Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўнутраных войсках стварылі яшчэ адзін атрад спэцназу. Дзе ён дысьлякуецца і колькі такіх атрадаў у Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. 5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня ў Мар'інай Горцы, ліпень 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. 5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня ў Мар'інай Горцы, ліпень 2020 году

У структуры ўнутраных войскаў МУС створаны ўжо 12-ы атрад спэцназу. Ён атрымаў назву «Гром». Атрад створаны на базе вайсковай часткі 6713, паведамляе БелТА.

Задачамі падразьдзяленьня стануць пошук і ліквідацыя незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведных груп, садзейнічаньне ў ахове дзяржаўнай мяжы, а таксама затрыманьне правапарушальнікаў сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Атрад будзе дысьлякавацца ў Магілёве і Бабруйску. У яго складзе будзе некалькі баявых груп, у тым ліку група прымяненьня і разьлікі агнявой падтрымкі. У атрадзе, сярод іншага, ёсьць снайпэры, кулямётчыкі, гранатамётчыкі. На ўзбраеньні атраду — некалькі відаў зброі, а таксама выведна-ўдарныя дроны.

  • Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, іх таксама прыцягвалі да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.
  • З канца 2022 году ў іх складзе актыўна ствараюцца новыя спэцпадразьдзяленьні. У лютым 2024 году ў Менску стварылі атрад «Граніт». У 2023 годзе зьявіліся «Рысь» і «Беркут» у Менску, «Шторм» у Берасьці, «Тайфун» у Горадні, «Буран» у Гомлі, «Цыклён» у Астраўцы, а таксама «Сьмерч» і «Гонар» зь ліку добраахвотнікаў і вэтэранаў.
  • Камэнтуючы стварэньне аднаго зь першых такіх атрадаў кіраўнік МУС Іван Кубракоў казаў, што ідэя іх стварэньня была выкліканая «сытуацыяй вакол Беларусі». «Аналізуючы студзеньскія падзеі ў Казахстане, вопыт правядзеньня спэцапэрацыі ва Ўкраіне, а таксама падзеі ў нашай краіне ў 2020 годзе, мы вырашылі нарошчваць свае баявыя магчымасьці шляхам стварэньня атрадаў спэцыяльнага прызначэньня», – заявіў Кубракоў.
  • Трэніроўкамі байцоў спэцатрадаў унутраных войскаў займаліся ў тым ліку баевікі расейскай ПВК «Вагнэр».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG