кампаніі Meta, а саму Meta прызналі «экстрэмісцкай» арганізацыяй.

У Беларусі ані Facebook, ані Instagram не заблякаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG