Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі ў Менску пройдзе разьвітаньне з загінулым у ЗША беларускім хакеістам Кальцовым


Канстанцін Кальцоў. Архіўнае фота
Канстанцін Кальцоў. Архіўнае фота

Канстанцін Кальцоў памёр у Маямі 18 сакавіка, яму было 42 гады. Яго цела крэмавалі ў Амэрыцы.

Цырымонія разьвітаньня са знакамітым беларускім хакеістам Канстанцінам Кальцовым адбудзецца 27 красавіка ў будынку Крытага катка парку ім. М. Горкага ў Менску з 10:00 да 12:00, паведаміла Фэдэрацыя хакею Беларусі.

Месца пахаваньня парэштак Кальцова пакуль не вядомае.

Выхаванец менскага «Юнацтва» Канстанцін Кальцоў памёр у Маямі 18 сакавіка ва ўзросьце 42 гадоў. Трагедыя здарылася ў гатэлі, дзе спыніўся беларус. Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Маямі, меркаваная прычына сьмерці — самагубства, «падазрэньняў наконт гвалтоўнага характару сьмерці няма». Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава адзначыла, што гэта можа быць пасьпешлівай высновай, і выказала думку, што гэта быў няшчасны выпадак.

Кальцоў памёр празь дзень пасьля звальненьня з уфімскага «Салавата Юлаева», у якім ён працаваў памочнікам трэнэра.

28 студзеня 2003 году Канстанцін Кальцоў дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. Ён стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, перад ім былі Аляксандар Андрыеўскі, Алег Мікульчык, Уладзімер Цыплакоў і Руслан Салей.

За акіянам ён выступаў за аўтарытэтны клюб «Пітсбург Пінгвінз» разам з такімі легендамі хакею, як Марыё Лем’ё, Марцін Страка, Аляксей Кавалёў, Рэндзі Робітайл і Сідні Кросбі. Агулам за «пінгвінаў» Кальцоў будзе гуляць у 2002–2004 і 2005–2006, правядзе за іх 144 гульні, адзначыцца 12 шайбамі і 26 перадачамі.

Затым у Кальцова ў кар’еры будуць расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завершыць карʼеру ён у 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам у тым жа менскім «Дынама», «Берасьці», маладачанскім «Дынама», у расейскіх «Спартаку» (Масква) і «Салавату Юлаеву» (Уфа).

18 сакавіка стала вядома, што беларус пакіне Ўфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кальцову прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне пра сьмерць Кальцова ў Маямі.

Кальцоў сустракаўся са знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне. Пасьля сьмерці хакеіста Арына Сабаленка заявіла, што яны ўжо «больш не былі разам»: «Сьмерць Косьці — неймаверная трагедыя. І, хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае», — пракамэнтавала тэнісістка ў сацсетках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG